У віцебскай школе клас на каранціне — падазраюць каронавірус
Прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Беларусі Ілона Барадун пацвердзіла, што каранцін у школе ўведзены ў сувязі з выпадкам захворвання на каронавірус у супрацоўніцы кампаніі «Марка», піша Радыё Свабода.
Пра тое, што ў жыхаркі Віцебска пацвердзіўся выпадак захворвання каронавірусам, у панядзелак 2 сакавіка афіцыйна паведамілі на прэс-канферэнцыі Міністэрства аховы здароўя. Паводле інфармацыі Свабоды, у гэты ж дзень у абласным цэнтры былі ўведзеныя дадатковыя захады бяспекі. У прыватнасці, вучні некалькіх класаў віцебскіх школаў былі пераведзеныя на хатняе навучанне. Гэта пацвердзіў дырэктар адной з навучальных установаў.
«Адзін клас так, займаецца дома, — сказаў у размове са Свабодай дырэктар віцебскай школы № 44 Сяргей Піталенка. — З учорашняга дня. Дзеці вучацца праз інтэрнэт, праз вайбэр. У залежнасці ад таго, якія сродкі даступныя вучням. Настаўнікі дасылаюць ім неабходную інфармацыю. Каранцін датычыць аднаго з восьмых класаў, 22 чалавекі там вучацца. Прычыны назваць вам не магу. Скажу толькі, што гэта не мая прыдумка, не кіраўніцтва школы гэтае рашэнне прымала».
Па словах дырэктара, панікі ў школе № 44 няма, сёння ўсе вучні іншых класаў прысутнічаюць на занятках.
«У нас сітуацыя цяпер не адрозніваецца ад той, якая ўзнікае падчас іншых хваробаў у вучняў, — запэўніў дырэктар. — Настаўнікі таксама ўсе працуюць. Пакуль мы не прымалі дадатковых захадаў бяспекі. У нас ёсць у дастатковай колькасці сродкі дэзінфекцыі. Дадатковых рэкамендацый пакуль няма».
У віцебскай гімназіі № 1, дзе, паводле інфармацыі Свабоды, у адным з класаў таксама можа быць уведзены каранцін у сувязі з падазрэннем на каронавірус, сітуацыю каментаваць адмовіліся.
svaboda.org