Невядомыя ўзламалі сацыяльныя сеткі валанцёра Іллі Міронава

Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў заяўляе, што ягоныя акаўнты ў некалькіх сацыяльных сетках былі ўзламаны «невядомымі». Ад імя ўласніка старонак распаўсюджваецца хлуслівая і непраўдзівая інфармацыя, якая змяшчаецца на адыёзных пабліках, што кантралююцца рэжымнымі сілавікамі.

illja_mironau_1.jpg


У адным з паведамленняў, напрыклад, у зневажальным тоне гаворыцца пра тое, што ўкраінскія вайскоўцы прыбралі беларускі нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг, які яны вывесілі на адным з памежных пераходаў са свайго боку, піша «Штодзень».

Ілля Міронаў просіць сяброў быць пільнымі і не верыць у тую інфармацыю, якая ідзе нібыта ад яго імя ў сацсетцы «Укантакце».

«1 лістапада я заўважыў у адным з праўладных паблікаў «Укантакце» навіну, якую я не прапаноўваў, а іншую — на наступны дзень. Яны былі прапанаваны з майго акаўнта», — заўважае Ілля.

У Беларусі дастаткова суворае заканадаўства адносна дзеянняў, звязаных з камп'ютарнымі злачынствамі. Так, дзеянні «невядомых», якія ўзламалі акаўнты грамадзяніна і распаўсюджваюць ад яго імя непраўдзівую інфармацыю, падпадаюць ажно пад 4 артыкулы Крымінальнага кодэкса (арт. 349-342) за злачынствы ў сферы ІТ.

Гамяльчук Ілля Міронаў набыў вядомасць тым, што напісаў палітвязням больш за 2500 лістоў. Хлопец быў затрыманы 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра.

24 кастрычніка яго асудзілі на 1,5 года калоніі і вызвалілі ў зале суда: свой тэрмін Міронаў адседзеў у СІЗА. Таксама палітвязню прысудзілі штраф у памеры 200 базавых велічынь за «дыскрэдытацыю дзяржавы».