«Любая дапамога для нашай сям'і важная». Як дапамагаюць сабраць дзяцей у школу сем'ям палітвязняў
Пяць ініцыятыў аб'ядналіся, каб дапамагчы дзецям беларускіх палітвязняў сабрацца ў школу. Хто і якую дапамогу атрымае напярэдадні новага навучальнага года?
Фонд салідарнасці B*SOL, дабрачынны фонд «Краіна для жыцця», ініцыятыва дапамогі палітычным зняволеным у Беларусі Dissidentby, Беларускае аб'яднанне RAZAM e.V., дабрачынная арганізацыя Littowin LIONS CLUB сабралі грошы на дапамогу дзецям палітвязняў напярэдадні новага навучальнага года. Пра гэта паведамляе нямецкая радыёстанцыя, забароненая ў Беларусі.
«Сем'і могуць выдаткаваць грошы па сваім меркаванні»
Як адзначаюць арганізатары акцыі, у Беларусі для таго, каб сабраць дзяцей у школу, улады прапануюць узяць спецыяльныя крэдыты з ільготнымі адсоткамі. За іх можна купіць канцтавары або верхнюю вопратку беларускай вытворчасці, але нават гэта часам недаступна для сем'яў палітвязняў.
«Мы хочам, каб 1 верасня стала сапраўдным святам для дзяцей беларускіх палітвязняў. Мы падтрымліваем не толькі сем'і палітвязняў, якія прызнаны такімі праваабарончымі арганізацыямі, але і сем'і, дзе ёсць асуджаныя па палітычных артыкулах, нават калі афіцыйнага статусу палітвязня ў чалавека няма. Да таго ж стараемся дапамагчы людзям, якія знаходзяцца на так званай “хатняй хіміі”(абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу)», — растлумачылі прадстаўнікі аднаго з арганізатараў, Фонду салідарнасці B*SOL.
Агульнымі намаганнямі за кароткі час пяць ініцыятыў, якія займаюцца падтрымкай палітвязняў, сабралі каля 15 тысяч еўра, за гэтыя грошы сабрацца ў школу дапамогуць 189 дзецям у Беларусі і за мяжой. «Калі хтосьці з блізкіх знаходзіцца ў СІЗА, калоніі або на “хіміі”, гэта заўсёды вялікія выдаткі. Усё роўна, дзе ты знаходзішся (у Беларусі ці за мяжой), калі істотная сума сямейнага бюджэту сыходзіць на падтрымку чалавека ў зняволенні, — адзначаюць арганізатары. — На кожнага дзіця палітвязня будзе выдзелена па 75 еўра. Мы хочам, каб гэтыя грошы сям'і патрацілі па сваім меркаванні».
«Любая дапамога для нашай сям'і важная»
«Спачатку я адмаўлялася ад дапамогі, было нязручна, думала, камусьці больш патрэбна, да таго ж у нас яшчэ былі нейкія зберажэнні. Цяпер яны скончыліся, цэны пастаянна растуць. У гэтым навучальным годзе ў школе прыдумалі апрануць усіх дзяцей у аднолькавую форму — гэта дадатковыя выдаткі. Любая дапамога для нашай сям'і важная», — распавядае Алена (імя зменена па просьбе суразмоўцы). Яе мужа нядаўна асудзілі за ўдзел у пратэстах пасля выбараў 2020 года. Пасля яго затрымання сям'я апынулася ў складаным фінансавым становішчы, Алене давялося ўладкавацца на другую працу: «Я працавала ў краме, заробкі там капеечныя, муж фактычна быў адзіным карміцелем. Да таго ж мы жывём у здымнай кватэры».
Дапамога ад фондаў напярэдадні новага навучальнага года — гэта магчымасць хоць неяк парадаваць сына-падлетка, які вельмі цяжка перажывае расстанне з бацькам. «Тата для яго ўсё. Кожны ліст ад бацькі — гэта слёзы. Хоць муж яго і супакойваў, казаў, што ўсё гэта часова, для дзіцяці гэта боль. Яму хацелася б, каб тата быў побач», — дзеліцца Алена.
Адна пасылка ў калонію абыходзіцца ў 500 еўра
Муж Вольгі (імя змененае) знаходзіцца ў зняволенні паўтара года — за каментарый у сацсетках, які інтэрпрэтавалі як «абразу прэзідэнта». За гэты час у Вользінай сям'і сем разоў былі з ператрусамі, усё праходзіла на вачах чацвярых дзяцей. «Малодшай дачцэ быў год, калі забралі мужа, таму яна ведае тату толькі па фатаграфіі. Мужу таксама цяжка, ён не бачыў яе першыя крокі, не чуў першыя словы, — распавядае жанчына. — Старэйшыя дзеці пішуць лісты тату, пасылаюць малюнкі, ён таксама піша ім асобна. Дзеці ведаюць, дзе тата, што ён не зрабіў нічога дрэннага, ён для іх герой».
Цяпер муж Вольгі знаходзіцца ў калоніі, апошняе спатканне з ім дазволілі вясной, званкоў, па словах жанчыны, таксама даўно не было. «Гэта ўсё складана і маральна, і фізічна. Да таго ж, калі ў сям'і ёсць палітвязень, — гэта вялікія фінансавыя выдаткі, — прызнаецца суразмоўца. — Адна пасылка, якую ў калонію можна адпраўляць раз на тры месяцы, абыходзіцца ў 1000 -1200 рублёў (каля 400 -480 еўра), для мяне гэта непад'ёмная сума, мая дапамога па доглядзе за дзіцем — 750 рублёў (300 еўра). Нядаўна мужу патрэбны быў адвакат, калі б не дапамога ініцыятыў і фондаў, у нашых палітвязняў не было б ні адвакатаў, ні перадач».
Пры гэтым, распавядае Вольга, любая такая дапамога ў Беларусі — па-за законам, і за яе таксама могуць пераследваць. Вольга атрымлівае грошы для дзяцей другі раз: за першыя (на летні адпачынак) двум старэйшым дзецям вырашылі купіць ровары, каб ездзіць у школу, гэтым разам — канцтавары і абутак, калі застанецца, то яшчэ кніжкі: хлопцы вельмі любяць чытаць.
У гэтым верасні ў школу магла пайсці яшчэ адна дачка Вольгі, ёй ужо споўнілася шэсць гадоў і да вучобы дзяўчынка гатовая, але ў сям'і вырашылі адкласці гэтую падзею на год, каб дзяўчынку ў першы клас павёў тата, які да таго часу павінен выйсці на волю.