Валерый Карбалевіч: Сёння ў Беларусі мае шанец той, хто выйграе барацьбу за мір

Калі глядзець на заявы афіцыйных асобаў вачыма абывацеля, то з кожным днём жыць у Беларусі становіцца ўсё страшней. Усе яны прасякнутыя страхам і пагрозамі блізкай вайны, піша палітолаг у сваім блогу на Радыё Св*бода.

274558710_5277720865585467_8523838231269955669_n.jpg


Лукашэнка ўжо больш за два гады цвердзіць, што на Беларусь вось-вось збіраецца нехта напасці (ці то Польшча, ці то NATO, ці то Украіна). Да нагнятання напружанасці далучаюцца расійскія чыноўнікі.

Другога лістапада міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу на сумеснай калегіі ведамстваў дзвюх краін заявіў, што «пад ударам можа апынуцца Беларусь».

Кіраўнікі сілавых структураў працягваюць ездзіць па краіне і пужаць народ ужо не толькі вонкавай пагрозай, але і грамадзянскай вайной.

Старшыня КДБ Іван Тэртэль падчас сустрэчы з працоўнымі калектывамі ў Магілёве 1 лістапада параўнаў сітуацыю, якая цяпер складваецца ў свеце, з той, якая была напярэдадні Першай і Другой сусветных войнаў, і апавядаў, што «беглыя» «ужо не бачаць магчымасці мірных пераменаў і актыўна распрацоўваюць сілавы сцэнар змены канстытуцыйнага ладу».

І тут варта адзначыць, што і з другога боку палітычнага супрацьстаяння шмат гавораць пра нямірны шлях пераменаў у краіне. Вось нядаўна прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета ў пытаннях абароны і бяспекі Валерый Сахашчык і кіраўнік Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк на «Еўр*радыё» разважалі пра стварэнне і задзейнічанне беларускіх вайсковых фармаванняў. Таксама прадстаўнікі палка Каліноўскага абяцаюць «вызвольны паход» на Беларусь у пэўны момант.

Такім чынам, прывід грамадзянскай вайны паўстае на інфармацыйным экране Беларусі як будучая рэальнасць. Не выклікае сумневу, што значная частка прадстаўнікоў абодвух палітычных флангаў маральна і псіхалагічна гатовыя да такога развіцця падзей. Два гады існавання ва ўмовах халоднай грамадзянскай вайны зрабілі сваю справу.

А як гэта ўспрымае глыбінны народ, тыя абывацелі, якія жывуць сваім звычайным жыццём і да палітыкі звяртаюцца толькі час ад часу? Нават без сацыялогіі можна канстатаваць, што беларусы баяцца вайны. Любой. Страх вайны глыбока сядзіць у генетычнай памяці людзей.

Паводле сацыялагічных даследаванняў прафесара Андрэя Вардамацкага, 60% беларусаў адмаўляюць, што Беларусь з'яўляецца «саўдзельніцай ваеннага канфлікту ва Украіне». Прытым, што пра выкарыстанне расійцамі беларускай тэрыторыі дзеля нападу на суседнюю дзяржаву гавораць не толькі незалежныя медыя. Сам Лукашэнка некалькі разоў прызнаваў гэты факт.

Аднак беларусам страшна прыняць гэта. Ці яны не лічаць выкарыстанне беларускай тэрыторыі саўдзелам. Бо разумеюць, што могуць быць вельмі непрыемныя наступствы. Гэтае псіхалагічнае адмаўленне відавочнага факту даволі адметнае. Лепш зрабіць выгляд, што ўсё добра, маўляў, «мы, беларусы, — мірныя людзі».

Ва ўмовах, калі няма глыбокіх і цалкам рэпрэзентатыўных сацыялагічных даследаванняў, цяжка дакладна вызначыць, якія працэсы адбываюцца ў беларускім грамадстве. Бо на палітычны крызіс 2020 году налажылася цяперашняя вайна ва Украіне, што стала для грамадскай свядомасці вялікім землятрусам.

Выкажу гіпотэзу, што сёння ў беларускім грамадстве замест дылемы «дэмакратыя або дыктатура» дамінуючай стала дыхатамія «мір — вайна». І той, хто гарантуе ці хаця б паабяцае народу мір, можа атрымаць грамадскую падтрымку. Здаецца, гэта не вельмі разумее дэмакратычная апазіцыя. Ці разумее, але не вельмі дакладна фармулюе. Бо для абывацеля сёння небяспекай здаецца не столькі вобраз Лукашэнкі-дыктатара, колькі тое, што ён уцягвае Беларусь у вайну. І больш блізкім да рэальнасці быў бы такі паліттэхналагічны канструкт: Лукашэнка — гэта вайна, Ціханоўская — гэта мір.

Сёння ў Беларусі мае шанец той, хто выйграе барацьбу за мір, а не запалохвае людзей вайной.