Беларускія ўлады сур'ёзна наважыліся паціснуць руку апошняму прадпрымальніку

Лукашэнка зноў узяўся за індывідуальных прадпрымальнікаў, хоча ўзмацніць кантроль і, відаць, нарэшце «паціснуць руку апошняму» з іх.

Сёння стала вядома пра намер чыноўнікаў увесці змены для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія фактычна будуць азначаць знішчэнне іх як класа. «Трэба стварыць прадпрымальнікам стымул да трансфармацыі ў юрыдычную асобу. Гэта факт», — заявіў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам урада, паведамляе «Л*стэрка».

Сёння, 9 верасня, на нарадзе з кіраўніцтвам урада беларускі кіраўнік загаварыў пра «ўдасканаленне заканадаўства аб прадпрымальніцкай дзейнасці». Мадэрнізацыю збіраюцца рабіць,  «абапіраючыся на два фундаментальныя прынцыпы — прастату і справядлівасць».

На нарадзе Лукашэнка заявіў: «Мая галоўная ўмова — гэта празрыстасць і магчымасць кантролю прадпрымальніцкай дзейнасці. Бізнес павінен мець зразумелыя правілы для старту і росту, а дзяржава — добрасумленнага плацельшчыка падаткаў і партнёра ў рэалізацыі праграм развіцця. Тое, што ў нас тут конь не валяўся, гэта няўзброеным вокам відаць». 

Што насамрэч могуць азначаць для ІП заявы чыноўнікаў?

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў сёння заявіў, што ў Беларусі распрацавалі новую структуру малога бізнесу. Паводле яго слоў, законапраект прадугледжвае падзел суб'ектаў малога бізнесу на тры катэгорыі: самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі і юрыдычныя асобы (мікра- і малыя прадпрыемствы).

Зрэшты, пра гэтыя змены стала вядома яшчэ ў пачатку гэтага года, калі ў Беларусі абнавілі Падатковы кодэкс. Так, з 2023 года для індывідуальных прадпрымальнікаў адменяць магчымасць працаваць па спрошчанай падатковай сістэме (СПС). Нагадаем, ІП, якія аказваюць паслугі, ужо з гэтага года не могуць выкарыстоўваць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. Выключэнне зрабілі для тых, хто працуе ў сферы аховы здароўя, сухапутнага транспарту, галіне камп'ютарнага праграмавання, а таксама аказвае паслугі ў сферы грамадскага харчавання і турыстычнай дзейнасці.

У прадпрымальнікаў будзе некалькі варыянтаў, як працягнуць дзейнасць з наступнага года. Адзін з іх — заснаваць мікраарганізацыю, гэта значыць, стварыць юрыдычную асобу. Гэты варыянт сёння абмяркоўвалі на нарадзе, заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.

З 2023 года ІП, які працуе без наёмных работнікаў, таксама зможа перайсці на падатак на прафесійны даход. Яго якраз увядуць з наступнага года. Пакуль чыноўнікі яшчэ думаюць, якія віды дзейнасці не будуць падпадаць пад такі падатак.

Пры працы з фізічнымі асобамі гэты падатак складзе 10%. Такая ж стаўка для працуючых з юрыдычнымі асобамі, але да пэўнага памеру выручкі — 60 тысяч рублёў. А вось калі будзе больш за 60 тысяч рублёў, падатковы збор стане ў два разы вышэйшы — 20%.

Павышаны падатак будуць спаганяць з сумы перавышэння, гэта значыць з таго, што больш за 60 тысяч рублёў.

Яшчэ адзін варыянт для ІП з 2023 года — перайсці на адзіную форму выплаты падаходнага падатку па падвышанай стаўцы. Раней называлася стаўка ў 18%. Пры гэтым фармаце магчыма ўзяць на працу да трох чалавек. Перайсці на такі варыянт працы можна будзе не па ўсіх відах дзейнасці.

Аднак сёння Аляксандр Чарвякоў назваў новыя магчымыя памеры падаходнага падатку пры такім варыянце працы ІП. З 2023 года для індывідуальных прадпрымальнікаў плануецца цалкам выключыць прымяненне спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. У якасці асноўнага падатковага рэжыму выкарыстоўваць падаходны падатак з павелічэннем яго стаўкі з 16 да 20%, а з 2024 года — да 25%. Скараціць пералік відаў дзейнасці для выплаты адзінага падатку і павялічыць яго стаўкі ў 1,5—3 разы. Адначасова з гэтым для мікраарганізацый захоўваецца магчымасць выкарыстання спрошчанай сістэмы падаткаабкладання: 6% ад выручкі, распавёў Аляксандр Чарвякоў.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: