Памілавалі бізнэсоўца Юрыя Чыжа. Ён выйшаў на волю
Ад сакавіка 2021 года Юрый Чыж знаходзіўся за кратамі.

Юрый Чыж (зправа)
Чыжа затрымалі па вяртанні з Масквы паўтара года таму. Да таго ён паспеў перапісаць дом у Драздах на нявестку і тануў у судах, дзе былыя партнёры і контрагенты патрабавалі ад яго выплат па абавязках — паведамляе Н*ша Ніва.

«Да затрымання ён насамрэч быў у кепскім псіхалагічным стане і нават перастаў размаўляць з сынам, падазраючы яго ў здрадзе», — казалі знаёмыя Чыжа.

Сэнс крымінальнай справы перагукаўся з ранейшай крымінальнай справай супраць Чыжа ў 2016-м — калі яго затрымлівалі па падазрэнні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.
Тады справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і пагадзіўся кампенсоўваць шкоду гады наперад. Але Чыж па абавязацельствах не плаціў, хаця асобныя яшчэ «жывыя» яго бізнэсы прыносілі грошы.
У бізнэс-колах папулярная думка, што насамрэч бізнэсмена кашмараць па прычыне нібыта схаванага недзе за мяжой мільярда даляраў, які трэба вярнуць у Беларусь.
У любым разе, за час за кратамі Чыж прыкладаў намаганні для таго, каб скінуць з сябе фармальныя прэтэнзіі.
У прыватнасці, ён «закрыў» старую гісторыю з Япрынцавым і Чукісавым, якім павінен быў грошай.
Пасля гэтага ён пісаў ліст у гэтак званую «камісію па памілаванні» і чакаў адказу месяцамі.

Імаверна, па звароце было прынята пазітыўнае рашэнне — як стала вядома супрацоўнікам «Трайпла», Юрый Чыж выйшаў на волю.