Філосафка Вольга Шпарага: Пасля Халакосту немагчыма гаварыць «нас гэта не датычыцца»

З'яднанае 2020 годам беларускае грамадства зараз, пасля некалькіх гадоў рэпрэсій і ў сітуацыі блізкай вайны, перажывае не самыя лепшыя часы. Беларусы ў чарговы раз падзяліліся, і падзел гэты цяпер не толькі метафарычны: нас падзяляюць кіламетры дарог іншых краін, досвед эміграцыі і выжыванне ва ўмовах тэрору. Пра ўсё гэта і шмат пра што яшчэ мы пагаварылі з Вольгай Шпарагай.

Філосафка, выкладчыца і рэдактарка Вольга Шпарага з сакавіка 2021 года жыве ў Германіі. Як яна сама кажа, была не ў самай горшай сітуацыі, бо была падтрымка ад нямецкіх калег. Увесь 2021 год Вольга шмат працавала, дапамагала, гаварыла пра Беларусь. Тады ж пабачыла свет яе кніга «У рэвалюцыі жаночае аблічча». На пачатку 2022 года Вольга атрымала стыпендыю ў даследчым інстытуце Wissenschaftskolleg zu Berlin, а ўжо зараз, калі выходзіць гэтае інтэрв'ю, філосафка перабралася ў Вену.

Пра беларускую дыяспару ў Германіі

— Ці ёсць нейкая беларуская дыяспара ў Берліне?

— У Германіі вялікая беларуская дыяспара, і ў Берліне вялікая дыяспара таксама. Дзякуючы гэтаму адчуваеш сябе камфортна. Дыяспара тут — гэта людзі, якія падзяляюць мае каштоўнасці: феміністкі, ЛГБТК-фрэндлі людзі, людзі левых поглядаў, я б сказала. Яны вельмі актыўна хадзілі на дэманстрацыі, займаліся дапамогай, збіралі грошы. І калі пачалася новая фаза вайны, беларуская прастора ў адным з цэнтраў Берліна, на Александэрплац, стала прасторай падтрымкі для ўкраінак і ўкраінцаў.

— Ты маеш на ўвазе арганізацыю «Разам»?

— Так, у «Разам» ёсць невялікія свае праекты, і адзін з такіх праектаў — гэта арганізацыя выстаў, дыскусій у прасторы, якая месціцца зараз у закінутым будынку Haus der Statistic. Там была прэзентацыя маёй кніжкі, да прыкладу, там выступалі Бахарэвіч з Цімафеевай, праходзіла выстава Ксюшы Ангелавай і г. д. З 24 лютага гэтая прастора ператварылася ў прастору дапамогі — туды прыходзілі ўкраінцы і ўкраінкі з дзецьмі, атрымлівалі там медыкаменты, адзенне, грашовую і юрыдычную дапамогу.\

Прэзентацыя кнігі Вольгі Шпарагі ў Фюрстэнвердэн, enDemos

Прэзентацыя кнігі Вольгі Шпарагі ў Фюрстэнвердэн, enDemos

— А ці ёсць у Берліне нейкія праграмы дапамогі беларускім уцекачам?

— Так. З аднаго боку, «Разам» кансультуе, там ёсць юрысты, якія, наколькі я магу меркаваць, дастаткова хутка адгукаюцца, аказваюць юрыдычную дапамогу, калі людзі апынаюцца ў Германіі, гавораць, куды звяртацца. Бо ў Германіі вельмі недружалюбныя бюракраты, і атрымаць від на жыхарства тут вельмі складана.

Увесь час «Разам» сочыць за абнаўленнямі інфармацыі, публікуе іх пастаянна, плюс збірае грошы і аказвае дапамогу людзям, якія вымушаныя з’язджаць.

Беларусь у 2022 годзе

— З 2020 года ты была адным з нешматлікіх гучных, прадстаўнічых галасоў Беларусі за мяжой. Якой табе бачыцца Беларусь зараз?

