«Было адчуванне, што гэта канец». Гісторыя лідчаніна, якога вінавацяць у замаху на Азаронка

Удзень 1 ліпеня лідчанін Дзмітрый Сасноўскі сеў у машыну і з’ехаў з дому. Праз нейкі час напісаў жонцы паведамленне, што паехаў па працы, вернецца заўтра. Але на сувязь так і не выйшаў, затое да сям’і прыйшлі з ператрусам.

photo_2021_10_26_13_24_43_logo.jpg


Толькі з сюжэта дзяржаўнага тэлебачання жонка даведалася, што Дзмітрыя затрымалі за спробу замаху на вядучага СТБ Рыгора Азаронка. «Новы Час» пагутарыў з Аксанай Сасноўскай і даведаўся, які настрой у Дзмітрыя, што чуваць па справе і як жыве сям’я, пакуль мужчына ў няволі.

Настроены на барацьбу

У справе асабліва ніякіх навінаў няма — адвакат пад падпіскай, таму Аксана не ведае, што там адбываецца. Вядома, што Дзмітрыя Сасноўскага падазраюць у тэрарызме, нейкія следчыя дзеянні з яго ўдзелам ідуць, але якія — таямніца нават для жонкі.  
— Усё, што мне перадаюць, — гэта яго эмацыйны стан, хварэе ён ці не, — распавядае Аксана.
Яна падтрымлівае сувязь з мужам праз лісты. Па іх жа яна ўгадвае настрой Дзмітрыя: бывае, калі ён на ўздыме, а бывае, калі паддаецца эмоцыям. Але агулам, гаворыць Аксана, ён настроены на барацьбу і рукі не апускае.
— Калі першы час у яго было адчуванне, што гэта канец, то цяпер ужо не, хоць часам ён, канечне, сумуе. Ён бачыў, што пра яго паказвалі па тэлевізары, пісаў мне, што ён невінаваты, і тое, што паказалі — гэта не тое, што было насамрэч. Ён вельмі за гэта перажываў — што падумаюць людзі, якія гэта ўбачаць, баяўся, што ўсе ў гэта павераць. Але я яго падтрымлівала, пісала, што ўсе, хто яго ведаюць, разумеюць, што ён не мог гэтага зрабіць, ён не тэрарыст, — гаворыць Аксана.
Лісты Дзмітрый атрымлівае толькі ад родных — жонкі, мамы і сястры. Аксана стараецца максімальна шырока распавядаць пра тое, што адбываецца на волі. Іншыя людзі спрабавалі яму пісаць, але карэспандэнцыю ад іх вязню не перадаюць.
— Але ён ведае, што не адзін, і гэта ўсяляе ў яго веру. На волі ў яго ёсць сэнс жыцця — сям’я, бацькі, дзіця, ён разумее, што тут нам вельмі патрэбны. З часам ён больш рацыянальна пачынае мысліць, хоць напачатку было вельмі цяжка.

«Ён вельмі мірны чалавек»

photo_2021_10_26_13_24_39_logo.jpg


Затрыманне Дзмітрыя стала для сям’і абсалютным шокам. Аксана ні пра што не здагадвалася, як раптам у дом уварваліся з ператрусам. Ніхто нічога не патлумачыў. Толькі пасля жанчына зайшла ў інтэрнэт і ўбачыла той самы сюжэт пра замах на Азаронка, дзе распавядалі пра яе мужа.
З таго дня прайшло ўжо амаль чатыры месяцы, і ўвесь гэты час Аксана задае сабе пытанне, як так атрымалася, але адказу пакуль не знайшла.
— Я не магу нават меркаваць, дзе гэта магло адбыцца, як. У мяне ёсць версія, што яго падставілі, але дзе і як — незразумела, бо нічога невядома.
Жанчына мяркуе, што ўся гэтая гісторыя была разыграная для таго, каб запалохаць людзей і адбіць у іх жаданне цікавіцца палітыкай. Хаця Дзмітрый Сасноўскі не цікавіўся ёй да выбараў 2020 года і зусім не быў актыўным пратэстоўцам: на акцыі не хадзіў, толькі чытаў навіны ды сядзеў у нейкіх чатах.
— Я ўпэўнена, што на такое (замах. — НЧ) ён не пайшоў бы, ён вельмі мірны чалавек. Калі б ён нешта задумваў, яго паводзіны выдалі б яго, бо я не першы год яго ведаю. Але напярэдадні ўсё было добра, ён быў спакойны, ураўнаважаны, нават калі ён удзень з’ехаў — усё было добра.

«Трэба цаніць адно аднаго і кожны дзянёчак»

