Крамы сэканд-хэнд хочуць перанесці на ўскраіны. Чаму?

«Беллегпрам» працягвае настойваць на ўвядзенні больш строгіх умоваў для працы крамаў сэканд-хэнду. Новая ідэя — адсунуць іх на перыферыю.

Фота Зінаіды Цімошак

Фота Зінаіды Цімошак

У інтэрв’ю тэлеканалу СТБ Таццяна Лугіна сказала, што «Беллегпрам» не пакіне спробаў лабіяваць рэгуляванне гэтага віду гандлю: «Магчыма, калі не закрыццё, то прынамсі вынас яго з нейкіх абласных цэнтраў, буйных гарадоў, з цэнтральных вуліц». Аргументацыя неабходнасці абмежаваць сегмент сэканд-хэндавага гандлю прагучала такая: «Мы за сумленную канкурэнцыю. Калі нашы прадпрыемствы вытрымліваюць усе тэхрэгламенты, патрабаванні, мы правяраем на ўсе паказнікі бяспекі вопратку, то хочацца, каб усе на рынку аналагічна працавалі».
Але калі прэтэнзія да бяспекі б/у адзення, то чаму няма праблемы ў яго продажах на ўскраінах тых самых Магілёва ці Віцебска?
Насамрэч, «Беллегпрам» не першы раз і з самымі рознымі матывіроўкамі просіць урад разабрацца з сэканд-хэндам. Тэндэнцыя такая, што беларускія сем’і з нізкім узроўнем даходаў пераарыентоўваюцца на пакупку адзення ў такіх крамах і на анлайн-пакупкі. У прыватнасці, у канцэрне наракаюць, што нібыта да дзвюх трацінаў адзення там — не былое ва ўжытку, а новае. Маўляў, завозіцца з-за мяжы не распрададзены там і істотна патаннелы тавар нават з этыкеткамі. І таму ён павінен адмыслова размытняцца са сплатай увазных пошлін, каб канкурэнцыя была сумленнай.


У 2018 годзе канцэрн прапаноўваў заканадаўчую норму аб забароне прадаваць праз інтэрнэт патрыманыя рэчы. Яна тычылася толькі анлайн-продажу ІП і юрыдычнымі, а не фізічнымі асобамі. Падстава фармулявалася так: у пакупнікоў няма магчымасці атрымаць у поўным аб’ёме інфармацыю пра стан тавару, яго недахопы, бо апісанняў і фотаздымкаў у інтэрнэце недастаткова для належнага ўяўлення. Апроч таго, даводзілася, што, набываючы такія тавары ў інтэрнэт-краме і ажыццяўляючы дыстанцыйную аплату перад дастаўкай, пакупнікі пазбаўляюцца магчымасці вярнуць тавар. Бо, паводле закона, былыя ва ўжытку рэчы абмену і вяртанню не падлягаюць.
Але па выніках грамадскага абмеркавання, калі паступіла мноства негатыўных водгукаў ад людзей, гэтую забарону з падрыхтаванай пастановы Саўміна выкасавалі.
Па словах Лугіной, у 2019 годзе ў Беларусь было завезена сэкан-хэнду на 78 мільёнаў долларў. Па яе словах, гэта «вялікая лічба». Частка якой — гэта недаатрыманы прыбытак «беллегпрамаўскіх» прадпрыемстваў. Дарэчы, усяго ў галіне ў 2019 годзе было выраблена прадукцыі на 880 мільёнаў долараў, паведамілі ў прэс-службе «Беллегпраму».
Заклапочанасць кіраўніцтва канцэрна расце і таму, што ў 2019 годзе экспарт прадукцыі яго прадпрыемстваў склаў 94% ад паказнікаў 2018 года. Лугіна прызналася, што згублена каля 20% долі на расійскім рынку. Натуральна, што страты кампенсуюцца дыверсіфікацыяй паставак (напрыклад, экспарт у краіны ЕС летась вырас на 0,6%) і спробамі павялічыць продажы на ўнутраным рынку. А сэканд-хэнд тут, улічваючы ўзровень жыцця ў Беларусі, з’яўляецца непажаданым канкурэнтам.
Дарэчы, крыху заробяць прадпрыемствы «Беллегпраму» на каронавірусе. Там паведамляюць, што ўжо пастаўлена на замову, перадусім «Белмедтэхнікі» і «Белфармацыі», амаль 400 тысяч медычных масак.