Ілля Салей: З пункту гледжання права, анансаваная амністыя — не амністыя, а зусім іншая працэдура

Юрыст Ілля Салей тлумачыць, чаму ад анансаванай уладамі амністыі не варта шмат чаго чакаць.

illja_salej_2.jpg

Пра гэта былы палітвязень і адвакат Марыі Калеснікавай разважае ў тэлеграм-канале Віктара Бабарыкі.

— Дзяржаўныя СМІ перапоўнены загалоўкамі і навінамі пра анансаваную амністыю. З-за гэтага многія чакана поўняцца аптымізмам, што на волю нарэшце могуць выйсці і палітычныя зняволеныя. Але такі аптымізм павінен быць вельмі асцярожным.

Што адбываецца?

Дзеючая ўлада чарговы раз спрабуе публічна прадэманстраваць як беларусам, так і ўсяму свету сваю «некрыважэрнасць» і «гуманнасць». Для гэтага робяцца гучныя публічныя заявы, у тым ліку і пра тое, што бліжэйшым часам на падставе акта амністыі на волю выйдзе больш за 8 тысяч чалавек.

Але пры гэтым адкрыта робіцца і вельмі важная агаворка, якая ўсё змяняе: амністыя не будзе распаўсюджвацца на асоб, якія здзейснілі «злачынствы, звязаныя з экстрэмізмам» (чытай: на большасць людзей, прызнаных палітычнымі зняволенымі).

Па словах дзеючага генеральнага пракурора, такія людзі будуць мець шанец выйсці на волю, толькі напісаўшы прашэнне аб памілаванні.

Аднак з пункту гледжання права, гэта ўжо зусім не амністыя, а зусім іншая працэдура.


Для кантэксту:

Амністыя ўжываецца на падставе закона да нявызначанага кола асоб, якія адпавядаюць пэўным крытэрыям. Прыкладам, да людзей, што не здзейснілі цяжкіх злачынстваў.

Памілаванне, у сваю чаргу, ужываецца выключна ў індывідуальным парадку ў дачыненні да канкрэтнага чалавека.

Такім чынам, у выніку прыняцця анансаванага закона аб амністыі на волю сапраўды выйдзе некалькі тысяч чалавек, але толькі адзінкі з іх будуць палітычнымі зняволенымі.

Тым жа, хто застанецца за кратамі, па-ранейшаму будзе прапанавана напісаць прашэнне аб памілаванні. Але і пасля гэтага гарантый, натуральна, ніхто не дае.



 З добрага:

Магчыма, варта чакаць, што ўжо напісаныя прашэнні аб памілаванні нарэшце будуць задаволеныя — ніхто не павінен сядзець у турме за сваю палітычную пазіцыю і перакананні.

Але зноў жа: аптымізм павінен быць вельмі асцярожным.