«Гудбай падаткі ў РБ. Бізнес з'ехаў у Польшчу»
Менавіта такімі словамі пракаментаваў адзін з прадпрымальнікаў новаўвядзенні, якія плануе ўвесці беларускі ўрад для ІПшнікаў. Гэтыя змены могуць знішчыць іх, як клас. Але каму ад гэтага будзе лепш?

Імпэт ураду ў скарачэнні ІП і падвышэнні падаткаў, канешне, зразумелы. Грошай у казне ўсё менш, менш і тых, з каго іх можна ўзяць. «Флагманы», банкі, дзяржпрадпрыемствы, у тым ліку «акцызныя», як тытунь, самі патрабуюць падтрымкі. А вось залезці ў кішэню да насельніцтва — гэта святое.
На жаль, у нашым урадзе слаба вучылі эканамічную тэорыю. Ад таго, што ўлада створыць «новыя ўмовы» для прадпрымальнікаў, наўрад ці падвысіцца збіральнасць падаткаў. Хутчэй, наадварот.
Унёсак прадпрымальнікаў у ВУП упадзе
Улады ўжо неаднаразова «аптымізавалі» ІП, і ні да чаго добрага гэта не прыводзіла. Напрыклад, у мінулым годзе была адменена спрошчаная сістэма падаткаабкладання для прадпрымальнікаў у сферы паслуг, а падаткі павысіліся да 16-18%, практычна ў тры разы. Які вынік гэтай дзейнасці?
Паводле звестак «Эканамічнай газеты», у 2018 годзе ўнёсак індывідуальных прадпрымальнікаў у ВУП Беларусі складаў 7,8% ВУП у рублёвым выразе. На той момант ІПшнікі далі краіне на 16% больш, чым аб'ём прадукцыі (работ, паслуг) сектару інфармацыйных тэхналогій (ІТ). Гэта пры тым, што менавіта ў 2018 годзе пачаў дзейнічаць той самы дэкрэт Лукашэнкі аб «лічбавай краіне», які даваў ІТшнікам «рэжым найбольшага спрыяння». Тым не менш — доля прадпрымальнікаў у «агульным пірагу» Беларусі была вышэйшай.
У 2021 годзе ўнёсак прадпрымальнікаў у ВУП Беларусі знізіўся да 3,1%. Такім чынам, рэгулярнае змяненне «правілаў гульні» на працягу ўсяго пяці гадоў знізіла «прадпрымальніцкую» долю беларускага ВУП практычна ў два з паловай разы.
Скарачэнне працоўных месцаў
Адной з трывожных тэндэнцый у беларускай эканоміцы з'яўляецца скарачэнне занятых у эканоміцы людзей. Прадпрыемствы і ўстановы цяпер больш звальняюць работнікаў, чым наймаюць. Пры гэтым, згодна з Глабальным маніторынгам прадпрымальніцтва, які правёў у 2019/2020 гадах даследчы цэнтр BEROC (цяпер у Кіеве, што паказальна) «неабходнасць забяспечыць крыніцу даходу ва ўмовах недахопу іншых варыянтаў працаўладкавання» быў другім па папулярнасці матывам пераходу людзей да прадпрымальніцкай дзейнасці ў Беларусі. Зменшага, палова апытаных цэнтрам ІП (50,7%) назвалі менавіта такі матыў, чаму яны вырашылі заняцца бізнесам.
Павышэнне падаткаў і ўзмацненне жорсткасці ўмоў прадпрымальніцкай дзейнасці прывядзе да скарачэння ў краіне беларускага бізнесу. Ужо цяпер аналіз звестак Белстата і АДР за апошнія 7 гадоў дэманструе тэндэнцыю да зніжэння працэнта ахвотных зарэгістраваць свой бізнес у Беларусі, асабліва пачынаючы з 2020 года. У параўнанні з 2019-м колькасць зарэгістраваных ІП упала на 28,8%. Сярод прычын адмовы ад бізнесу ў Беларусі людзі называюць падвышэнне падатковай нагрузкі на ІП; рэлакацыя; прыпыненне рэгістрацыі ІП у Мінску (яно не адбываецца ўжо больш за год).

