Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 2 лістапада
Расказваем галоўныя навіны краіны за сённяшні дзень.
Праваабаронцы паведамляюць, што палітыка і палітвязня Мікалая Статкевіча маглі зноў змясціць у ШІЗА. У нядаўнім лісце да жонкі Марыны Адамовіч ён паведамляў, што яго выклікалі на камісію за чарговыя «парушэнні».
Абвінавачаны ў «нападзе на Азаронка» Дзмітрый Сасноўскі на судзе заявіў пра катаванні і пра тое, што сілавікі самі ўцягнулі яго ў злачынства. Вязень сказаў таксама, што хоча адмовіцца ад беларускага грамадзянства.
КДБ прыйшоў у Акадэмію навук. Дапытаныя 44 супрацоўнікі розных інстытутаў і цэнтраў, затрыманыя як мінімум пяцёра з іх. Таксама праваабаронцы «Вясны» паведамляюць пра затрыманне ў Беларусі трох выкладчыкаў ЕГУ.
Пракурор запытаў для кіраўніка АГП Мікалая Казлова 2,5 гады калоніі. Для дзвюх астатніх фігурантак справы тэрміны меншыя: для Аксаны Аляксеевай запытана паўтара года зняволення, для Антаніны Канавалавай — год.
3 гады «хатняй хіміі» за ўздзел у пратэстах прысудзілі керамістцы Наталлі Карнеевай. Прысуд быў вынесены судом Заводскага раёна Мінска.
У Гродне затрымалі галоўнага інспектара працы аддзела нагляду за выкананнем заканадаўства аб працы Алега Салу. У «пакаяльным відэа» чыноўнік заяўляе, што быў падпісаны на «дэструктыўныя» каналы і галасаваў за Ціханоўскую.
У Крычаўскім раёне крымінальную справу завялі за павышаныя цэны на шыфер. Затрыманыя дырэктар кампаніі-вытворцы і два яго намеснікі.
Праваабаронцы «Вясны» на сённяшні дзень налічваюць у Беларусі 1355 палітзняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1684 чалавек, у тым ліку 198 жанчын і 7 непаўнагадовых.