Што давялося і ўсё яшчэ даводзіцца перажываць Аксане — асобная гісторыя. Яна працуе майстрам па манікюры, і цяпер яе дзень распісаны літаральна па хвілінах. На жанчыну ў адзін момант звалілася ўсё: апроч сямейных справаў і клопату пра здароўе сына (ён мае патрэбу ў медычных працэдурах і адмысловых занятках), дадалося клопату па вырашэнні пытанняў мужа ў зняволенні (лісты, перадачы, адвакаты), зараблянні грошай (з’явіліся дадатковыя выдаткі на таго ж адваката і перадачы), падтрыманні маральнага духу ўсёй сям’і. Апошняе — асабліва няпроста, калі сама стаіш на мяжы дэпрэсіі.
— Бывае, скатваешся ў гэты стан. Але з яго я пасля выходжу, бо разумею: калі я ў ім буду, у лістах Дзіма зможа гэта адчуць, а я не хачу. Я стараюся, каб усе мае лісты былі пазітыўнымі і настройвалі на лад барацьбы, каб ён не апускаў рукі. Я працую над сабой, бо ведаю, што магу дапамагчы яму сваім эмацыйным пасылам.
Калі сіл не застаецца зусім, Аксана стараецца «выключыцца» ад важных спраў і прыняцця рашэнняў і адпачыць. На шчасце, побач ёсць людзі, якія падтрымліваюць і спадзяюцца на лепшае. Але самае галоўнае, што дае падтрымку і сілы — гэта сям’я, якую трэба берагчы і за якую трэба змагацца.
Сітуацыя з затрыманнем Дзмітрыя кардынальна змяніла жыццё Аксаны, у тым ліку яе стаўленне да сямейных каштоўнасцяў.
— Калі жывеш, ты не цэніш нейкія моманты, прывыкаеш да штодзённасці. А калі здараецца тое, што выводзіць са звыклай сітуацыі і прымушае нешта рабіць, пачынаеш пераасэнсоўваць, чаму так адбываецца. Калі сын штодня запытваецца, калі тата прыедзе, малюе для яго малюнкі — гэта ўсё вельмі балюча. І пачынаеш разумець, што ў некаторых момантах я не мела рацыі, трэба было зрабіць іначай. Таму гэтая сітуацыя паўплывала на нас, і, думаю, у будучыні ў нас будуць іншыя стасункі. Мне здаецца, што гэта нават пайшло на карысць нашым унутрысямейным адносінам. Але сама сітуацыя, канечне, жахлівая. Цяпер, калі нехта са знаёмых паспрачаецца ў сям’і — зразумела, гэтага не пазбегнуць, — мне хочацца сказаць: «Не трэба». Жыццё не варта разменьваць на нейкія спрэчкі, трэба цаніць адно аднаго і кожны дзянёчак і дараваць адно аднаму.

«Ён загадаў жаданне, каб я стала яго жонкай»

photo_2021_10_26_13_24_47_logo.jpg


Сыну Аксаны і Дзмітрыя Цімафею шэсць гадоў. Яму пакуль гавораць, што тата з’ехаў па працы. Хлопчык вельмі сумуе, часта ўзгадвае пра тое, як рабіў нешта разам з татам ці кудысьці з ім хадзіў. Аксана думала, што з часам сын прывыкне, але пакуль атрымліваецца наадварот: чым больш часу праходзіць, тым часцей Цімафей запытваецца пра тату.
— Хочацца, каб ён быў з намі побач, бо нават самаму злому ворагу не пажадаеш гэта перажыць, — гаворыць жанчына. — Я веру ў тое, што ўсё скончыцца добра. Не ведаю, як, але стараюся гэтую веру не адпускаць.
Але пакуль яна толькі ўяўляе, якім будзе дзень іх сустрэчы, калі муж выйдзе на волю, і яны змогуць узяцца за рукі і паглядзець адно аднаму ў вочы. Гэта, гаворыць Аксана, будзе вельмі шчаслівы і кранальны момант.Самае цяжкае і для яе, і для Дзмітрыя — невядомасць. Увогуле Аксана вельмі тонка адчувае стан мужа на адлегласці нават без словаў, а толькі праз лісты. Можа быць, таму, што яны — сапраўды дзве прызначаныя адно аднаму палавінкі.
Яны пазнаёміліся ў жніўні 2013 года, як ні дзіўна, на сайце знаёмстваў. Дзіма напісаў Аксане, і перапіска зацягнула: у маладых людзей знайшлося шмат агульнага. Потым хлопец прыехаў да дзяўчыны ў Навагрудак, і яна зразумела, што намеры ў яго сур’ёзныя, да таго ж ён вельмі адказны.
— 13 жніўня было 8 гадоў, як мы пазнаёміліся, і да гэтай даты ён напісаў мне ліст пра тое, што яго зачапіла тады. Дзіма худзенькі, і я яму сказала, што калі ён ажэніцца, то такім не будзе, жывот ад’есць. Ён тады зразумеў, што я буду добрай гаспадыняй. І калі ён вяртаўся ад мяне дадому ў Ліду, падала знічка, і ён загадаў жаданне, каб я стала яго жонкай.
Жаданне здзейснілася: неўзабаве маладыя людзі ажаніліся, што цікава — у пятніцу, 13-га лютага. Насуперак прымхам, для пары гэтае чысло стала шчаслівым, дый у самога Дзмітрыя дзень народзінаў 13 чэрвеня.
Сям’я пакуль не ведае, калі будзе суд над Дзмітрыем Сасноўскім. Гэтага дня адначасова і чакаюць — бо з’явіцца хоць нейкая пэўнасць, і баяцца — бо невядома, які тэрмін прысудзяць. Але несумненна адно: настане дзень, калі Дзмітрый выйдзе на волю.
— Я хацела б яму сказаць, што мы яго вельмі любім, вельмі цэнім і вельмі чакаем. Я ўпэўнена, што ўсё будзе добра, і мы годна пройдзем гэты цяжкі этап, — дадае Аксана.
Калі вы маеце магчымасць і жаданне падтрымаць сям’ю Дзмітрыя Сасноўскага, можна пералічыць ахвяраванне на картку «Белгазпрамбанка»:5299 2299 2375 2400тэрмін дзеяння: 10/25.
Таксама можна паспрабаваць даслаць яму ліст: 220050, Мінск, Галоўпаштамт, а/с 8, Сасноўскаму Дзмітрыю Уладзіміравічу.
Фота прадастаўленыя Аксанай Сасноўскай