Рэзкі рост колькасці ІП, якія спынілі сваю дзейнасць у 2021 годзе, дасягнуў 30% у параўнанні з 2020 годам, і 13% — з 2019-м. За пяць месяцаў гэтага года па ўсёй краіне закрылася больш 3,2 тысяч мікраарганізацый і 2,1 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. Ёсць думкі, што «прымусовы перавод ІПшнікаў у мікраарганізацыі», задуманы ўрадам у якасці «аптымізацыі дзейнасці ІП», гэтую сітуацыю не паправіць.
Рост беспрацоўя, нагрузкі на сацыяльную сістэму, інфляцыі
Зразумела, калі чалавек закрывае ІП, ён пераходзіць з статусу працаўладкаванага ў статус беспрацоўнага — да таго часу, пакуль не знойдзе афіцыйную працу. Адпаведна, дзяржава замест таго, каб выдаткоўваць падаткі ІПшніка на падтрымку іншых, маючых у ёй патрэбу (напрыклад, пенсіянераў), вымушана будзе, наадварот, чыесьці яшчэ падаткі марнаваць на падтрымку экс-прадпрымальінка.
Так, многія не хочуць рэгістравацца ў службе занятасці, паколькі дапамога па беспрацоўі ў Беларусі мізэрная. Але ўлічваючы, што пошукі прымальнай працы для беспрацоўнага часам доўжацца па году і больш, нават гэта мізэрная дапамога ператвараецца ў досыць адчувальную суму.
Што ж тычыцца інфляцыі — да росту коштаў вядзе як падвышэнне падаткаў «для тых, хто застаўся», так і пазіцыя саміх падатковых органаў. У 2024 годзе ва ўрадзе анансавалі падаходны падатак для ІП у 25%. А ў падатковых інспекцыях прадпрымальнікам раяць «не перажываць», а проста перакласці павышэнне падатку на кліента. Гэта значыць — падняць цэны (у чарговы раз).
Пры тым, што заробкі людзей, якія з'яўляюцца кліентамі прадпрымальніка, застаюцца на ранейшым не вельмі высокім узроўні, «задзіранне коштаў» (па парадзе падатковай, між іншым) не прывядзе ані да чаго, акрамя банкруцтва.
Выйсце для ІП — на мяжы. А для ўрада?
Пагаршэнне ўмоў прадпрымальніцкай дзейнасці можа выклікаць чарговую хвалю «рэлакацыі» з краіны актыўнага і крэатыўнага пласту грамадзян. Так, раней гэта былі «палітычныя», потым — ІТшнікі. Настала чарга прадпрымальнікаў?
Масавая палітычная эміграцыя «па матывах 2020» пацягнула за сабой павелічэнне мабільнасці беларусаў увогуле. Вялікая колькасць «рэлакаваных» дзеляцца сваім вопытам пераезду, і тым самым дэманструюць, што перавоз бізнесу ў іншую краіну — гэта не так ужо і страшна. Прынамсі, масавая «рэлакацыя» ІТшнікаў, напрыклад, у Грузію, прыйшлася не на поствыбарны перыяд, а якраз на пачатак 2022 года — уварванне Расіі ва Украіну. Гэта значыць, яна была не столькі палітычнай, колькі эканамічнай, выкліканай немагчымасцю праводзіць плацяжы ў расійскія і беларускія банкі праз заходнія санкцыі.

Калі мы ўжо пачалі пра Грузію, то і працягнем. У Грузіі індывідуальны прадпрымальнік плаціць падатак у 1%, а ІТшнікі могуць зарэгістравацца ў спецыяльнай зоне наогул з нулявым падаткаабкладаннем. Не дзіва, што ў беларускім чаце «ІП / Бізнес Грузія» знаходзіцца ўжо 11500 чалавек.
У Польшчы падатак на прадпрымальніцкую дзейнасць супастаўны (ужо) з беларускім — 20%. Аднак «правілы гульні» для прадпрымальнікаў там не мяняюцца гадамі, і 90% усіх працэдур можна зрабіць аддалена.
«Хоць працэдуры могуць быць складанымі і незразумелымі з першага погляду, у Інтэрнэце любы прадпрымальнік зможа знайсці падрабязныя тлумачэнні і каментары дзяржорганаў па ўсіх пытаннях. У Польшчы падатковая інспекцыя мае ролю толькі кантралюючага органа, таму ў мяне зусім знік страх памыліцца — падатковая дапаможа выправіць, пералічыць падаткі, падаць новую дэкларацыю. У крайнім выпадку ты проста заплаціш штраф», — піша адзін з беларусаў-прадпрымальінкаў у Польшчы.
Ад Оршы да Смаленска — адлегласць у 140 кіламетраў, — можна даехаць за паўтары гадзіны. Падатак на дзейнасць ІП у Смаленску — 6%, рэгістрацыя ІП «пад ключ» каштуе да 2000 расійскіх рублёў (30 долараў) плюс пошліна 800 расійскіх рублёў за афармленне дакументаў. Пры гэтым, дзякуючы «Саюзнай дзяржаве», ніякіх праблем з «замежнымі пашпартамі» не існуе.