Мікалай Статкевіч: Да ШІЗА, як сапраўдны беларус, я прызвычаіўся

Мікалай Статкевіч зноў у ШІЗА? Палітвязня чарговы раз маглі змясціць туды. Гэта падазрае жонка палітвязня Марына Адамовіч, паведамляюць праваабаронцы.

statkevicz_3.jpg

У нядаўнім лісце да жонкі палітвязень напісаў, што яго зноў выклікалі на камісію за чарговыя «парушэнні», таму Марына Адамовіч мяркуе, што ён зноў трапіў у штрафны ізалятар.

Мікалай Статкевіч супакойвае жонку ў лістах, што да ШІЗА ён, «як сапраўдны беларус, таксама прызвычаіўся», «да таго ж, там камера ў разы большая, чым адзіночка  Ёсць дзе пагуляць. Бо паўгадзіны прагулкі мне мала, а гулянне па камеры не зусім тое, хоць я там шмат хаджу».

Таксама Мікалай Статкевіч у лісце на волю павіншаваў старшыню «Вясны» (Алеся Бяляцкага) з Нобелеўскай прэміяй міру:

«Яшчэ раз мае віншаванні Алесю і Наталлі. Вельмі слушнае рашэнне Нобелеўскага камітэта, якое падкрэслівае адзінства прыярытэту правоў чалавека для розных краін. Безумоўна, нічога не ведаю пра ўкраінскага лаўрэата [...], але сама ідэя ўганаравання вышэй за гэта».

Падтрымаць палітвязня можна лістамі на адрас: ПК № 13, 211791, Віцебская вобл., г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205, Мікалаю Віктаравічу Статкевічу.