Рэдактар партала «Народныя навіны Віцебска» на волі пасля выкліку ў ГУБАЗіК (абноўлена)

Сяргей Серабро, галоўны рэдактар «Народных навінаў Віцебска», на волі пасля візіту ў ГУБАЗіК. 

serabro_0.jpg

Пра тое, што ён на волі, Сяржук Серабро паведаміў на сваёй старлонцы ў фэйсбуку: «Я на свабодзе. Усё норм. Ніякіх эксцэсаў не было. Даў "объяснение", як асвятляў падзеі 2020-га» .

Нагадаем, пра выклік у ГУБАЗіК Сяргей Серабро напісаў у фэйсбуку з кароткім тлумачэннем — што выклікаюць «па падзеях 2020 года». Іншых падрабязнасцяў пра тое, што стала нагодай выкліку ў ГУБАЗіК, ён пакуль не ведае.

У кастрычніку 2020 года Сяргея Серабро, а таксама Таццяну Мацвееву і Алеся Пілецкага міліцыянты затрымлівалі для прафілактычнай гутаркі, нагадвае БАЖ. Тады журналісты меліся асвятляць мірнае шэсце ў Віцебску, але апынуліся ў аддзеле ўнутраных спраў Першамайскага раёна. Паводле слоў Сяргея, ніякіх прэтэнзій у міліцыянтаў тады не было.

«Спачатку нас пасадзілі ў залу, перапісалі нашы дадзеныя і праверылі дакументы. Потым сталі выклікаць кожнага на індывідуальную гутарку. Змест яе палягаў у тым, што мы рызыкуем трапіць пад адміністрацыйны артыкул 23.34 як удзельнікі несанкцыянаванай акцыі, калі ў нас не будзе пасведчанняў, бэйджаў і камізэлек са словам «Прэса». Пры гэтым міліцыянты пацвердзілі, што ведаюць мяне не проста ў твар, а нават імя і імя па бацьку. Таму пытанняў, ці я прадстаўнік СМІ, у іх паўставаць не мусіла б. Напрыканцы мне прапанавалі падпісаць пратакол прафілактычнай гутаркі і адпусцілі», — распавядаў пра даўні інцыдэнт Сяргей Серабро.

Працягу гэтая гісторыя не мела: журналіст насамрэч не ўдзельнічаў у масавых акцыях. Сайт «Народныя навіны Віцебска», якому ўжо 15 гадоў, апошнім часам піша найчасцей пра крымінальныя здарэнні ў рэгіёне, чым асвятляе любога кшталту палітычныя падзеі.

Што да іншых калег, якія разам з Сяргеем Серабро трапілі ў міліцыю ў кастрычніку 2020-га, то фатограф Алесь Пілецкі даўно пакінуў Беларусь, а журналістку Таццяну Мацвееву якраз цяпер судзяць па адміністрацыйнай справе. На яе склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне: за аватарку ў фэйсбуку са словамі Янкі Купалы «Хочам людзьмі звацца» на фоне палосаў белага і чырвонага колераў. Судовы працэс над журналісткай адбудзецца ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 25 жніўня а 15-й гадзіне.