Таксіст у Маладзечне выкінуў з салона інспектарку падатковай, якая праводзіла «кантрольную закупку»

Таксіст у Маладзечне вывалак за ногі з салона аўтамабіля супрацоўніцу падатковай інспекцыі, якая праводзіла «кантрольную закупку», паведамляе refom.by са спасылкай на МУС.

taksi_rul_voditel.jpg

Супрацоўніца падатковай інспекцыі праводзіла кантрольнае мерапрыемства па выяўленні таксістаў-нелегалаў. Яна замовіла машыну праз прыкладанне, на выклік прыехаў «Kia Rio», які нічым не нагадваў таксі. Па прыездзе на месца мужчына ўзяў аплату наяўнымі і не выдаў чэк. Інспектарка прад'явіла пасведчанне, патлумачыла мэту паездкі і папрасіла кіроўцу прайсці ў будынак дзяржоргана для далейшага разгляду. Кіроўца, ігнаруючы яе патрабаванні, не стаў выходзіць з машыны і паехаў далей. На бліжэйшым аўтобусным прыпынку ён адчыніў дзверы, схапіў жанчыну за ногі, выцягнуў яе з машыны і з'ехаў у невядомым кірунку.

Інспектарка звярнулася ў міліцыю, таксіста неўзабаве знайшлі — ім аказаўся 45-гадовы мясцовы жыхар. Распачатая крымінальная справа па ч. 1 ст. 366 КК Рэспублікі Беларусь («Гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі»). Мужчыну пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.