Сацыёлаг: Маштаб рэпрэсій супраць грамадства — татальны

Генадзь Коршунаў спрабуе прааналізаваць маштаб і глыбіню рэпрэсіўнага ўздзеяння рэжыму Аляксандра Лукашэнкі на беларускае грамадства. І адзначае: рэпрэсіўны вал рэжыму дайшоў практычна да кожнага пратэстна настроенага беларуса.

marsz_adzinstva_6__8__logo_1.jpg

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў даследуе, як глыбока рэпрэсіі ахапілі беларускае грамадства.

Базай для аналізу стала жнівеньскае даследаванне ЦНІ і «Народнага апытання».

19 жніўня ў тэлеграм-канале «Спісы затрыманых» з'явілася статыстыка па адміністрацыйных палітычных затрыманнях па Мінску за 2020–2022 гады. Страшная лічба — за гэты час толькі ў сталіцы было затрымана амаль 34 000 чалавек. Яшчэ раз: гэта даныя толькі па Мінску. У цэлым па краіне лічбы будуць значна большыя.

І гэта толькі адміністрацыйныя затрыманні. Усе выдатна разумеюць, што рэпрэсіўны ціск на грамадства значна больш маштабны і магутны. У апошнім выпадку мы маем на ўвазе гвалт, які рэжым ужываў на вуліцах беларускіх гарадоў у гэтыя гады і працягвае ўжываць сёння ў адносінах да зняволеных. А адносна маштабу — да адміністрацыйных затрыманняў акрамя гвалту неабходна дадаць і крымінальны пераслед, і звальненні з працы, і псіхалагічны ціск на чалавека.

А акрамя таго трэба разумець простую рэч: калі ў рэпрэсіўныя жорны рэжыму трапляе адзін чалавек, то пакутуе ўся яго сям'я, яго сваякі і сябры. Больш за тое, інфармацыя пра арышт ці іншае ўздзеянне на чалавека разыходзіцца і шырэй, псіхалагічна закранаючы яго калег і проста знаёмых.

Улічваючы ўсё гэта, давайце паглядзім на даныя даследавання, праведзенага сумесна Цэнтрам новых ідэй і праектам «Народнае апытанне» з 7 па 11 жніўня 2022 года (усяго было апытана 2648 чалавека, з іх 2326 — у Беларусі). Звернем увагу: гэта апытанне пратэставай часткі беларускага грамадства, у пераліку на ўсё беларускае грамадства лічбы будуць іншыя.


Такім чынам, што нам паказваюць атрыманыя даныя:

1. Перанесены гвалт — фізічны гвалт у розных яго формах (гумовыя дубінкі, слёзатачывы газ, святлашумавыя гранаты, вадамёты падчас разгону маршаў і інш.) на працягу 2020 года адчулі непасрэдна на сабе 20% апытаных.

Яшчэ 16% адзначылі, што гвалт ужываўся ў адносінах да чальцоў іх сем'яў. Пра гвалт адносна сваіх сяброў заявілі 32% рэспандэнтаў, а супраць знаёмых і калег — 74%. Пра тое, што гвалт не ўжываўся ні да каго, з кім чалавек тым ці іншым чынам меў зносіны, заявілі ўсяго 8% і 15% рэспандэнтаў адмовіліся адказваць на гэтае пытанне (1% абраў варыянт «іншае»).

Гэта значыць, можна казаць, што, па-першае, кожны пяты з пратэставай часткі беларускага грамадства наўпрост зведаў гвалту з боку рэжыму ў 2020 годзе, па-другое, пераважная большасць пратэстоўцаў (ад 75 да 92%) адчулі гвалт апасродкавана, даведаўшыся пра яго «з першых рук» — праз чальцоў сваёй сям'і, сяброў, калег і знаёмых.

2. «Траўма сведкі» — ступень траўматычнага ўздзеяння гвалту павялічваецца, калі чалавек бачыць яго на свае вочы. Пра такі досвед — «бачыў гвалт супраць пратэстоўцаў на ўласныя вочы» — кажуць у 2,5 разы больш чалавек, чым адчулі яго «на ўласнай шкуры», гэта значыць 50 працэнтаў.

3. Затрыманні рознага тыпу

  • Самы «просты» варыянт — затрымалі і праз нейкі час выпусцілі, што называецца, «без афармлення». З такім самі сутыкнуліся 7% апытаных; 50% сказалі, што такое было з іх знаёмымі.
  • «Адміністрацыйны фармат» — гэта значыць, штрафы. З гэтым варыянтам асабіста сутыкнуліся 7% рэспандэнтаў; 24% сказалі, што такія выпадкі былі ў іх сям'і ці сярод сяброў; 69% маюць калег ці знаёмых — «адміністратыўшчыкаў».
  • «Суткі» — як мінімум адзін раз на «суткі» траплялі 5% апытаных і 23% рэспандэнтаў адзначаюць такія выпадкі ў сваім самым блізкім сацыяльным асяроддзі, сярод сваякоў і сяброў; у 70% апытаных калегі ці знаёмыя «сядзелі на сутках».
  • На момант апытання ў 6% рэспандэнтаў у месцах зняволення знаходзіўся хтосьці з чальцоў сям'і ці блізкі сябар/сяброўка (або некалькі сяброў), а ў 32% — знаёмы або калега.

Гэта вельмі сур'ёзныя і складаныя пытанні.


Ацаніўшы маштабы рэпрэсій як татальныя, у наступных артыкулах мы пастараемся прааналізаваць тое, што можна назваць калектыўнай траўмай беларускага грамадства.

Праваабаронцы, калі выкладваюць сваю статыстыку па затрыманнях, заўсёды кажуць, што яны не валодаюць усёй паўнатой інфармацыі. І таму што многія суды праходзяць у закрытым рэжыме, і таму што сваякі баяцца звяртацца да праваабаронцаў.

Пра сапраўдны маштаб рэпрэсій мы даведаемся толькі пасля таго, як рэжым будзе скінуты. Але ўжо цяпер відавочна, што калі не прама, то апасродкавана — праз бліжэйшае сацыяльнае асяроддзе, — рэпрэсіўны вал рэжыму дайшоў практычна да кожнага пратэстна настроенага беларуса.


І гэта мы цяпер закранулі толькі самыя абуральныя або траўматычныя варыянты рэпрэсій — гвалт і арышты. Акрамя іх ёсць і іншыя, больш «лайтовые» спосабы ўздзеяння на «непажаданых». Напрыклад, звальненне ці непрацяг кантракту па палітычных матывах — пра тое, што такое здарылася з імі, гавораць 12% апытаных. Ёсць яшчэ пагрозы з боку сілавікоў — гэта знаёма 17% рэспандэнтаў, ёсць прафілактычныя гутаркі з начальствам — пра іх згадваюць 45% апытаных.

Самыя відавочныя вынікі рэпрэсій цяпер можна назіраць па маштабе міграцыі з Беларусі, а таксама на біржы працы, дзе адкрытыя вакансіі, напрыклад, на лекараў і педагогаў вылічаюцца сотнямі і тысячамі. Пра рэлакацыю айцішнікаў можна і не згадваць.

Але ёсць яшчэ адзін момант, пра які пакуль ніхто не кажа, — ступень траўматызацыі беларускага грамадства, для якога жыццё падзялілася на да і пасля. Якія эмоцыі мы адчуваем у сувязі з падзеямі 2020—2021 гадоў? Як мы з гэтым спраўляемся? У што пераплавіцца той вопыт, які мы атрымалі за папярэднія гады і ўсё яшчэ працягваем атрымліваць?