Бацькі маюць права адмовіцца ад школьнага харчавання. Але на практыцы проста не атрымаецца
"У нас няма ніякага прыгоннага права", — заявіў намеснік міністра адукацыі. Але разам з тым паабяцаў павышаную "ўвагу" да такіх дзяцей у школе. Як будзе рэалізавана права бацькоў адмовіцца ад школьнай ежы?

Бацькі навучэнца могуць адмовіцца ад школьнага харчавання без тлумачэння прычын. Аднак ад бацькоў могуць запатрабаваць забяспечыць дзіця карысным і збалансаваным харчаваннем. Пра гэта заявіў намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай.
"У нас няма ніякага прыгоннага права і прымусовай сістэмы арганізацыі харчавання для падлеткаў", — заявіў чыноўнік. І адзначыў, што для адмовы ніякіх даведак ад педыятра прадастаўляць не трэба.
Але не ўсё так проста… Кадлубай далей папярэдзіў: "Трэба звярнуць увагу бацькоў на тое, што яны гатовыя прапанаваць наўзамен. Калі яны гатовыя самастойна арганізаваць паўнавартаснае, здаровае харчаванне для сваіх дзяцей, я не думаю, што будуць нейкія праблемы з адміністрацыяй. Але ўвага будзе да гэтага дзіцяці з боку школы і класнага кіраўніка, і яна аб'ектыўная. Дзіця знаходзіцца ў школе, умоўна, з 8.00 да 14.00 (без груп падоўжанага дня і дадатковых заняткаў, факультатываў), і трэба разумець, як арганізавана харчаванне для канкрэтнага непаўналетняга".

На практыцы гэта можа быць рэалізавана наступным чынам: адміністрацыя школы стварае камісію, якая мае права не толькі правяраць кожную сабойку дзіцяці на карыснасць і збалансаванасць, але і сачыць за тым, каб дзіця было забяспечаны гарачым харчаваннем. У разуменні беларускіх чыноўнікаў, "гарачае харчаванне" з'яўляецца складовай часткай збалансаванага харчавання.
Сёння таксама Аляксандр Кадлубай агучыў, што выдаткі на харчаванне ва ўстановах адукацыі будуць павышаныя, аднак з улікам росту коштаў, у тым ліку і на прадукты харчавання, гаворка ідзе толькі аб частковай індэксацыі: «Грашовая норма выдаткаў на харчаванне ў залежнасці ад тыпу ўстановы адукацыі і часу знаходжання ў ёй павялічаная ад 9% да 13%. Напрыклад, ва ўстановах дашкольнай адукацыі — на 10%, сярэдняй адукацыі — на 11%».

Паводле АФН