Сацыёлаг: 2022 год рызыкуе стаць такім жа магутным і «выбуховым», як і 2020-ты

Цягам двух гадоў, што мінулі пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, улады стараюцца паказаць, што справіліся з палітычным крызісам і дасягнулі ўяўнай стабільнасці. Але ці атрымліваецца гэта ў іх, ці народнае адзінства вакол «моцнага лідара» на «шматку зямлі» — толькі прапагандысцкі наратыў, далёкі ад рэальнасці?

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў


Пра тое, як беларусы змяніліся ад жніўня 2020-га да цяперашняга часу, пра болевыя кропкі грамадства і досвед еднасці, што нікуды не падзеўся. «Филин» пагутарыў са старшым даследчыкам Цэнтра новых ідэй, сацыёлагам Генадзем Коршунавым.
— Улады дэманструюць, што сітуацыя пад кантролем. Але, відаць, і яны не змаглі да канца перагарнуць старонку 2020-га, пра што сведчыць і «форум патрыятычных сіл», які акурат 9 жніўня плануе правесці «Белая Русь», каб «зверыць гадзіннік па пытаннях развіцця грамадзянскай супольнасці», і апублікаваныя прэс-службай Лукашэнкі вытрымкі са жнівеньскага паслання двухгадовай даўніны — маўляў, паглядзіце, «не аддаў любімую».
На ваш погляд, наколькі ў іх гэта атрымалася, і ці працягвае дзейнічаць «эфект сцяга»?
— Мне падаецца відавочным, што даць рады таму палітычнаму крызісу, пачатак якому палягае яшчэ ў канцы 2019-га і які пачаў выходзіць на паверхню пад першую хвалю ковіду і выбухнуў падчас выбараў 2020 года — з гэтым улады нічога зрабіць не змаглі. А фактычна, нічога і не рабілі — ніякіх ні эканамічных захадаў, ні іншых мераў рэагавання.
Адзінае, што яны рабілі — гэта гвалт ад пачатку, а пасля рэпрэсіі, якія не канчаюцца дасюль. І гэта самы яскравы доказ таго, што самі ўлады не перагарнулі старонку: як спужаліся тады, так у гэтым страху і жывуць.
У 2022 годзе мы бачым пэўныя асаблівасці, звязаныя з пачаткам чарговага этапу расейска-ўкраінскай вайны. Тут сацыёлагі, дый не толькі яны, адзначаюць з’яўленне так званага «эфекту сцяга» — калі ва ўмовах пагрозы, звычайна вонкавай, грамадства пачынае гуртавацца вакол дзейнай улады. Мы гэта добра бачылі на прыкладзе Расіі яшчэ пасля Крыму, тое ж адбываецца і зараз.
У Беларусі такі эфект адбыўся часткова і зусім у іншых памерах. Частка так званага нейтральнага грамадства пачала нібыта прыядноўвацца да прыхільнікаў улады — але, зноў жа, гэта значна меншы маштаб, і адбылося гэта ў першыя месяцы вайны. Зараз было б цікава паглядзець свежыя даныя, што адбываецца — думаю, хутка з’явяцца новыя сацыялагічныя звесткі на гэты конт.
Тое, што яны пакажуць, будзе вельмі важна. Хоць гэта не канчатковая рэч, бо вайна ва Украіне будзе вельмі моцна адбівацца на Беларусі і з пункту гледжання падтрымкі Расеяй Лукашэнкі, і па ўплыву наступстваў вайны на беларускае грамадства, эканоміку і г. д.
Па сваёй дынаміцы 2022 год рызыкуе стаць такім жа магутным і «выбуховым», як і 2020-ты. Але — толькі пры тых умовах, што дынаміка ва Украіне будзе на карысць самой Украіны. Вельмі хочацца на гэта спадзявацца.