— Мне здаецца, што сітуацыя ў Беларусі вельмі цяжкая. Палітычны крызіс нікуды не падзеўся. Супярэчнасці абвастрыліся пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня. У першыя месяцы былі спадзяванні, што можна будзе выйсці з гэтай сітуацыі на нейкі пазітыўны ўзровень. Да канца 2020 года стала зразумела, што не атрымаецца. Можна сказаць, наступіла контррэвалюцыя, рэжым сабраўся з сіламі. І вось гэты палітычны крызіс, у якім аказалася Беларусь, працягваецца. Магчыма, ён пагаршаецца, бо ўзмацняюцца рэпрэсіі, але я па-ранейшаму спадзяюся, што ў 2020 годзе з беларускім грамадствам адбыліся змены, што ўзнікла нейкае новае ўзаемаразуменне прадстаўнікоў розных груп. Канешне, не хапае нам ведаў для таго, каб зразумець, як людзі працуюць з тым, што яны перажылі. Спачатку пад’ём, потым рэпрэсіі, і ўсё гэта вельмі складаны досвед, з якім трэба жыць і з якім, вядома, нельга жыць, яго трэба неяк перапрацоўваць.

— Ты ўсё яшчэ лічыш, што гэта палітычны крызіс? Не ўзурпацыя ўлады, не нейкі злом статусу-кво, а палітычны крызіс?

— Так, я згодная з экспертамі, якія так ацэньваюць — што ў Лукашэнкі няма легітымнасці, інакш не даводзілася б працягваць рэпрэсіі.

Узурпацыя ўлады — гэта і ёсць тое, што выклікала палітычны крызіс. Паколькі Лукашэнка не атрымаў падтрымкі на гэтых выбарах у грамадства і грамадства пра гэта заявіла, то ён захапіў уладу дзякуючы рэпрэсіям. Крызіс заключаецца ў тым, што Лукашэнка рэпрэсіямі ўтрымлівае ўладу, душыць грамадства, якое не хоча і не можа так жыць далей . Гэта тупік.

Мы знаходзімся ў сітуацыі, з якой незразумела як выходзіць. Лукашэнка не хоча сыходзіць, ён спадзяецца прымусіць, усё-ткі дабіцца нармалізацыі, але вымушаны працягваць рэпрэсіі — і гэта сведчыць пра тое, што ён не можа вярнуцца да той сітуацыі, якая была да 9 жніўня.

— Гэта цікавае пытанне дэфініцыі. Таму што мне адчуваецца гэта ўжо нашмат большым за крызіс. Я пакуль не магу падабраць адпаведнага слова, таму і задала гэтае пытанне.

— Ага, так. Асабліва пасля 24 лютага выкарыстоўваюць паняцце «акупацыі». Да 24 лютага была ідэя «ўнутранай акупацыі» — маўляў, што Лукашэнка, не маючы ўнутранай падтрымкі, праз рэпрэсіі застаецца ва ўладзе — і гэта азначае, што ён трымаецца незаконнымі спосабамі. Так дзейнічае хунта, па вялікім рахунку.
Рэкамендацыі ад Suhrkamp, фота з архіва Вольгі Шпарагі

Рэкамендацыі ад Suhrkamp, фота з архіва Вольгі Шпарагі

— Наколькі ты згодная з паняццем «акупацыі»?

