Напад на Азаронка спланавалі самі сілавікі. Абвінавачаны распавёў пра катаванні і не прызнаў віну

Дзмітрый Сасноўскі, абвінавачаны ў нападзе на Азаронка, распавёў у судзе, што сілавікі самі ўцягнулі яго ў злачынства, а затым катавалі дзеля атрымання прызнання. Мужчына плакаў, калі распавядаў пра гэта.

Затрыманне Сасноўскага, аператыўная здымка. Увесь «замах» на Азаронка ад пачатку да канца дакументаваўся сілавікамі, у тым ліку ўкаранёным у групу Гардзеевым

Затрыманне Сасноўскага, аператыўная здымка. Увесь «замах» на Азаронка ад пачатку да канца дакументаваўся сілавікамі, у тым ліку ўкаранёным у групу Гардзеевым

У Мінску набліжаецца да завяршэння суд над удзельнікамі «Атрадаў грамадзянскай самаабароны Беларусі» (АГСБ). На працэсе 2 лістапада даў паказанні Дзмітрый Сасноўскі, якога абвінавачваюць у нападзе на прапагандыста Рыгора Азаронка. Таксама былі агучаныя паказанні супрацоўніка КДБ, які з самага пачатку быў укаранёны ў «тэрарыстычную» групу. На судзе прысутнічаў Sputnik, піша прэс-служба БАЖ са спасылкай на «З*ркало».

Працэс пачаўся 19 кастрычніка. Па справе праходзяць пяць чалавек. Іх абвінавачваюць у тэрарызме: нібыта яны мелі намер падарваць вузел сувязі (расійскую вайсковую базу) у Вілейцы і знішчыць лесанарыхтоўчую тэхніку ў лясгасах, а яшчэ ўчынілі замах на Рыгора Азаронка. Іх куратарам следства лічыць Дзяніса Хромава (ён жа Хофман або Дзіс), які пражывае ў Германіі. АГСБ прызналі «тэрарыстычнай арганізацыяй» у жніўні 2021 года.

Рыгор Азаронак, які праходзіць па справе пацярпелым, не прыйшоў на працэс — суддзя зачытаў яго тлумачэнні аб тым, што ён не можа з'явіцца па прычыне камандзіроўкі.

У суд 2 лістапада выклікалі ў якасці сведкі аператыўнага супрацоўніка КДБ Аляксея Гардзеева, аднак ён таксама не з'явіўся — і таксама патлумачыў гэта камандзіроўкай. Таму былі абвешчаныя яго паказанні, якія ён даў падчас следства.


Згодна з матэрыяламі справы, Гардзееў быў укаранёны ў групу абвінавачаных чальцоў АГСБ. Да таго ён працаваў у КДБ тры гады і займаўся адсочваннем інфармацыі, што ўяўляла пагрозу нацбяспецы, уступаў у кантакт з тымі, хто хацеў здзейсніць тэракты або захапіць уладу. Каб укараніцца ў АГСБ, Гардзееў завёў акаўнты (відавочна, у сацсетках або мэсэнджарах) і стаў кантактаваць са «структурамі, якія планавалі тэракты». Пачаў перапісвацца з Дзянісам Хофманам, якога называе «заказчыкам тэрактаў».

У іх перапісцы, сцвярджае супрацоўнік КДБ, гаворка ішла пра выбухі ў Бярэзінскім лясгасе і на расійскай базе ў Вілейцы, а таксама пра тэракт супраць якога-небудзь супрацоўніка тэлебачання. Па словах Гардзеева, Хофман абраў Азаронка, таму што напад на яго ўскалыхнула б грамадства. Нібыта было вырашана выкрасці яго, вывезці ў лес, прымусіць яго адрачыся ад падтрымкі ўлады на фоне дзяржсцяга і адрэзаць Рыгору язык, але прыняць меры, каб ён застаўся жывы. Усё гэта, па словах аператыўніка, трэба было зняць на відэа і адправіць Хофману.

Паводле паказанняў Гардзеева, Хофман знайшоў чалавека з нікам Блэк Джэк, які пагадзіўся здзейсніць напад за 400 долараў. Аператыўнік і Блэк Джэк разам прыехалі да дома Азаронка, маючы з сабой «маскі, пісталет, патроны, электрашокер, скотч, абцугі — каб трымаць язык». На месцы іх затрымалі супрацоўнікі КДБ. Блэк Джэка Гардзееў ідэнтыфікаваў як Дзмітрыя Сасноўскага.

dmitriy_sosnovskiy2.jpg

Пасля абвяшчэння паказанняў агента КДБ выступіў і сам Дзмітрый Сасноўскі. Ён заявіў, што хоча адмовіцца ад беларускага грамадзянства. У злачынства супраць Азаронка яго ўцягнулі сілавікі падчас следчага эксперыменту, падкрэсліў Сасноўскі. Пасля затрымання, па словах Дзмітрыя, сілавікі ўжывалі да яго гвалт і катаванні, прымушалі напісаць прызнанне. Мужчына плакаў, калі распавядаў пра гэта.


Сасноўскі не прызнаў віну ў замаху на Азаронка. Ён распавёў, як яму прапаноўвалі ў гэтым паўдзельнічаць, і растлумачыў, што не апавясціў міліцыю аб падрыхтоўцы злачынства, бо баяўся, што сілавікі захочуць яго выкарыстоўваць як «жыўца», абвешаўшы жучкамі і адправіўшы на сустрэчу. Адзінае, што пацвердзіў мужчына, — што ў абмеркаванні прапаноўваў, каб Азаронак сам на камеру «чыкнуў сабе язык».

Сасноўскага таксама абвінавачваюць у стварэнні і вядзенні тэлеграм-канала «Гідра», прызнанага экстрэмісцкім. Гэты канал, як зачытаў суддзя, пісаў, што адказны за нейкі інцыдэнт з кактэйлямі Молатава ў Магілёве і іншыя падзеі, а таксама за сілавы захоп улады. Дзмітрый не прызнаў сябе вінаватым. Ён сказаў, што ў тэлеграм-канале пісаў ілжывыя паведамленні, каб адцягнуць увагу сілавікоў.

Таксама Дзмітрый не прызнаў віну ва ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі, незаконным нашэнні зброі, распальванні сацыяльнай варожасці.

Пераклад НЧ