Кацярына Барнукова: Нягледзячы на «экспартны цуд» у краіне — прыкметы эканамічнай дэпрэсіі

Пры ўсіх негатыўных тэндэнцыях і чаканнях, 2021 год для беларускай эканомікі быў даволі неблагі — шмат у чым дзякуючы нізкай базе (нізкім эканамічным паказчыкам) 2020 года і так званаму «экспартнаму цуду», — ажыўленню сусветнай эканомікі, што дазволіла нам прадаць больш сваіх тавараў.

2e1a17d9_3708_4ec1_a808_4809b4196afa.tmp


Але гэтыя неблагія паказчыкі — не нашае дасягненне, а проста абставіны, якія для нас склаліся ўдала. Чаго нам чакаць у 2022 годзе? Якія трэнды мінулага года і ўжо сённяшняга паўплываюць на нашае жыццё ў бліжэйшыя 12 месяцаў? Пра гэта мы размаўляем з Кацярынай Барнуковай, акадэмічнай дырэктаркай Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC (Кіеў).
— Першае, што ў новым годзе ўжо адбылося, — прынятыя змены ў Падатковы кодэкс. Прычым, ствараецца ўражанне, што ён прыняты выключна з мэтай павышэння падаткаў. Гэта азначае, што ў казне няма грошай, або гэтыя павышэнні сапраўды заканамерныя?
— Так, наш бюджэт у хранічным, або, як любяць казаць эканамісты, структурным дэфіцыце. Мы актыўна назапашваем знешні і ўнутраны дзяржаўны доўг, значыць, фінансуем дэфіцыт. Знізіць яго можна двума спосабамі: зніжаючы выдаткі і падвышаючы даходы, і на самай справе, выкарыстоўваюцца абодва спосабы. Мы бачым і зніжэнне выдаткаў, і спробы павышаць падаткі.
Прычым, гэтыя спробы ідуць не проста шляхам павышэння ставак падаткаў, а, хутчэй, глядзіцца на льготы, якія існуюць, і гэтыя льготы патроху прыбіраюцца. У мінулым годзе гэта былі льготы па ПДВ, якія закранулі такія адчувальныя тавары як лекі, дзіцячае харчаванне, цяпер глядзяць на льготы, якія існуюць у адносінах да бізнесу і прадпрымальніцтва.
Але тут трэба сказаць, што рэжымы падаткаабкладання, якія існуюць у дачыненні да прадпрымальнікаў і малых кампаній — гэта такія «мыліцы». Вядома, тэарэтычна не павінна быць нейкіх ільгот па падаткаабкладанні, але ў нас нават бухгалтарскі ўлік — вельмі складаная структура, якая патрабуе вялікіх бюракратычных намаганняў. Калі паглядзець, колькі бухгалтараў працуе на прадпрыемствах, параўнальных па памеры ў той жа Еўропе, ЗША і Беларусі, то адразу стане прыкметна, што ў Беларусі іх больш. Таму для малых прадпрыемстваў, якія не могуць сабе дазволіць велізарны штат бухгалтараў, трэба вынаходзіць спрошчаныя спосабы выплаты падаткаў. Яны спрошчаныя ў тым сэнсе, што ІП, напрыклад, можа не весці ўлік даходаў і выдаткаў, а плаціць падатак з абароту. Цяпер гэтую форму для ІПшнікаў пачалі сціскаць, і выціскаюць іх альбо на выплату адзінага падатку, дзе яны плацяць фіксаваную суму, альбо прымушаюць пераходзіць у форму, дзе яны плацяць не 5%, а 16%.

— Да чаго прывядуць павялічаныя стаўкі падаткаў? За 11 месяцаў 2021 года Беларусь і так пазбавілася 4500 малых бізнесаў… — Вядома, гэта прывядзе да скарачэння ўдзельнікаў прадпрымальніцкай дзейнасці. Відавочна, што калі падаткі растуць, пэўная дзейнасць скарачаецца. Частка сыдзе ў цень, а частка, дзе гэта магчыма — у іншыя юрысдыкцыі. Чаму пакінулі льготы айцішнікам? Ім вельмі лёгка зарэгістравацца ў любой іншай краіне свету, і плаціць у многіх краінах значна больш нізкую стаўку падатку. Калі мы будзем параўноўваць 5% падатку ў Беларусі і 1% у Грузіі, то айцішнікі могуць плаціць 5%. Але калі 5% ператвараюцца ў 16%, Грузія з 1% тут жа становіцца значна больш прывабнай.
Дзейнасць скароціцца, а тыя, хто працягне дзейнасць па падвышанай стаўцы падатку, перанясуць гэты падатак у свае цэны. Гэта ў першую чаргу тычыцца ІП, якія аказваюць паслугі, а менавіта паслугі ў нас аказваюцца шмат у чым ІПшнікамі.