— Паводле незалежных сацыялагічных даследаванняў («Народнае апытанне», Chatham House, Беларуская аналітычная майстэрня), абсалютная большасць беларусаў выступае супраць вайны ва Украіне, значная частка страчвае думкі аб геапалітычным нейтралітэце, пераразмяркоўваюцца сімпатыі да Расіі і ЕС, а прыхільнікі і апаненты ўладаў усё больш палярызуюцца.
На якія яшчэ тэндэнцыі варта звярнуць увагу, каб разумець, што адбываецца ў беларускім грамадстве?
— Што да зніжэння прыхільнікаў нейтралітэту і выбару паміж заходнім альбо ўсходнім геапалітычным вектарам — сапраўды, рамантычныя ўстаноўкі на тое, каб быць па-за межамі нейкіх саюзаў, зніжаюцца, бо гэтага вымагае рэчаіснасць. Расце разуменне, што быць асобна ад усіх у сучасным свеце немагчыма і трэба будзе прымаць адзін ці другі бок.
Па стане на май, прыхільнікаў саюза з Расіяй было крыху больш, чым саюза з Еўропай. Але — тут вельмі цікава паглядзець на тэмпы прыросту. Колькасць прыхільнікаў саюза з ЕС расце хутчэй, прыхільнікаў саюза з Расіяй — павялічваецца, але больш павольна.
І гэта важна глядзець у дынаміцы, бо гэтыя лічбы моцна залежаць ад таго, як будуць развівацца падзеі ва Украіне. Калі Украіна выйграе, атрымаюць паразу і прыхільнікі «рускага свету» і ў Беларусі.
Калі гаварыць аб тым, на што яшчэ звярнуць увагу — на мой погляд, ёсць некалькі прынцыповых момантаў, якія важна адсочваць. Як мінімум дзве тэмы трэба вывучаць і аналізаваць.
Першая — дэмаграфічныя страты Беларусі, то-бок, міграцыя. Бо фактычна мы страчваем не толькі перспектывы развіцця на будучае, калі з’язджае моладзь, але і цэлыя сегменты эканомікі, пачынаючы ад медыя, экспертнай супольнасці і да IT-шнікаў (той драйвер сацыяльна-эканамічнага развіцця, зыход якога ўсе бачаць).
Ці такая сацыяльна-прафесійная група, як медыкі — іх з’язджае вельмі шмат, і калі паглядзець на рынак працы, на запыты ад шпіталяў і паліклінік, лічбы ўражваюць.
Пытанне не толькі ў тым, колькі добрых спецыялістаў з’язджаюць і працягнуць з’язджаць, але і ў тым, хто будзе лячыць тых, хто застаўся ў Беларусі, хто будзе выкладаць і якая будзе якасць адукацыі і ў школах, і ў ВНУ, хто будзе распрацоўваць стратэгіі развіцця — у тэхніцы, у грамадстве, у палітыцы, цi эканоміцы?
Калі гэта звесці ў адзіную карціну, то са стратэгічнага пункту гледжання, калі сітуацыя не зменіцца праз год, два, пяць — краіну чакае натуральная катастрофа.
Другі момант — калектыўная траўма. Яе беларускае грамадства атрымала ў 2020-м, працягвала ў ёй знаходзіцца летась, і ў 2022 годзе тэма зноў рэактуалізавалася. Калектыўная траўма — тое, што кардынальна змяняе жыццё грамадства цалкам, на «да» і «пасля».
Цяпер вельмі многія жывуць нібыта на паўзе — прычым не толькі тыя, хто пацярпеў ад рэпрэсій, палітзняволеныя, вымушаныя эміграваць, звольненыя праз сваю палітычную пазіцыю, але і іх сем’і, бацькі, сябры.
Маштабы такой траўматызацыі фенаменальныя, і ў некаторых выпадках яны могуць быць параўнальныя па псіхалагічным адбітку з падзелам Беларусі ў 1939 годзе.
На жаль, гэтыя працэсы яшчэ працягваюцца, што замінае іх вывучэнню і асэнсаванню. Свае глыбінныя траўмы ёсць і ў тых, хто лічыць сябе прыхільнікам улады, і, хоць у найменшай ступені, траўмаваныя так званыя «нейтралы».
У кожнага свой боль, і нам з гэтым трэба будзе нешта рабіць.
— З 2020 года беларусы нібы трапілі ў спіраль негатыву, і кожны год нясе новыя выпрабаванні, высмоктваючы ўшчэнт сілы і рэсурсы, заганяючы ў стан няпэўнасці.
Ці засталося ў нас нешта ад беларусаў двухгадовай даўніны, якія верылі ў перамены да лепшага, наладжвалі гарызантальныя сувязі і выдалі беспрэцэдэнтную хвалю ўзаемападтрымкі? І пры якіх умовах атрымаецца зноў акумуляваць тую салідарнасць?
— З аднаго боку, сапраўды, страт было вельмі шмат. Не хапае моцы і трываласці, псіхалагічнай устойлівасці, расчараванне адно ў адным — безумоўна, усё гэта ёсць.
Але ёсць і іншае. Ёсць агульны досвед падзей 2020-га. Мяркую, той, хто адчуў еднасць, якая была падчас кавіднай узаемадапамогі, а потым на маршах і пасля іх, — гэты эмацыйны досвед застаўся і ён будзе рухаць нас наперад.
Таксама застаўся досвед арганізацыйны, калі заўгодна, менеджарскі — на ўсіх узроўнях, ад буйных грамадскіх структур, платформ узаемадапамогі карпаратыўных, прафесійных супольнасцяў, да дваравых. Зразумела, нехта з’ехаў, нехта ў няволі — але досвед людзей, якія памятаюць, як збіраліся разам для вырашэння праблем, нікуды не падзеўся.


