Няма тавараў — няма інфляцыі. Улады прапануюць вучыцца жыць пры дэфіцыце

«Цяпер дзейнічае такі рэжым рэгулявання цэн, і мы будзем вучыцца ў ім жыць. Лічу, што гэты крок, з аднаго боку, вымушаны, а з другога — правільны». Так кіраўнік урада Раман Галоўчанка абазначыў перспектывы беларускай эканомікі. І ў гэтым, вядома ж, няма нічога добрага.

14624326.jpg

Падобна на тое, што беларуская эканоміка ператвараецца ў «мыльную оперу», дзе спачатку самі ствараюць сабе праблемы, а потым доўга і гераічна іх вырашаюць. Сам падыход такі ж: спачатку стварыць «рэжым», а потым «вучыцца ў ім жыць». Але гэтая сумная лірыка — на вялікі жаль, нашая рэальнасць.

Лічба, якая нічога не значыць

На нарадзе ў Лукашэнкі па стане эканомікі Галоўчанка яшчэ шмат чаго казаў. Напрыклад, што пастанова аб рэгуляванні гандлёвых надбавак на 370 таварных пазіцый стала «пэўным узрушэннем», і назваў гэтае ўзрушэнне «нармальнай эмацыйнай рэакцыяй». Затое, паводле яго слоў, забарона на павышэнне цэн і ўвядзенне рэгулявання ўжо прывялі да зніжэння інфляцыі. «За 25 дзён кастрычніка мы ўжо ўбачылі зніжэнне індэкса спажывецкіх коштаў адразу на 1%», — заявіў ён.

Але ці з'яўляецца гэта дасягненнем?

Мы ўжо пісалі, што інфляцыя сама па сабе не ёсць зло. Больш за тое, некаторыя эканамісты больш небяспечнай лічаць, наадварот, дэфляцыю і зніжэнне цэн, а інфляцыя — гэта нармальны працэс, калі ён ураўнаважваецца ростам прадукцыйнасці працы і даходаў насельніцтва.

Напрыклад, інфляцыя ў еўразоне за 2022 год наблізілася да 10%. Але і валавы ўнутраны прадукт еўразоны наблізіўся да 3%.

Грузія выклікала шок у экспертаў Сусветнага банка і Міжнароднага валютнага фонду. Яны прагназавалі, што ВУП гэтай маленькай, але ганарлівай краіны ў 2022 годзе складзе 5,5%, а па выніках верасня ён падскочыў на 8,8% (дзякуй рэлакаваным туды беларускім айцішнікам і ўкраінскім прадпрымальнікам, якія збеглі ад вайны). Урад Грузіі наогул разлічвае, што па выніках года ВУП выйдзе на двухзначную лічбу. І пры гэтым інфляцыя ў Грузіі — 11% гадавых.

Таму, калі ВУП Беларусі сыходзіць у мінус амаль на 5%, а інфляцыя, па словах Галоўчанкі, запаволілася на адзін працэнт — гэта хутчэй трывожны знак, чым падстава для гонару.

Гэта азначае, што эканоміка, па сутнасці, у стагнацыі. Бо цалкам зразумела, што калі ў людзей няма грошай, яны не могуць нічога купіць. У такой сітуацыі павышай цэны або не павышай — без розніцы. І наадварот: калі няма тавараў, то няма чаго і купляць. І, адпаведна, няма ніякай інфляцыі.

Няма тавараў — няма інфляцыі

Рэгуляванне цэн павольна, але няўхільна прыводзіць да паніжэння якасці жыцця. «Эмацыйная рэакцыя», на якую спасылаецца Галоўчанка, прывяла да таго, што буйныя гандлёвыя сеткі не ведаюць, як заказваць новы тавар у пастаўшчыкоў. Цяпер рынак працуе на складскіх запасах, якія, як вядома, не бясконцыя. Па чутках, якія ходзяць у сферы рытэйлу, запасаў засталося прыкладна на месяц. Потым — поўная нявызначанасць.

Першыя «ластаўкі» ўжо паляцелі. «Е-дастаўка» з лістапада значна скарачае зону дзеяння: тавары будуць дастаўляць толькі ў Мінску, Мінскай вобласці, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне і Магілёве. Таксама павышаюцца ліміты і кошты. Напрыклад, у Мінску мінімальная сума заказу для бясплатнай дастаўкі складзе 70 рублёў, у Мінскай вобласці і Баранавічах мінімальны заказ — 90 рублёў, у абласных цэнтрах — не менш за 150 рублёў. Кошт платнай дастаўкі складзе 4,99 рублёў, а экспрэс-дастаўкі — 7,99 рублёў.

Больш за тое, як гаворыцца ў паведамленні «Е-дастаўкі», «у абласных гарадах будуць недаступныя некаторыя тавары».

Пра тое, як масава зачыніліся прадпрымальнікі, не ведае, напэўна, толькі непісьменны.

