Хронікі рэпрэсій 1 лістапада. Судзяць чальцоў АГП і рэйкавых партызан
Сёння, 1 лістапада, у Беларусі стала яшчэ на 6 палітвязняў больш. З дапамогай праваабаронцаў і журналістаў сабралі чарговыя звесткі пра палітычны пераслед беларусаў.
Палітвязень Аляксандр Станкевіч асуджаны па «справе Зельцэра», выйшаў на волю. Яго затрымалі 30 верасня 2021 года ў Мінску па крымінальнай справе, распачатай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра.
Станкевіча абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады і распальванні сацыяльнай варожасці. 14 кастрычніка суддзя Мінгарсуда Вера Галаўкова прызначыла Аляксандру 1 год і 7 месяцаў калоніі. Учора, 31 кастрычніка, палітвязень цалкам адбыў свой тэрмін.
Гомельскага грузчыка асудзілі на два гады калоніі па «справе Зэльцэра». Суд Чыгуначнага раёна Гомеля вынес прысуд Дзмітрыю Малашанку, грузчыку Гомельскага вінзавода. Яго абвінавацілі ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса).
Пад суд Дзмітрый Малашанка трапіў за два каментары: «У краіне страшней, чым у Самалі» і «Калі б была ў мяне стрэльба і да мяне ламаліся б такія людзі, я б таксама абараняў свой дом, толькі б барыкады зрабіў».
Пра Малашанку вядома, што ён удзельнічаў у велапрабегу ў падтрымку Лукашэнкі і прымаў удзел у якасці дружынніка ў свой выходны дзень на выбарах у 2020 годзе. А яшчэ мужчына ў судзе шчыра не разумеў за што яго судзяць.
У Гомелі ўжо другі месяц судзяць светлагорскіх «рэйкавых партызанаў». Палітвязняў Дзмітрыя Равіча, Дзяніса Дзікуна і Алега Малчанава пачалі судзіць 27 верасня ў Гомельскім абласным судзе. Працэс адбываецца ў закрытым рэжыме, яго вядзе суддзя Анатоль Сотнікаў.
Палітвязняў абвінавачваюць у падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага.
Перагон знаходзіцца на лініі Жлобін-Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны). Палітвязням выстаўленыя абвінавачванні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх — ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму, здзейснены ў складзе арганізаванай групы, які пацягнуў цяжкія наступствы, якія ствараюць пагрозу гібелі людзей і прычыненне ім цялесных пашкоджанняў).
17 чэрвеня Дзікуна, Равіча і Малчанава ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў».
У суд накіравана крымінальную справу ў дачыненні да 40-гадовага Віталя Мельніка, якому пры затрыманні прастрэлілі калені. Віталя абвінавачваюць у тым, што ён у сакавіку 2022 года на чыгуначным перагоне Навасады — Барысаў нібыта падпаліў рэлейную шафу. Вядома, што ў СІЗА Віталь перасоўваецца на мыліцах.
Віталю прад'яўлены абвінавачванні паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: акт тэрарызму, наўмыснае прывядзенне ў непрыдатны для эксплуатацыі стан чыгуначных шляхоў зносін з мэтай учынення акта тэрарызму, абраза Лукашэнкі, незаконныя набыццё і захоўванне агнястрэльнай зброі, у тым ліку ўчыненыя паўторна.
Затрыманую 26 кастрычніка полацкую прадпрымальніцу Таццяна Шастак асудзілі да сутак. Яна збіралася перадаць старшыні Наваполацкага гарвыканкама петыцыю ад мясцовых бізнесоўцаў, дзе тыя прасілі ўлады растлумачыць, як ім працаваць з цэнаўтварэннем у новых умовах.
Таццяну Шастак адправілі на «суткі» з-за аватаркі ў сацсетках. Што гэта была за аватарка, невядома.
Затрымалі брата Васіля Парфянкова, які быў у палку Каліноўскага і загінуў у канцы чэрвеня пад Лісічанскам. Сілавікі затрымалі сваяка Парфянкова і прымусілі таго сказаць на відэа, што ён быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы, рабіў рэпосты і што не ўхваляў тое, што яго брат ваяваў ва Украіне.
Да таго былі затрыманыя стрыечны брат байца палка Каліноўскага, яго сястра і маці
Васіль Парфянкоў — былы беларускі палітвязень, удзельнічаў у Плошчы-2010. Быў абвінавачаны ва ўдзеле ў масавых беспарадках, асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі, але праз некаторы час памілаваны Лукашэнкам. З'ехаў ва Украіну. У 2014 годзе ваяваў на Данбасе на баку ўкраінцаў, атрымаў грамадзянства, служыў у арміі.
Палітзняволенага журналіста Юрыя Ганцарэвіча сёння этапавалі ў віцебскую калонію.
Брэсцкі абласны суд 14 ліпеня асудзіў журналіста “Intex-press” з Баранавічаў Юрыя Ганцарэвіча, якога абвінавацілі ў садзейнічанні экстрэмісцкай. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Па матэрыялах абвінавачання, Ганцарэвіч нібыта «2 сакавіка адправіў у бот тэлеграм-канала «Радыё Св*бода» экстрэмісцкія матэрыялы, а менавіта — «фотавыявы вайсковай авіятэхнікі, якая знаходзіцца на тэрыторыі аэрадрома 61 знішчальнай авіяцыйнай базы, якая дыслакуецца ў Баранавічах, з подпісам «аэрадром у Баранавічах».
За кратамі палітвязня ўтрымліваюць больш за шэсць месяцаў.
Сёння пачалі судзіць палітзняволеных лідараў АГП. Лідараў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аксану Аляксееву Мікалая Казлова, і Антаніну Кавалёву затрымалі 27 ліпеня. Ім прад’явілі абвінавачванні паводле арт. 342 КК (актыўны удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Пазней стала вядома, што Мікалая Казлова пасля затрымання збівалі на Акрэсціна і на «Валадарку» яго прывезлі з «сінімі нагамі».
У судзе Першамайскага раёна Мінска сёння пачаўся суд над палітвязнямі. Справу разглядае суддзя Анастасія Кулік.
За перавод крыптавалюты Аляксандра Зіязэтдзінава асудзілі да трох гадоў калоніі.
35-гадовага мінчука Аляксандра Зіязэтдзінава судзілі ў Мінскім гарадскім судзе асудзілі. Яго абвінавацілі па ч. 1 арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання) за пералічэнне ў траўні 2021 года 0,2 эфіру (каля 800 долараў) на крыптагаманец B*POL. Суд быў закрытым. Прысуд вынесла суддзя Святлана Чарапанава.
Адметна, што ініцыятыва былых сілавікоў была прызнана МУС экстрэмісцкім фарміраваннем толькі ў лістападзе 2021 года — праз шэсць месяцаў пасля пералічэння крыптавалюты.
Шматдзетнай маці Іне Пановай прысудзілі паўтара года калоніі за ўдзел у пратэсным маршы. Такі прысуд быў вынесены у судзе Ленінскага раёна Мінска. Палітзняволеную Іну Панову абвінавацілі паводле арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Вядома, што жанчына выхоўвае чацвярых дзяцей. Тое, што Іна была на маршы разам з дзіцём, абвінавачанне расцаніла як абцяжарваючыя абставіны.
Старшыню прафсаюза «Нафтан» Вольгу Брыцікаву затрымалі па адміністрацыйным артыкуле. На якой падставе яна затрыманая, пакуль не вядома.