Шайгу заявіў, што Беларусь можа аказацца пад ударам NATO. Але ёсць «але»
На сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі вайскоўцы дзвюх краін абвінавацілі NATO ў мілітарызацыі і заявілі пра новыя вучэнні «Шчыт Саюзу-2023».
Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў аб мілітарызацыі ўсходняга флангу NATO і анансаваў сумесныя з Расіяй вучэнні «Шчыт Саюзу-2023». Паводле яго слоў, на абедзве краіны аказваецца «ціск і гібрыднае ўздзеянне», перадае Радыё Св*бода.
«Актыўна ўдасканальваецца вайсковая інфраструктура. На сумежных тэрыторыях у разы павялічана колькасць мерапрыемстваў аператыўнай і баявой падрыхтоўкі альянсу», — цытуе чыноўніка прэс-служба Мінабароны Беларусі.
Хрэнін паведаміў, што Мінск і Масква пачалі рыхтавацца да правядзення сумесных аператыўных вучэнняў «Шчыт Саюзу-2023». Гэтыя манёўры, паводле яго слоў, стануць «галоўным мерапрыемствам сумеснай падрыхтоўкі органаў вайсковага кіравання і войскаў [Беларусі і РФ] у наступным годзе».
Міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу заявіў, што ў Крамлі лічаць Беларусь верным саюзнікам і надзейным партнёрам. Ён успомніў пра вайну ва Украіне, а затым выказаў здзіўленне тым фактам, што колькасць групоўкі NATO ва Усходняй Еўропе з лютага 2022 году вырасла ў 2,5 разы і складае больш за 30 тысяч чалавек, «а ў блізкай перспектыве можа яшчэ павялічыцца».
«У такім выпадку пад ударам можа аказацца Беларусь, таму прыярытэтнай задачай з’яўляецца гарантаванне ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы», — заявіў Шайгу.
У рамках гэтага саміта ішла гаворка аб канцы стратэгічнага партнёрства з Расіяй у святле яе агрэсіі ва Украіне. Адказам альянсу на новую рэальнасць стане значнае павелічэнне колькасці сіл хуткага рэагавання на ўсходнім флангу, папярэджваў генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг, нагадвае ВВС.