«Адсутнасць голасу Дзяніса Івашына з болем адчуваецца ў Беларусі»
Сёння, 2 лістапада, у Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў, Пасольства Германіі ў Мінску даслала ліст журналісту «Новага Часу» Дзянісу Івашыну. І сёння якраз 600 дзён Дзяніса Івашына трымаюць за кратамі.

Генеральная
Асамблея ААН у 2013 годзе ў адмысловай рэзалюцыі вызначыла 2 лістапада як
Міжнародны дзень спынення беспакаранасці за злачынствы супраць журналістаў.
У гэтай рэзалюцыі ААН асудзіла ўсе спробы ўжывання сілы супраць журналісцкай супольнасці — у тым ліку адвольнае пазбаўленне прадстаўнікоў СМІ свабоды. ААН заклікала ўсе дзяржавы зрабіць усе неабходныя захады, каб стварыць бяспечнае асяроддзе для працы незалежных журналістаў.
Беларусь, краіна — сябра ААН, «цяпер не спрыяе стварэнню бяспечнага асяроддзя» для журналістаў, а «дзейнічае процілеглым чынам», гаворыцца ў лісце Пасольства. Шматлікія працяглыя рэпрэсіі беларускіх улад супраць незалежных СМІ і іх супрацоўнікаў парушаюць міжнародныя абавязацельствы, якія Беларусь узяла на сябе як сябар Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Права на бяспечнае выказванне свайго меркавання — аснова дэмакратыі і найважнейшая ўмова свабоднага і адкрытага грамадства. Аднак дзеля таго, каб цяпер праводзіць гэтыя базавыя прынцыпы АБСЕ ў жыццё ў Беларусі, даводзіцца мець вялікую смеласць і стойкасць.

Пасольства Германіі адзначае, што ліст да Дзяніса Івашына, адпраўлены па пошце, лёгка можа згубіцца. Таму ў рэдакцыю даслалі яго копію ў спадзяванні, што так ці інакш Дзяніс здолее даведацца пра міжнародную падтрымку яго дзейнасці. «Адсутнасць голасу Дзяніса Івашына з болем адчуваецца ў беларускай грамадскасці», — гаворыцца ў звароце.