— І так, і не. З аднаго боку, я пагаджуся — у тым сэнсе, што без падтрымкі Пуціна сітуацыя была б іншай і Лукашэнка не заставаўся б ва ўладзе, хутчэй за ўсё. З іншага боку, ва ўсім гэтым мяне бянтэжыць, што мы ўсю адказнасць перакладваем толькі на Лукашэнку і Пуціна і не ўлічваем усіх тых людзей у апараце, дзякуючы якім у тым ліку Лукашэнка ва ўладзе застаецца, а значыць, тут ёсць яшчэ ўнутраны бок. Таму мы гаворым пра ўнутраную акупацыю — ёсць усё-ткі гэтыя структуры, якія Лукашэнка ствараў доўга і мэтанакіравана, у тым ліку вялікі сілавы апарат і людзі, якія займаюць уладныя пазіцыі ў самых розных установах, дзяржаўных інстытутах, людзі, у якіх ёсць бізнес, — тыя, якія маюць уладу і рэсурсы. І, у прынцыпе, яны разам з Лукашэнкам. Нават калі гэта невялікая колькасць людзей, пры такой іерархічнай сістэме, якая існуе ў Беларусі, у іх атрымліваецца стрымліваць падпарадкаванне грамадства.

— А ці не падаецца табе, што да гэтай сітуацыі, калі адна частка грамадства кантралюе і рэпрэсуе іншыя, больш падыходзіць тэрмін «грамадзянская вайна»?

— Хутчэй не. Грамадзянская вайна — гэта калі значная частка грамадства выступае супраць іншай. У нас ёсць сілавы апарат — гэта нейкая заўважная колькасць людзей. Але ёсць яшчэ іншыя. Даследаванні «Chattam House» паказваюць, што гэта людзі, якім не хапае рашучасці, навыкаў. «Маўклівая большасць», як некалі Бадрыяр пісаў. Цяпер яны не большасць — гэта проста частка, якая таксама падтрымлівае гэтую сістэму. Але мне не падаецца, што гэтыя людзі настроеныя абавязкова варожа ў дачыненні да перамен, да актыўнай ці нязгоднай часткі грамадства.

У міліцыянтаў, вайскоўцаў сіла заключаецца не ў колькасці, а ў тым, што гэта структура — іерархічная, арганізаваная, узброеная, у адрозненне ад грамадства, якое ў прынцыпе дэцэнтралізаванае — і гэта тое, чаму не ўдалося перамагчы ў гэтай рэвалюцыі: бо не хапала структур, не хапала ў той невялікі адрэзак часу ўзгодненых дзеянняў.

Плюс мы ж ведаем, што яны катуюць людзей, збіваюць іх. То бок, гэта яшчэ і людзі, для якіх гвалт — норма. А іншая частка грамадства, значная частка, не хоча гвалту, і гэта тое, што мы ўбачылі ў 2020-м, тое, што характэрна і для іншых краін, для рэвалюцый у іншых краінах. Гвалт цяпер менш выкарыстоўваецца, бо мы жывём сёння ў рамках канцэпцыі правоў чалавека, і ў Еўропе стаўленне да гвалту змянілася ў другой палове ХХ стагоддзя. Вось як зараз з вайной усе гэтыя складанасці — ёсць негатоўнасць у краінах, дзе правы чалавека паважаюцца, гвалтоўным чынам адказваць на агрэсію.

— Нам цяпер часта «закідаюць» гэтыя «зняты абутак перад лаўкамі» і «кветкі ў руках жанчын». Як растлумачыць людзям, якія ўсё яшчэ застаюцца ў сістэме каардынатаў гвалту, што мы не баязліўцы — мы проста катэгарычна не прымаем гвалт?

— Каб адказаць, можна задумацца: ці былі мы ў той момант баязліўцамі. Для ўдзелу ў пратэстах патрэбныя былі смеласць, падтрымка, рашучасць. Гэта была рызыка. У прынцыпе, усе гэтыя якасці мы мелі. І я не думаю, што мы дэманстравалі баязлівасць, але для грамадства было важна перайсці ў іншы стан, выйсці з гэтага рабства ў стан актыўных, адказных грамадзян, і для таго сапраўды трэба было дзейнічаць мірным чынам. Інакш бы столькі людзей не выйшлі на вуліцы.

Гэта было важна. Важна было паказаць, што мы адно аднаму давяраем, што мы можам адно аднаго падтрымліваць, што мы адчувальныя да болю адно аднаго. Такі шлях, такая траекторыя краіны.

