Меркаванне. Адчапіцеся ад сэкандаў, рэгулюйце Беллегпрам

Не прайшло і года з таго дня, як старшыня канцэрна «Беллегпрама» прапанавала адрэгуляваць сэканд-хэнды ў Беларусі. І вось яна ўжо кажа, што будзе «калі не закрыццё, то, прынамсі, вынас яго [сэканд-хэнду — заўв. рэд.] з якіх-небудзь абласных гарадоў, буйных гарадоў, з цэнтральных вуліц».

second.jpg

Лагічны і прадказальны працяг ідэі рэгуляваць галіну. І, вядома, вельмі своеасаблівае ўяўленне Таццяны Лугінай, што такое сумленная канкурэнцыя. Бо менавіта дзеля яе — сумленнай канкурэнцыі — усё гэта нібыта і ладзіцца.

Пляваць на законы рынку і дзяржавы

Для таго, каб Беллегпрам мог развівацца ў далёкай перспектыве, кіраўніцтву варта змяняць сам канцэрн і рабіць яго прадукцыю больш канкурэнтнай. Рабіць так, што мы, маючы свабодны выбар, куплялі б іх вопратку.
І ўжо даруйце за гэтае ўдакладненне, але без яго ніяк: адсутнасць альтэрнатыў у вольным доступе — гэта не свабодны выбар, а манаполія. І ў Беларусі, між іншым, ёсць антыманапольнае заканадаўства і нават цэлая дзяржаўная палітыка ў сферы процідзеяння манапалістычнай дзейнасці і развіцця канкурэнцыі. Праўда, працуе гэтая палітыка вельмі выбарча, так што Беллегпрам не стане першапраходцам.
Калі пад выглядам барацьбы за прыгажосць горада можна забіваць дробны бізнэс і прыбіраць з вуліц шапікі, а праз нейкі час замяняць іх табакеркі, то чаму пад выглядам барацьбы за сумленную канкурэнцыю нельга пазбавіцца ад сэканд-хэнду?
І тым не менш я нагадаю, што адзін з прынцыпаў антыманапольнай палітыкі — гэта прынцып недапушчальнасці антыканкурэнтных дзеянняў дзяржаўнымі органамі. Забароненыя акты і дзеянні дзяржаўных органаў і іх службовых асоб, якія не дапускаюць, якiя абмяжоўваюць цi ліквідуюць канкурэнцыю. Такім чынам, любы ўказ ці прадпісанне, у адпаведнасці з якім сэканд-хэнды павінны знікнуць з буйных гарадоў і / або цэнтральных вуліц, будзе ісці ў разрэз з антыманапольнай палітыкай.

Пляваць на экалогію

Калі б старшыня Беллегпрама трохі паглыбілася ў тэму, яна б даведалася, што людзі выбіраюць сэканд-хэнды не толькі дзеля эканамічнай выгады. Для некаторых гэта і экалагічны выбар.

second_2.jpg

Для вырошчвання бавоўны, дастатковай для адной пары джынсаў, трэба да 7 тысяч літраў вады. Абсалютная большасць тэкстылю ў свеце не перапрацоўваецца, таму што сучаснае адзенне звычайна складаецца адразу з некалькіх матэрыялаў. У Беларусі не наладжаны збор тэкстыльных адходаў.
Купляючы адзенне ў сэканд-хэндзе, чалавек эканоміць грошы і дапамагае прыродзе, і каб Беллегпрам мог з гэтым канкураваць, яму трэба пакрыць адну з гэтых патрэбаў. Трэба зніжаць цэны або стаць асабліва эка-дружалюбным брэндам. І гэта я не кранаю тэму вонкавага выгляду адзення! Чыста тэхнічныя нюансы: фінансавая выгада і экалагічнасць.
Але Беллегпрам не жадае мяняцца сам, таму што для гэтага давядзецца прызнаць, што яго цяперашняя палітыка ў чымсьці неідэальная. А гэта, ведаеце, занадта радыкальная мера. Прызнаваць свае памылкі ні ў якім разе нельга, а замест гэтага можна паспрабаваць арганізаваць своеасаблівую манаполію.
Праўда, не вельмі зразумела, чаму Лугіна думае, што замест сэкандаў мы пойдзем купляць тавары беларускіх вытворцаў. Поўнай манаполіі ўсё ж не прадбачыцца, і я ой як не ўпэўненая, што беларускія брэнды накшталт «Купалінкі» і «Палесся» будуць у многіх першымі ў спісе альтэрнатыў.

Пляваць на нас

Галоўная мэта канцэрна — атрымаць прыбытак. Для гэтага, здавалася б, трэба завабіць да сябе спажыўцоў. Але не, навошта зарабляць лаяльнасць, калі можна забіць канкурэнцыю і сур’ёзна абмежаваць у выбары? Прыйдуць, маўляў, як міленькія, нікуды не падзенуцца.

second_3.jpg

Толькі вось справа ў тым, што гэта больш падобна на турэмныя паняцці, чым на свабодны рынак. Так, сам па сабе рынак — вельмі нават агрэсіўнае асяроддзе, але пазіцыя Беллегпрама паказвае не акуліную хватку ў бізнэсе, а поўнае няўменне гэтым бізнэсам займацца. У кіраўніцтва канцэрна не хапае ведаў і ўменняў, каб трансфармаваць вытворчасці, а аддзімацца за гэта давядзецца чамусьці нам.
Лугіна, здаецца, лічыць, што спажыўцы нешта вінныя канцэрну. Яно зразумела, што, калі кіраўнік краіны дазваляе сабе заявы, як яму сорамна за народзец, то кіраўніцтва на іншых узроўнях пераймае такія манеры. Толькі вось Беллегпраму хоць нейкая спажывецкая лаяльнасць усё ж патрэбна.
А пакуль што замест лаяльнасці з’яўляецца толькі адно жаданне: Беллегпрам «калі не зачыніць, то, прынамсі, вынесці яго з якіх-небудзь абласных гарадоў, буйных гарадоў, з цэнтральных вуліц». І няхай вяртаецца, калі перастане баяцца канкурэнцыі з «смеццем»
Паводле Зялёнага парталу