«Прычына — пераезд уладальніка бізнесу». На Гомельшчыне масава прадаюцца кавярні і сталовыя
З Гомельскай вобласці пачаліся самыя сапраўдныя ўцёкі сферы грамадскага харчавання. Прыватнікі прадаюць свае кавярні і рэстараны ў асноўным праз пераезд у іншыя краіны. А госы «скідаюць» актывы, якія сталі лішнімі.
Рэстаратары з'язджаюць
Напрыклад, у Гомелі тэрмінова прадаецца кавярня «Марвел
Бургер», піша «Еўрарадыё». «Прычына — пераезд уладальніка бізнесу», адзначаецца ў
аб'яве. За ўстанову просяць 34 тысячы рублёў.
Прыдарожная кавярня «Максім» у Рэчыцы таксама
прадаецца праз пераезд уладальніка. За яе просяць ужо $300 тысяч. Мяркуючы па
інфармацыі з аб'явы, інфраструктура ў гэтага аб'екта сур'ёзная — напрацоўвалася
16 гадоў.
У Жлобіне выстаўлены на продаж ларок «Го фуд», які
нават не паспеў адкрыцца. Прадавец таксама пакуе чамаданы ў іншую краіну. Цана
бізнесу — дамоўная.
У пачатку лютага светлагорскі гарадскі партал пісаў, што 7 з
12 аб'ектаў грамадскага харчавання, якія прадаюцца ў Гомельскай вобласці,
выйшлі на рынак нерухомасці менавіта праз змену месца жыхарства іх
уладальнікаў.
Дзяржпрадпрыемствы скідаюць баласт
Адразу два гомельскія дзяржпрадпрыемствы прадаюць свае
аб'екты грамадскага харчавання. Гэта «Гомельтранснафта Дружба» і
Гомельскі радыёзавод.
Гомельскі радыёзавод выставіў на аўкцыён сталовую — і хоча
за яе $349 тысяч. «Гомельтранснафта Дружба» — кавярню і сталовую, за
$310,4 тысячы. А яшчэ — свой «Вытворчы камбінат», мясны бізнес «пад ключ». Нерухомасць камбіната, машыны і абсталяванне выстаўляюцца
на аўкцыён са стартавай цаной $515,5 тысячы.
На Гомельскім радыёзаводзе растлумачылі, што іх аўкцыён
звязаны з памяншэннем колькасці персаналу. Работнікаў у Гомельскай вобласці
сапраўды становіцца менш: паводле звестак Белстата, за 2020 год у вобласці было
звольнена на 4859 работнікаў больш, чым працаўладкавана. Такая тэндэнцыя
назіраецца па ўсёй краіне.
— Пры заводах раней было і па дзве, і па тры сталовыя. Цяпер
мы абыходзімся меншым памяшканнем для харчавання, — кажа супрацоўніца
радыёзавода.
Чаму «Гомельтранснафта Дружба» выставіла на
аўкцыён свае кавярню і сталовую, даведацца на прадпрыемстве не ўдалося. Тады мы
пад выглядам пакупнікоў патэлефанавалі, каб пацікавіцца, у сувязі з чым
прадаецца «Вытворчы камбінат». Можа, бізнес і праўда цікавы?
Перш-наперш даведваемся, што даўгамі гэты філіял
прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба» не абцяжараны:
— Прадпрыемства прадаецца ўжо тры гады, таму што «Гомельтранснафта Дружба» распрадае ўсю сацыяльную сферу. Яно ўжо
выстаўлена з самым нізкім паніжальным коштам на аўкцыён.
Далей нам расказваюць, што «Вытворчы камбінат» пабудаваны 26 гадоў таму спецыялістамі з Аўстрыі.
— Тут пастаўлена ўсё абсталяванне нямецкае і аўстрыйскае.
Мадэрнізацыя не праводзілася. Новага абсталявання набыта толькі дзве адзінкі:
гэта шпарыльны чан у 2019 годзе і вакуумны шпрыц у 2020 годзе. Усё астатняе —
як пабудавалі аўстрыйцы, — працягваюць на «Вытворчым камбінаце». На
праблемы з фінансамі нафтавікі не скардзяцца. Проста камбінат больш не
патрэбны. Але пакупніка на яго няма ўжо тры гады.