Як паказвае даследаванне «Народнага апытання», захаваліся і гарызантальныя сувязі. Зразумела, яны не выходзяць на ўзровень дзеі, бачнай актыўнасці, як у 2020-м, але на камунікатыўным узроўні яны застаюцца.
Шмат чаго адбываецца ў партызанскім фармаце, і «рэйкавая вайна», супраціў беларусаў вясной 2022 года паказалі — як бы ні падавалася, што ўсё заціхла, гэта не так. Людзі сядзяць ціха, бо ўсе ўжо ведаюць, што бывае за любую праяву самастойнасці і годнасці. Таму нізкі паклон тым, хто зараз у Беларусі і хто трывае, чакае моманту.
Але і людзі, якія выехалі з Беларусі, нікуды не зніклі — прынамсі, большая іх частка. І хоць яны вымушаныя вырашаць агромністую кучу побытавых пытанняў, аднак яны таксама разам з Беларуссю, і гэта бачна па вуліцах еўрапейскіх гарадоў, па дзейнасці незалежных медыя, якія намагаюцца працягваюць сваю працу, арганізацый грамадзянскай супольнасці і гэтак далей.


Усё гэта працягваецца, і, як мы бачым, досыць эфектыўна. Так, ёсць непаразуменні, ёсць канфлікты, асабліва ў сферы палітычных гульцоў. Але гэта цалкам нармалёвая справа: няма ніякай дэмакратычнай краіны, дзе абыходзілася б без узаемных папрокаў, і нашы палітыкі толькі вучацца быць дэмакратычнымі, а людзі — вучацца аналізаваць, вывучаць і дзейнічаць.
— То-бок, можна зрабіць выснову, што беларусы за два гады, натуральна, стаміліся, змяніліся — але не здаліся?
— А беларусы ніколі не здаваліся. Мы проста, «дзякуючы» савецкай цэнзуры, слаба ведаем, як беларусы супраціўляліся гэтай уладзе — і пра Слуцкі збройны чын, і пра сялянскія паўстанні 1930-х, пра спецыфіку партызанскага руху, які быў далёка не «чырвоным», так бы мовіць. Бо нам удзяўблі, што «шматок зямлі», што «беларусы — тыя ж самыя рускія са знакам якасці»…
Але насамрэч беларусы — партызанская нацыя ў тым сэнсе, што заўсёды мае свой погляд на сітуацыю і дзейнічае, як лічыць патрэбным. Адзіная праблема ў тым, што гэтыя погляды збольшага індывідуалізаваныя, бо Беларусь ніколі не была такой калектывісцкай, як Расія, беларус сядзіць у сваім гародзе, не лезе ў чужы, але і не пускае ў свой.
Гэтая лакальная сацыяльнасць вельмі постмадэрнісцкая і пасуе да таго часу, калі разварочваецца лічбафікацыя, што дазваляе кожнаму выбудоўваць самастойна сваё жыццё.
І для нас вельмі важнае пытанне, як для спракавечнай гарызантальнай сацыяльнасці выбудаваць палітычную прастору, якая адпавядала б сучаснасці. Думаю, якраз зараз мы шукаем тут свой шлях, каб тыя справы, што кожны робіць паасобку, ішлі ў агульным напрамку.
І каб гэтыя розныя галінкі звязаць у моцны венік, якім можна вымесці да лесу ўсё тое, што не патрэбна ў хаце, і выбудаваць новую Беларусь.