А ў Беларусі ёсць армія?
І калі гэтая армія ёсць, то чым яна займаецца? Пытанне, здавалася б, дурное, але адказ на яго зусім не відавочны. Таму што па навінах апошніх дзён у мяне ўзнікаюць абгрунтаваныя сумневы не толькі ў яе баяздольнасці (гэтыя сумневы ўжо не абмеркаваў толькі лянівы), але і наогул у яе існаванні.
Глядзіце самі. На сумеснай калегіі абаронных ведамстваў Беларусі і Расіі міністр абароны нашага «саюзніка» Сяргей Шайгу заявіў, што NATO нарошчвае групоўку на ўсходнім флангу, што ставіць пад удар Беларусь. «Ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе, а таксама ў краінах Балтыі разгорнуты фарміраванні ўзброеных сіл дзяржаў NATO. Ствараюцца новыя шматнацыянальныя батальённыя тактычныя групы ў Балгарыі, Венгрыі, Румыніі і Славакіі. Колькасць групоўкі з лютага 2022 года вырасла ў 2,5 разы і складае больш за трыццаць тысяч чалавек, а ў бліжэйшай перспектыве можа яшчэ павялічыцца. Пад ударам акажуцца і нашы саюзнікі, перш за ўсё брацкая Рэспубліка Беларусь», — сказаў ён.
Тут бы нашым вайскоўцам і пачаць турбавацца, але... Ці ёсць каму турбавацца? Вядома, нашы генералы заявілі аб падрыхтоўцы сумесных вучэнняў «Шчыт Саюза», але выглядае гэта неяк непераканаўча. Таму што Шайгу заявіў пра «варожыя БТГ» цяпер, а вучэнні будуць у наступным годзе.
Нашы генералы, падобна, больш заклапочаныя экскурсіямі па прадпрыемствах і ўстановах, дзе яны спрабуюць растлумачыць народу «палітыку партыі» пра варожы Захад. А хто будзе Радзіму абараняць, пакуль яны ездзяць па краіне?
Ёсць каму! Сумна вядомы намміністра ўнутраных спраў, камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў сказаў у інтэрв'ю СТБ, што атрады ветэранаў унутраных войскаў гатовыя да выканання баявых задач.
«Вы ведаеце, наша асацыяцыя «Гонар», нашы ветэраны спецыяльнага прызначэння, афіцэры, прапаршчыкі, якія па 25 гадоў адслужылі ў спецназе, так шмат жадаючых аказаць дапамогу ўнутраным войскам, Узброеным сілам у выкананні ўсіх тых задач, якія мы на дадзены момант выконваем. Калі спатрэбіцца, і са зброяй у руках. Наша асацыяцыя «Гонар» — гэта адказ усім вось гэтым ПВК, наймітам, якія, як мы ведаем, ваююць на тым баку», — патлумачыў былы кіраўнік ГУБАЗіКа.
З яго слоў, баявыя атрады ветэранаў нанясуць зруйнавальны ўдар і знішчаць непрыяцеля.
Па-першае, пасыл Карпянкова цікавы наконт «усіх вось гэтых ПВК, наймітаў, якія, як мы ведаем, ваююць на тым баку». Пакуль мы ведаем пра адну ПВК — «Вагнер», якая наймае расійскіх зняволеных для баявых дзеянняў ва Украіне. Усе ўкраінскія «замежныя» фарміраванні — ад Палка Каліноўскага і грузінскага батальёна і да Замежнага легіёна — з'яўляюцца падраздзяленнямі рэгулярнай арміі Украіны. Дык з кім насамрэч сабраўся ваяваць Карпянкоў?
У кадравых вайскоўцаў, я вам скажу, каласальна складаная задача. Цяпер усе сілы беларускага войска кінутыя на тое, каб навучыць дзяцей у дзіцячых садках спяваць гімн. І гэта не жарт — менавіта пра гэта ў эфіры таго ж канала СТБ казаў цэлы памочнік міністра абароны — начальнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Леанід Касінскі.
Армейскі ідэолаг заявіў, што неабходна прымушаць дзяцей любіць сцяг і гімн. «Гэта цяпер ужо адбываецца ва ўсіх нашых навучальных установах», — патлумачыў ён, маючы на ўвазе ўрачыстае ўзняцце дзяржсцяга і выкананне гімна.
На прапанову вядучага рабіць гэта кожны дзень Касінскі адзначыў: «Можа быць, кожны дзень і не трэба. Што тычыцца размоў пра тое, палітызуем мы ці не, я скажу так: калі гэтыя размовы актыўна ідуць ад нашых апанентаў, калі іх пачынаюць вар'яваць усе нашы крокі і дзеянні па патрыятычным выхаванні, я для сябе даўно ўжо зразумеў — значыць, усё робім правільна. Калі ім не падабаецца, калі яны абмяркоўваюць — усё робім правільна», — падзяліўся сваімі высновамі генерал.
Праўда, можа быць, я дарма тут выскаляюся. Можа, у гэтым і ёсць хітры стратэгічны разлік нашага Мінабароны. Калі групоўка NATO, пра якую казаў Шайгу, увойдзе ў Беларусь, іх сустрэнуць дашкольнікі спевам гімна. Байцы NATO, усякія «марскія коцікі», натуральна афігеюць. А потым на іх рушаць атрады пенсіянераў... Ну не будзе ж армія NATO ваяваць са старымі і дзецьмі, правільна?
Варта адзначыць, што я не арыгінальны. Пэўныя працы ў гэтым кірунку ідуць і без маіх падказак. 2566-ы завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення ў Барысаве распрацаваў... Што б вы думалі? Новую «глушылку» для процідзеяння беспілотнікам? Сістэму падаўлення сігналаў навядзення ракет? Не, не адгадалі. Завод па рамонце радыёэлектроннага ўзбраення (!!!) распрацаваў электравеласіпед для міліцыі! Абсталяваны жудасна страшнай зброяй — страбаскопам, гучнагаварыцелем, кранштэйнам з мацаваннем для пераноснай радыёстанцыі, кантэйнерам багажніка для аптэчкі і ёмістасці з вадой.
У астатнім у нас усё ідзе прадказальна. Памятаеце, калі Лукашэнка прызначыў адказнымі за цэны мясцовых чыноўнікаў, мы выказалі здагадку, што гэта прывядзе да велізарнай карупцыі? І вось у пракуратуры Брэсцкай вобласці ўжо паўсталі прэтэнзіі да чыноўнікаў, якія сочаць за цэнамі.
Пракуроры лічаць, што ў некаторых правяральшчыкаў не было дастатковых ведаў, а сельскім крамам надавалася занадта мала ўвагі. «Мелі месца факты, калі ў склад рабочых груп уваходзілі службовыя асобы, якія не валодаюць неабходным узроўнем спецыяльных ведаў у фінансава-эканамічнай сферы. У асобных выпадках выбар аб'екта праверкі аказваўся немэтазгодным», — заявіла служба інфармацыі пракуратуры Брэсцкай вобласці.
Вядома, «прысмактацца» да такой крыніцы рэсурсаў хочацца ўсім, а не толькі тым, што валодае «неабходным узроўнем спецыяльных ведаў». Вось брэсцкія чыноўнікі зразумелі першыя.
Ну і апошняе — на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску збіраюцца ўсталяваць помнік, прысвечаны адзінству беларускага народа. Сем скульптараў і аўтарскіх калектываў прадставілі свае эскізы міжведамаснай рабочай групе.
Дзе і з якой нагоды ставяцца помнікі, думаю, самі разумееце. Асабліва паказальна, калі такая навіна прыйшла на Дзяды.