Зрэшты, як мы казалі раней, ва ўрадзе ўсё-ткі сядзяць не дурні. Яны разумеюць, што рэгуляванне цэн прывядзе да дэфіцыту, і ёсць уражанне, што гэты тэзіс ім удалося давесці да Лукашэнкі. Той у чарговы раз запатрабаваў, каб для беларускіх ІПшнікаў былі створаны аптовыя базы ўнутры краіны: «Мы дамаўляліся, што трэба дапамагчы індывідуальным прадпрымальнікам, якія займаюцца такім гандлем, стварыць аптовыя пастаўкі прадукцыі ў Беларусь. Прама ў Беларусь. Каб яны не ездзілі па закутках Расіі, Турцыі ці Кітая. Ім там уцюхваюць гэты тавар без накладных. Незразумела, па якіх цэнах».

Праўда, тут ёсць два моманты. Першы: незразумела, хто будзе ўвозіць тавар на гэтыя аптовыя рынкі. Ва ўмовах, калі тая ж «Zara» і «H&M» сыходзяць з Сінявокай (чаму радуецца кіраўніца Беллегпрама Таццяна Лугіна), калі Беларусь трапляе ў «дэфолтныя спісы», каму прыйдзе ў галаву працаваць з Сінявокай? Асабліва калі Лукашэнка патрабуе плаціць па знешніх даўгах у беларускіх рублях... Хто дасць гарантыю пастаўшчыку, што яму не заплацяць за тавар у тых жа «зайчыках»?

І другі: пра гэтыя аптовыя базы мы чуем з 2014-га, ужо амаль 10 гадоў. Калі такі гандаль не быў наладжаны ў «бязвоблачныя» гады, які шанец, што ён будзе наладжаны ў гады «складаныя»? Дый яшчэ і ва ўмовах, калі Лукашэнка прызнаецца, што ўдзельнічае ў вайне з Украінай?

Таму «аптовыя базы» і «празрыстая праца прадпрымальнікаў па правілах» так і застануцца ў яго фантазіях. А вось праблема магчымага таварнага дэфіцыту нікуды не знікне.

Назад у СССР. Да чаго рыхтавацца беларусам?

Ёсць два варыянты развіцця падзей: аптымістычны і песімістычны. Першы — калі «рэгуляванне цэн» «спусцяць на тармазах». Напрыклад, пасля 7 лістапада чыноўнікі розных узроўняў павінны будуць зноў сабрацца ў Лукашэнкі і даць справаздачу аб сітуацыі на рынку. Так, будзе шмат «разносаў» і патрабаванняў «палепшыць, паглыбіць, закасаць рукавы і зацягнуць паясы». Але негалосна могуць быць дазволены якія-небудзь схемы абыходу «мараторыя на павышэнне цэн». Гэта павялічыць інфляцыю, але хаця б дасць магчымасць працаваць.

Другі варыянт — беларусам і беларускам давядзецца ўспамінаць (а камусьці і вучыць) словы з не такога, як аказалася, далёкага савецкага мінулага. «Дэфіцыт» мы ўжо ўспомнілі. Давядзецца ўспамінаць такія, як «фарца», «індпашыў», можа быць, нават «спекулянт». І што азначае на самай справе слова «дастаць».

Няма ніякай надзеі на тое, што «Беллегпрам» Таццяны Лугінай, які прайграе канкурэнцыю нават сэканд-хэндам, зможа забяспечыць беларусаў якаснай і недарагой прадукцыяй. А значыць, беларусам давядзецца «круціцца». І я ўжо бачу гэтыя схемы як наяве.

ІПшнікі проста сыдуць у глыбокі цень і будуць прадаваць свае тавары пад маркай «б/у» праз прыватныя аб'явы, напрыклад, на «Куфары». А значыць не будуць плаціць падаткі — і страціць толькі бюджэт.

Можна чакаць больш масавага выезду беларусаў «на закупы» ў Польшчу ці Літву, што прывядзе да пэўнага ціску на валютны рынак і «вымывання» валюты з краіны.

У познія савецкія часы была загадка: «Доўгі, зялёны, пахне каўбасой?». Адгадка — цягнік «Масква — Гомель», калі беларусы не саромеліся ездзіць за каўбасой нават за 700 кіламетраў. Прычым куплялі ў Маскве тую ж беларускую каўбасу, якая вывозілася з БССР для забеспячэння «сталіцы нашай радзімы».

Ці паедуць беларусы за прадуктамі ў Расію, дзе няма такога «цэнавага бязмежжа»? Цалкам не выключана, тым больш, што мяжы з РФ няма.

Беларусы ўспомняць СССР і выжывуць у любым выпадку. Пытанне — у якасці гэтага жыцця.

І нядрэнна б успомніць, што СССР разваліўся не з-за «інтрыг ворагаў», а з-за таго, што так і не змог наладзіць вытворчасць джынсаў. Як не можа гэтага зрабіць цяпер і наш «Беллегпрам».