Адказнасць за вайну ва Украіне і дыскрымінацыя беларусаў

Выступленне Вольгі Шпарагі на мітынгу ў падтрымку Украіны, 19.02.2022, Берлін

— Мы адчувальныя да болю іншых, і, можа быць, таму беларускае грамадства так актыўна супраціўляецца ўцягванню ў вайну з Украінай. Але гэтага не хочуць бачыць, не хочуць разумець па той бок мяжы. Адзінае выйсце, якое нам прапануецца, — гэта, умоўна, «легчы пад танкі». І зараз, асабліва пасля таго, як з тэрыторыі Беларусі зноў пачалі ляцець ракеты ва Украіну, абвастрылася цкаванне беларусаў у сацыяльных сетках, ва ўкраінскіх медыя. Нарастае таксама агрэсія ў адказ. Якім чынам мы можам гэтаму супрацьстаяць?

— Механізмы ўсё тыя ж: узаемная падтрымка, абмеркаванне таго, што адбываецца. Тое, што ідзе абмеркаванне і шукаюцца адказы на пытанні, і выказваюцца (і ёсць розныя выказванні) — мне падаецца, усё гэта вельмі важна. Мы, канешне, сутыкнуліся з тым, што менш стала магчымасцяў абмяркоўваць, і гэта таксама звязана з небяспекай выказваць сваё меркаванне: у Беларусі за людзьмі яшчэ сочаць. І не толькі ў сувязі з вайной, але і з нарастаннем рэпрэсій ў Беларусі гаворка ішла пра тое, што наступіў той момант, калі трэба захоўваць пачуццё ўласнай годнасці, чалавечнасць у сабе.

Нядаўна таксама была хваля дыскусій, я сачыла па Фэйсбуку. Бачыла такія аргументы: мы ведаем, што вайна датычыцца і нас; мы хочам зрабіць свой унёсак у перамогу Украіны, хочам падтрымліваць украінцаў; мы можам вытрымаць тое, што хтосьці з украінак і ўкраінцаў гаворыць рэчы, якія нам не падабаюцца. Гэта цяжка, але, у прынцыпе, гэта тычыцца пачуцця ўласнай годнасці. Калі мы лічым, што робім правільна і не можам рабіць інакш, то так і трэба дзейнічаць і ў гэтым падтрымліваць адно аднаго. Важна, што ёсць гэтыя выказванні.

— Перыядычна я сустракаю гісторыі беларусаў, якія так ці інакш пасля пачатку другой фазы вайны сутыкнуліся з праблемамі проста праз наяўнасць беларускага пашпарту. Ці бывала з табой такое?

— Напэўна, са мною такога не было. У мяне проста прывілеяваная сітуацыя: мяне падтрымлівае навуковая супольнасць — хаця шмат якім іншым навукоўцам адмаўляюць, таму што стыпендый не хапае, напрыклад.

Беларусы па паўгода чакаюць атрымання віду на жыхарства. Яшчэ могуць адмаўляць ва ўніверсітэтах, у банках, хаця няма такога агульнага рашэння германскага ўрада, бо германскі ўрад некалькі разоў гаварыў пра тое, што трэба адрозніваць палітычныя рэжымы і грамадзянскую супольнасць — у тым ліку датычна Беларусі.

Яшчэ да вайны, калі мы асцерагаліся, што другая фаза пачнецца, я ўдзельнічала ў мітынгах, дыскусіях, выступала ў падтрымку Украіны. Але розныя формы дыскрымінацыі не звязаныя з нашымі выступленнямі, гэта звязана з тым, што шмат рашэнняў у Германіі прымаюцца не на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва, а на ўзроўні чыноўнікаў сярэдняга звяна, і я ведаю выпадкі, што праблемы атрымлівалася вырашаць, проста ўступаючы ў палеміку з гэтымі чыноўнікамі.

