Нарэшце заўважылі. Галоўчанка назваў школьнае харчаванне нясмачным, аднастайным і неэстэтычным

Міністр адукацыі Андрэй Іванец заявіў пра неабходнасць перагляду кошту харчавання ў школах. Але прэм’ер Галоўчанка раскрытыкаваў сам падыход Мінадукацыі да харчавання школьнікаў.

thoomy72bjg.jpg


Неабходнасць перагледзець кошт харчавання Іванец матываваў тым, што змяненне грашовай нормы магчыма, калі яна больш чым на 5% адрозніваецца ад узроўню цэн, якія прадстаўляюцца Белстатам. Апошні раз Саўмін падвышаў кошт харчавання ў сакавіку 2022 года.

Іванец таксама паведаміў, што ў школах зменіцца меню, але гэта змяненне не закране натуральныя нормы. «...колькасць мясных прадуктаў, гародніны, садавіны, сокаў будзе нязменнай. Толькі зменіцца форма, у якім выглядзе яны будуць прадстаўлены», — растлумачыў міністр.

У адказ на гэта прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка абурыўся. Па словах прэм’ера, у школьных сталовых дзецям даюць нясмачныя, аднастайныя і неэстэтычныя стравы, ад якіх застаецца шмат адходаў. На думку прэм'ер-міністра, у развітых краінах школьнае харчаванне прыроўнена да пытанняў нацыянальнай бяспекі.

«У большасці развітых краін пытанне забеспячэння школьнікаў і дашкольнікаў якасным харчаваннем прыроўнена да пытанняў нацыянальнай бяспекі. Відавочная ўзаемасувязь рацыёну падлеткаў з іх станам здароўя. На жаль, нашых дзяцей таксама закранулі негатыўныя з'явы, звязаныя з ростам спажывання хлебабулачных вырабаў, чыпсаў, прысмакаў, салодкіх газаваных напояў, недахоп мікра- і макранутрыентаў, высокае спажыванне цукру, солі і транстлушчаў. Думаю, што гэту праблему варта разгледзець на ўзроўні ўрада», — сказаў ён.


Кіраўнік урада нагадаў, што ў пачатку года актуалізавалі нормы харчавання, але пытанне — не ў нормах, а ў якасці.

«Застаецца шмат пытанняў як да якасці школьнага харчавання, так і да яго арганізацыі. Органы кантролю працягваюць выяўляць факты недаўкладанняў, недавесаў, парушэнняў у тэхналогіі гатавання страў, выкарыстання непрыдатных прадуктаў. Навучэнцам нярэдка прапануюцца заведама нясмачныя, аднастайныя, неэстэтычна аформленыя стравы. Дзеці іх проста не ядуць. Вы што, пра гэта не ведаеце? Адсюль і вялікая колькасць адходаў пасля школьных сняданкаў і абедаў. А харчаванне прадастаўляецца 1,1 млн дзяцей», — заявіў прэм'ер.

Паводле яго слоў, Міністэрства адукацыі ўжо прапанавала шэраг мер, але ўсе яны ў асноўным з'яўляюцца арганізацыйна-фінансавымі. Галоўчанка хоча кардынальных змен.

«Меры павінны быць такімі, каб зрабіць харчаванне ў школах, гімназіях, дашкольных установах сапраўды смачным, здаровым, разнастайным, з улікам пажаданняў дзяцей. Дзе адукацыйныя праграмы па прапагандзе здаровага харчавання і фарміраванні правільных харчовых паводзін? Чаму слаба выкарыстоўваюцца распрацоўкі і рэкамендацыі НПЦ па харчаванні НАН Беларусі?» — разнёс ён Іванца.

Варта зазначыць, што насамрэч школьнае харчаванне арганізацыйна да школ не мае ніякага дачынення. Гэтым займаецца асобная структура — камбінаты школьнага харчавання.

Паводле АФН, reform.by