Анатоль Лябедзька: Улада хоча, каб уся Беларусь трэслася ад страху

Лябедзька выказаўся пра сённяшнія прысуды лідарам АГП і заявіў: уладам не спадабалася, што ва ўмовах рэпрэсій партыя працуе.

ljabedzka_2.jpg

Пасля падзей 2020 года Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) «не сышла ў глухую абарону і не лягла на самазахаванне», заявіў былы старшыня партыі Анатоль Лябедзька.

Пра гэта ён сказаў у каментары «Позірку»:

— Мікалай Казлоў зведаў націск, турэмнае зняволенне. Выйшаў, не з'ехаў. Пачалі адкрывацца офісы АГП, туды пацягнуліся людзі. Старшыня планаваў 20 паездак па краіне.

Гэта, паводле ягонага меркавання, не спадабалася сілавікам, «якія думалі, што ўся Беларусь трасецца ад страху».

Лябедзька лічыць, што суд — «гэта сігнал ад улады ўсім: мы хочам, каб вас не было бачна, каб вы стаілі дыханне і не праяўлялі ніякай палітычнай актыўнасці».

Прысуды чальцам Аб'яднанай грамадзянскай партыі яе былы кіраўнік назваў «спланаванай спецаперацыяй».


Нагадаем, сёння, 3 лістапада, былі агучаны прысуды лідарам АГП: Антаніне Кавалёвай — адзін год калоніі, Аксане Аляксеевай — паўтара года калоніі, Мікалаю Казлову — два з паловай гады калоніі. Палітвязняў абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы Новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Паводле абвінавачання, Казлоў, Кавалёва і Аляксеева з 14:35 да 20:00 23 жніўня 2020 гоа «публічна выкрыквалі лозунгі, гучна пляскалі ў далоні, знаходзіліся на праезнай частцы, гэтым блакіравалі і перашкаджалі руху транспарту ў Мінску, у тым ліку гарадскога пасажырскага транспарту «Мінсктранса».

Суддзя Анастасія Кулік прызначыла палітзняволеным такія тэрміны, якія прасіла пракурорка Іна Зубко.