18-гадоваму палітвязню прысудзілі калонію за рассылку лістоў членам камісій па рэферэндуме
У судзе Маскоўскага раёна Брэста агучылі прысуд 18-гадоваму палітвязню Раману Карпуку, паведамляюць праваабаронцы. Хлопца, які навучаўся на першым курсе ўніверсітэта, абвінавацілі па ч.2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса (перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў, праву на ўдзел у рэферэндуме) за адпраўку 99 лістоў членам камісій па рэферэндуме ад імя «палітычных» суддзяў.
У тэксце лістоў былі заклікі падлічваць галасы сумленна, паведамляць пра парушэнні на выбарчых участках, а таксама пералік артыкулаў Крымінальнага кодэкса з адказнасцю для фальсіфікатараў. Сам Раман адзначыў на судзе, што ён усяго толькі хацеў, каб галасы палічылі сумленна: «Я хацеў, каб рэферэндум прайшоў справядліва і па законе».
У выніку суддзя Таццяна Лаўранюк дала хлопцу тры гады
калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму — менавіта такое пакаранне запрасіў пракурор
Павел Крупеніч.