Стала вядома, за што пасадзілі полацкую прадпрымальніцу, якая хацела перадаць калектыўны зварот уладам
У сераду, 26 кастрычніка, у Полацку была затрымана ІП Таццяна Шастак, якая збіралася перадаць старшыні Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрыю Дзямідаву петыцыю ад мясцовых бізнесоўцаў. У звароце прадпрымальнікі прасілі ўлады растлумачыць, як ім працаваць з цэнаўтварэннем у новых умовах, піша «В*цебская вясна».

Таццяну затрымалі
а сёмай гадзіне раніцы, калі яна выходзіла з дома ў Полацку, і завезлі ў
мясцовы РАУС. Пасля складання пратакола ў яе кватэры быў праведзены ператрус,
падчас якога міліцыянты канфіскавалі ўсе дакументы з калектыўным зваротам
прадпрымальнікаў да Дзямідава і асабісты тэлефон.
У гэты ж дзень
суд Полацкага раёна арыштаваў Шастак на 30 сутак. Сябры і сваякі не змаглі
патрапіць на судовае пасяджэнне, бо суд прайшоў раптоўна ў паскораным рэжыме.
Пакуль невядома, па якім артыкуле арыштавалі прадпрымальніцу. У судзе яе мужу адмовіліся
паведаміць, у чым абвінавацілі Таццяну.
Сваякі 29
кастрычніка спрабавалі зрабіць перадачу Таццяне ў ІЧУ Віцебскага аблвыканкама,
дзе прадпрымальніца адбывае арышт. Аднак у ізалятары без тлумачэнняў
адмовіліся прымаць прадукты харчавання, дазволілі толькі перадаць зняволенай асабістыя прадметы гігіены.

UPD. Як стала вядома праваабаронцам, Таццяну Шастак адправілі на «суткі» з-за аватаркі ў сацсетках. Што гэта была за аватарка, невядома.
Блізкія Таццяны просяць людзей не пісаць ёй у сацсетках, бо
яны пад кантролем міліцыі.