Хроніка рэпрэсій у Беларусі за 23 жніўня
Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца ні на дзень.
Музыка Ігар Банцар атрымаў новыя 15 сутак арышту. Ён мусіў вызваліцца 19 жніўня пасля пятнаццаці сутак арышту. Але на волю ён так і не выйшаў. А сёння, 22 жніўня, у Цэнтральным судзе горада Мінска прайшоў другі судовы працэс над Ігарам Банцарам па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Яму зноў прысудзілі 15 сутак арышту.
Знік палітвязень Улад Карэцкі. Ужо месяц маці не атрымлівае ад яго вестак з наваполацкай калоніі і не ведае, што з сынам. Уладу Карэцкаму 21 жніўня споўнілася 26 гадоў. У наваполацкай калоніі хлопец ужо амаль год.
Улада Карэцкага затрымалі ў жніўні 2020 года, змясцілі ў СІЗА КДБ, потым — на Валадарскага. Хлопца абвінавацілі ў падрыхтоўцы і ўдзеле ў масавых беспарадках і прысудзілі 5 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У Брэсце агучылі прысуд 18-гадоваму палітвязню Раману Карпуку — тры гады калоніі. Яго асудзілі за адпраўку 99 лістоў членам камісій па рэферэндуме. У тэксце лістоў былі заклікі падлічваць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках, а таксама пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса з адказнасцю для фальсіфікатараў.
2 верасня ў судзе Ленінскага раёна Мінска пачнуць судзіць палітзняволенага Ігара Ледніка. Сябра БСДП будуць судзіць за артыкул «Мiжнародна прызнаны нейтралiтэт Беларусi — гарантыя бяспекi у рэгiёне АБСЕ».
Керамістку Наталлю Карнееву і яе мужа затрымалі на мінулым тыдні. Яе дзесяцігадовую дачку Багдану адправілі ў прытулак. Цяпер апеку над Багданай афармляе сваячка, у якой ёсць жылплошча і дастатковы даход.
Аляксея Качанава асудзілі па «справе Зельцэра» і выпусцілі з-за кратаў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасці справы невядомыя. Суддзя Вячаслаў Калюка асудзіў Качанава да аднаго года і чатырох месяцаў калоніі. Палітвязень ужо адбыў гэты тэрмін падчас следства — за кратамі ён знаходзіўся з 30 верасня 2021 года. Таму пасля прысуду Аляксея выпусцілі з залі суда.
Крымінальную справу па абвінавачанні Анатоля Латушкі, Алены Маліноўскай і Ліліі Ананян па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу накіравалі ў суд.
Былога кіраўніка "Аховы птушак Бацькаўшчыны" Віктара Фенчука этапавалі ў папраўчую калонію №15. Палітвязня асудзілі да 2,5 гадоў зняволення і 196 тысяч рублёў кампенсацыі "Мінсктрансу". Згодна з матэрыяламі справы, "Фянчук блакаваў рух транспарту на праезнай частцы і выкрыкваў розныя лозунгі. Падчас расследавання выяўлена яшчэ пяць аналагічных эпізодаў, здзейсненых ім".
Аблава ў Фаніпалі — затрыманыя тры чалавекі за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. "Пакаяльныя" відэа з'явіліся на адным з праўладных Telegram-каналаў. Сярод затрыманых — студэнт БДМУ і індывідуальны прадпрымальнік. У дачыненні да іх распачата крымінальная справа па арт. 342 КК РБ.
ГУБАЗіК затрымаў Аляксандру Доўгую — жанчыну, якая даглядае за дзіцём з інваліднасцю. Падставай стала відэа ў TikTok у падтрымку Украіны.
У Гродне пенсіянерку Таццяну Мацяеўскую асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» за лайк карыкатуры на Лукашэнку, гэта прызнанае яго абразай (ч. 1 арт. 368 КК). Справу разглядаў суддзя Уладзімір Пазняк.
Сяргей Серабро, галоўны рэдактар «Народных навінаў Віцебска», застаўся на волі пасля візіту на размову ў ГУБАЗіК.
На волю выйшаў фатограф Сяргей Марозаў. Яго затрымалі на аўтафестывалі «Лакацыя», што праходзіў 20 жніўня ў Гродне. Сяргею прызначылі штраф за «экстрэмісцкія» падпіскі ў Instagram і вызвалілі.