Беларусь і «русланд ферштэйн»

— Наколькі зараз у Германіі (і ўвогуле, калі ты маеш сувязь з іншымі краінамі — я маю на ўвазе Еўропу ў цэлым) у сродках масавай інфармацыі прадстаўленая Беларусь?

— Беларусь увесь час была кепска прадстаўленая. Нават калі ў нас пачалася рэвалюцыя і пратэсты, увесь час было недастаткова інфармацыі. Быў усплёск пасля гісторыі з Пратасевічам у чэрвені 2021 года. Было адчуванне, быццам у Германіі ўвогуле ўпершыню адкрылі Беларусь. Было здзіўленне, што ёсць такая краіна, што магчымыя пратэсты ў грамадстве і што людзі пратэстуюць у такіх жа формах, як і ў Германіі. Як гэта магчыма? Атрымліваецца, з аднаго боку, не было ўяўленняў, з іншага боку — калі гэтыя ўяўленні пачалі ўзнікаць, у іх адразу ж быў каланіяльны характар. Было здзіўленне, што беларускае грамадства сучаснае.

«У рэвалюцыі жаночы твар» у кнігарнях Берліна. Фота з архіва Вольгі Шпарагі

«У рэвалюцыі жаночы твар» у кнігарнях Берліна. Фота з архіва Вольгі Шпарагі

— Што германцы ўвогуле ведаюць пра Беларусь?

— Агулам у Германіі і ў дачыненні да Беларусі, і ў дачыненні да Украіны панавала так званае «русланд ферштэйн» — сімпатыя да Расіі. Мы на розных дыскусіях аналізавалі, адкуль яна ўзялася. Ёсць меркаванне, што яна звязаная яшчэ з ХІХ стагоддзем: стварэнне Германіі як адзінай дзяржавы, узаемадзеянне з Расійскай імперыяй — як складваліся адносіны Германіі і Расійскай імперыі. Гэта быў важны гістарычны перыяд, якому дагэтуль аддаюць належнае.

З іншага боку — уплыў расійскіх лабістаў і прапагандыстаў. Я яшчэ ў 2014 годзе, калі пачалася вайна ва Украіне, перастала чытаць шэраг германскіх газет, таму што яны актыўна выкарыстоўвалі паняцце «грамадзянскай вайны» ў дачыненні да Украіны. То-бок Беларусь і Украіна разглядаліся як несамастойныя часткі, у дачыненні да якіх Расія можа прымаць рашэнні.

І яшчэ Беларусь, Украіна і іншыя краіны былога СССР разглядаліся заўсёды «з перспектывы інтарэсаў Расіі», якія трэба ўлічваць, а потым ужо думаць, ці аказваць падтрымку, ці ўводзіць санкцыі, ці рэагаваць на пратэсты, якія ёсць.

Калі я выступала ў 2021 годзе, я гаварыла пра пратэсты і рэвалюцыю з перспектывы грамадства і вельмі часта чула: «А гэта нічога не значыць, бо ўсе рашэнні прымае Пуцін». Хаця для беларускага грамадства было прынцыпова важна пра сябе заявіць і кінуць выклік Лукашэнку. Бо без гэтага выкліку немагчыма рухацца далей. І вось ужо зараз мы гаворым, што ў нас агульная вайна, агульны вораг — Лукашэнка і Пуцін — дзейнічаюць разам, але без гэтага выкліку грамадства Лукашэнку немагчыма было б рабіць далейшыя крокі.