— Ці варта чакаць далейшага адтоку кадраў з краіны?
— Так, я думаю, адток захаваецца, і самае галоўнае — ён можа набыць рысы эканамічнай міграцыі. Можа даць сеткавы эфект вымушаная палітычная міграцыя — нешматлікая спачатку. Тое, што мы ведаем, што ў нас ёсць знаёмы ў Батумі, Кіеве, Варшаве, Вільні, мы ведаем, як там гэта ўсё працуе, як ён аддаў дзяцей у садок і школу, як ён плаціць падаткі, як працякае яго жыццё, — такія прыклады вельмі многіх могуць натхніць на эканамічную эміграцыю, калі людзі будуць выязджаць ужо не вымушана, а менавіта ў пошуках лепшага жыцця.
На жаль, такая міграцыя можа быць значна больш шматлікай. Мы і так бачым, што ў апошнія гады значна павялічылася працоўная міграцыя, напрыклад, у Польшчу. І Польшча паслядоўна скарачае бюракратычныя перашкоды для міграцыі беларусаў, і гэта будзе толькі нарастаць. Прычым, тычыцца гэта будзе не толькі айцішнікаў, а вельмі шырокага кола спецыялістаў.
— З «вялікіх» падзей мінулага года нельга не ўспомніць санкцыі, у тым ліку сектаральныя. Мяркуецца, што будзе яшчэ і шосты пакет санкцый. Які ўплыў санкцыйная палітыка акажа на эканоміку Беларусі?
— Я вельмі скептычна стаўлюся да еўрапейскіх санкцый у дачыненні да прадпрыемстваў, таму што чыста тэарэтычна яны лёгка абыходзяцца. Калі, напрыклад, «Гродна-Азот» у нас пад санкцыямі, то гэтыя санкцыі не перашкаджаюць купляць прадукцыю прадпрыемства ў пасярэдніка. Санкцыі ствараюць пэўныя нязручнасці, гэта нарошчвае транзакцыйныя выдаткі, прадаць азотныя ўгнаенні становіцца менш зручна і крыху больш дорага, але ва ўмовах росту коштаў на іх, які мы цяпер бачым, у гэтым няма асабліва вялікай праблемы. Таму які б шосты пакет не быў, калі ў ім не будзе сектаральных санкцый, ён вялікага ўплыву на эканоміку не акажа.
Што мае ўплыў — гэта фінансавыя санкцыі. Пра гэта казаў Снапкоў, ужо адчуваецца, што замежнае фінансаванне, нават тое, якое не забаронена, дэ-факта прыкрыта для Беларусі. Санкцыі нясуць вялікія іміджавыя выдаткі. Плюс, хутчэй, будуць працаваць сектаральныя санкцыі. Яны ў нас ёсць на нафту, нафтапрадукты і на 20% калію. І мы бачым, што амерыканскія санкцыі другаснага эфекту, які мы чакалі, пакуль не даюць. Літва працягвае транзіт калію, 80% якога не пад санкцыямі ЕС, дзейнічаюць старыя кантракты, нават на той калій, які пад санкцыямі, таму прамога ўплыву санкцый на эканоміку пакуль няма.
Ад новых пакетаў, якія ўключаюць выбраныя прадпрыемствы, я не чакаю вялікіх эканамічных эфектаў. Там бываюць нечаканыя рэчы, раптам аказваецца, што кітайскі крэдыт перастаюць даваць, як гэта было са «Слаўкаліем» Гуцырыева, але прамых эфектаў я ад іх не чакаю.
— «Беларускі экспартны цуд», які ў нас выявіўся ў 2021-м, па меркаванні шматлікіх экспертаў, паўстаў таму, што адбыўся такі «посткавідны попыт», ажыўленне сусветнай эканомікі. Цяпер у свеце новы штам амікрон, зноў ўводзяцца каранціны, зачыняюцца аэрапорты, новую мутацыю знайшлі ў Францыі…
— Эканамічны эфект ад амікрона, я думаю, будзе значна меншы, таму што многія краіны ўжо навучыліся ўводзіць нейкія досыць разумныя абмежаванні, жыць з каронавірусам, жыць з пэўнымі формамі каранціну. Так, абмежаванні б’юць па сектары паслуг, асабліва ўнутраным, але ў многіх краінах гэта кампенсуецца падтрымкай дзяржавы.
Таму сусветны кансэнсус у тым, што гэты бум, гэтыя высокія цэны, высокі попыт, які звязаны і з аднаўленнем попыту, і з тым, што прапанова не паспявае задавальняць гэты попыт з-за збояў у лагістыцы — гэтая сітуацыя будзе доўжыцца нейкі час, можа, нават да канца года.