Прэзентацыя кнігі ў Брэмене, 17.07.2021, Razam Bremen

Прэзентацыя кнігі ў Брэмене, 17.07.2021, Razam Bremen

У Германіі трэба было прыкладаць шмат намаганняў, каб пра грамадства як пра суб'ект усур'ёз гаварыць. І ўсё адно цікавасці недастаткова, усё адно ёсць уяўленні пра «вялікую рускую культуру» і літаратуру, якія склаліся гістарычна і падтрымліваліся лабістамі. Гэта цэлы комплекс прычын, якія падтрымліваюцца акадэмічна, бо славістычныя даследаванні — можа быць, на 90% даследаванні Расіі. Яшчэ нейкія даследаванні ўкраінскія з’явіліся, пачынаючы з 2014 года, але... Беларусь стала з'яўляцца дзякуючы 2020 году, але гэтага ўсё адно недастаткова, і гэта таксама сведчыць і пра каланіяльныя ўстаноўкі ў самой Германіі і ў краінах умоўнай «старой Еўропы», якая так звысоку глядзіць не толькі на Беларусь і Украіну, але і на Польшчу, Літву.

Чаму не працуе салідарнасць?

Прэзентацыя рускамоўнай версіі кнігі «У рэвалюцыі жаночы твар» у АБФ, 14.07.2022. Фота: Віялета Саўчыц

— Так, ёсць такое адчуванне, што для таго, каб хтосьці стаў заўважным, каб кагосьці пачулі, трэба, каб у гэтага кагосьці здарылася нейкая трагедыя. Проста самі па сабе мы не цікавыя. Мы цікавыя толькі таму, што ў нас рэпрэсіі і ў нашым рэгіёне вайна. І гэта, калі задумваешся, прымушае адчуваць сябе чалавекам «другога гатунку».

— Я якраз учора ў цягніку чытала тэкст пра глабальную салідарнасць — чаму яна не працуе. І адна з прычын — гэта асіметрыя, якая існуе паміж «глабальнай Поўначчу» і «глабальным Поўднем», як гэта сёння называюць. Краіны «глабальнай Поўначы» па-ранейшаму эксплуатуюць краіны «глабальнага Поўдня»: там працуюць іх вытворчасці, кепска аплачваецца праца, туды вывозяць прамысловыя адходы, прадпрыемствы працуюць і забруджваюць наваколле. Як было ў эпоху каланіялізму, так і зараз краіны «глабальнага Поўдня» эксплуатуюцца краінамі «глабальнай Поўначы» — і якая тут можа быць салідарнасць, калі гэта проста ў сваіх інтарэсах выкарыстоўваецца? Гэтыя тэрыторыі і людзі, якія там жывуць, разглядаюцца як рабочая сіла і як тыя, хто не вартыя такога ж жыцця, як у краінах «глабальнай Поўначы». Мне падаецца, што і да Усходняй Еўропы, да Беларусі ёсць такое ж стаўленне.

— Асабліва, напэўна, такое стаўленне зараз бачнае ў дачыненні да Украіны, якая мусіць стаць «ахвярнай каровай», каб уся астатняя Еўропа спала спакойна.

— Што датычыцца Германіі... Напярэдадні вайны я ўдзельнічала ў мітынгах, і мы гаварылі, што не хапае эмпатыі ў дачыненні да Украіны. І даследаванні гэта паказвалі.

Калі пачалася другая фаза вайны, раптам даследаванні сталі паказваць, што эмпатыя з’явілася. У Берліне было да паўмільёна ўдзельнікаў і ўдзельніц мітынгаў у падтрымку Украіны, і апытанні паказвалі, што жыхары Германіі выступаюць за пастаўку зброі Украіне, за дапамогу па ўсіх кірунках. Я гэта так праінтэрпрэтавала: разуменне, што нешта не ў парадку ў нашым рэгіёне, было ў Германіі і да гэтага. Інакш бы так хутка не змяніліся настроі. Было проста ігнараванне праблем, але, у прынцыпе, недзе там, на гарызонце, было неспакойна.
 Прэзентацыя рускамоўнай версіі кнігі «У рэвалюцыі жаночы твар» у АБФ, 14.07.2022. Фота: Віялета Саўчыц

 Прэзентацыя рускамоўнай версіі кнігі «У рэвалюцыі жаночы твар» у АБФ, 14.07.2022. Фота: Віялета Саўчыц