Каронавірус можа даць нам розныя сюрпрызы, але нельга выключаць і сюрпрызы станоўчыя. Напрыклад, кажуць, што амікрон вельмі хутка распаўсюджваецца, выцясняе астатнія штамы, а з іншага боку — людзі хварэюць лёгка. Можа стацца, што ўсе вельмі хутка перахварэюць, з’явіцца калектыўны імунітэт, і на гэтым пандэмія скончыцца. Так што не варта чакаць толькі негатыву, ёсць верагоднасць вялікай пазітыўнай падзеі.
— Гэта значыць, нам можна чакаць працягу «экспартнага цуду»?
— Глядзіце: сітуацыя на рынку, у прынцыпе, не змяняецца, але «экспартны цуд» не тое каб пачынае згасаць, мы бачым невялікае зніжэнне аб’ёмаў фізічнага экспарту ў трэцім квартале. У вартасным выражэнні экспарт пакуль не зніжаецца, таму што цэны застаюцца вельмі высокімі. Таму базавы сцэнар — высокі экспарт захаваецца на працягу аднаго-двух кварталаў наступнага года.
Але што адбываецца ў нас у водгуку на гэта? Мы бачым, што, нягледзячы на высокі ўзровень экспарту, эканоміка пачынае запавольвацца. Высокі экспарт ужо не генеруе рост. Больш за тое, скарачэнне экспарту, якое рана ці позна адбудзецца, у параўнанні з сённяшнім высокім узроўнем, высокай базай, будзе ўплываць адмоўна. Таму, хутчэй за ўсё, нават пры станоўчым сцэнары тэмпы росту эканомікі не будуць перавышаць 1% у год. Гэта адлюстраванне структурнай слабасці нашай эканомікі.
І другі момант, які трэба адзначыць: нягледзячы на «экспартны цуд» і эканамічны рост, унутры краіны назіраюцца прыкметы эканамічнай дэпрэсіі. Інвестыцыі скарачаюцца нават у параўнанні з каронавірусным 2020-м, спажыванне фактычна не расце, нягледзячы на рост рэальных даходаў, дый рост рэальных даходаў досыць сціплы. Мы гаворым пра рост экспарту больш чым на 30%, пры гэтым рэальныя даходы выраслі на крыху больш за два працэнты. Гэты вельмі сціплы рост азначае, што эканоміка ўнутры сябе не можа генераваць нічога станоўчага, не здольная генераваць рост, і цалкам залежыць ад таго, што адбываецца на знешніх рынках. А на знешніх рынках нават пазітыўны сцэнар не мае на ўвазе рост, ён мае на ўвазе захаванне статус-кво. А калі раптам санкцыі пачнуць дзейнічаць, сусветны попыт пачне згортвацца да нармальнасці, то гэта таксама акажа негатыўны ўплыў, і мы можам убачыць і спад нашай эканомікі.
— Наконт знешніх рынкаў і сусветнага попыту — цяпер ідуць спрэчкі па запуску расійскага газаправоду «Паўночны паток-2». Наколькі моцна яго запуск ўдарыць па нашаму транзіту і, калі ён запусціцца, колькі мы згубім?
— Мы ўжо губляем — тры тыдні няма транзіту па газаправодзе «Ямал — Еўропа». Мы страцім некалькі сотняў мільёнаў долараў, якія накіроўваюцца непасрэдна ў бюджэт як аплата за транзіт газу. Гэта не смяротная сума, але яна параўнальная з нашымі стратамі ад падатковага манеўру Расіі па нафце. Падатковы манеўр па нафце Расія нам кампенсуе, магчыма, нейкая размова аб кампенсацыі пойдзе і ў гэтым выпадку.
— Што яшчэ ёсць у эканамічных трэндах?
— Не варта выпускаць з-пад увагі «чорнага лебедзя» ў выглядзе магчымага расійскага канфлікту з Украінай — і Захадам у цэлым з гэтай нагоды. Ён можа прывесці да таго ж сцэнару, які быў у 2014-2015 гадах, калі расійская агрэсія ва Украіне выклікала плынь санкцый, расійская эканоміка пагрузілася ў рэцэсію, а беларуская сышла ўслед за ёй. Цяпер гэтая сітуацыя можа паўтарыцца, і санкцыі ў дачыненні да Расіі для нас могуць мець нават большыя наступствы, чым еўрапейскія санкцыі ў дачыненні да Беларусі.
І важна памятаць, што ўнутры краіны захоўваюцца дэпрэсіўныя тэндэнцыі. Спажыўцы маюць негатыўныя чаканні да будучыні, адпаведна, яны эканомяць сёння, захоўваючы зберажэнні на чорны дзень. Тое ж самае адбываецца з кампаніямі: яны бачаць высокія рызыкі, менш інвестуюць, а менш інвестыцый сёння — гэта меншы рост у будучым. І гэты эфект можа відавочна праявіцца, калі бурнае знешняе развіццё скончыцца.