Так, з’явілася гэтая эмпатыя. Але некаторыя нямецкія інтэлектуалы запусцілі петыцыю, якая сабрала амаль трыста тысяч подпісаў, — за тое, што Украіна павінна капітуляваць. І гэта таксама нейкі дысананс у грамадстве: у гэтых людзей абсалютна няма спачування, для іх украінкі і ўкраінцы, якія гавораць, што ім патрэбная дапамога, і якія гінуць, пакутуюць (мы бачым, што вайна абсалютна варварскім чынам з боку Расіі вядзецца), — нічога не значаць. То-бок яны па-ранейшаму глядзяць на ўсё, што адбываецца, вачыма агрэсара, з аднаго боку, а з іншага боку — відаць, вачыма еўрапейцаў, якія вось ужо 70 гадоў нібыта жывуць без вайны. Аднак гэта не азначае, што войнаў няма — усе яны проста выцесненыя па-за межы еўрапейскіх краін, але эканамічна Еўропа звязаная з усімі гэтымі краінамі, дзе ідуць войны, атрымлівае ад гэтага супрацоўніцтва свае дывідэнды.

Вось як яны заплюшчвалі вочы, знаходзячыся ў канцэпцыі правоў чалавека («мы супраць гвалту»), на гвалт, які адбываўся і які нібыта іх не датычыўся, але насамрэч датычыўся: Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека падпісана ўсімі краінамі, не толькі еўрапейскімі. Гэта не можа распаўсюджвацца толькі на спакойную Еўропу.

Відаць, усе гэтыя супярэчнасці ў сітуацыі новай фазы вайны ва Украіне абвастрыліся, таму грамадства на гэта рэагуе, але прадстаўнікі эліт абараняюць сваё прывілеяванае існаванне ў гэтым звязаным свеце, у якім пасля Другой сусветнай і Халакосту немагчыма гаварыць «нас гэта не датычыцца».

Парадокс правоў чалавека

— Я толькі хацела спытаць: няўжо гістарычны бэкграўнд нічому не вучыць?

— Што датычыцца розных сацыяльных груп, то, як мне здаецца, яны нашмат больш прагрэсіўныя, чым лідары меркаванняў, палітыкі. Адбываюцца змены ў грамадстве: мы становімся больш адчувальнымі да гвалту, не хочам, каб ён быў, мы хочам нешта рабіць для грамадства, салідарызуемся адно з адным, спрабуем ствараць нейкія структуры. Але людзі, якія застаюцца ва ўладзе, у якіх ёсць улада — і сімвалічная, і матэрыяльная, — жывуць па іншых законах, яны хутчэй абараняюць status quo.

Я думаю, што тыя, хто выступаюць за капітуляцыю Украіны — нам складана нават уявіць і вымавіць гэта — зыходзяць з таго, што ў нейкіх дзяржаў і народаў больш правоў, чым у іншых. І тое, што гэта гістарычна было звязана з войнамі, трагедыямі, з Халакостам... Чаму не праводзяцца гэтыя паралелі? Таму што па-ранейшаму атрымліваецца, што свет падзелены на тых, у каго ёсць правы, і тых, хто іх не мае.

Тут жа яшчэ гэтая супярэчнасць: калі кажуць пра капітуляцыю Украіны, то гаворка нібыта таксама ідзе пра правы чалавека — мы павінны выратаваць чалавечыя жыцці. Але якія існуюць механізмы выратавання чалавечых жыццяў, калі дагэтуль у нас няма магчымасці эфектыўна супрацьстаяць агрэсару на міжнародным узроўні? Мы вяртаемся да войнаў, якія былі ў першую палову ХХ стагоддзя. І трэба разумець гэта як выклік для міжнароднага супрацоўніцтва, а не для абстрактнага патрабавання міру праз адмову Украіне ў дзяржаўным суверэнітэце.  
Дыскусія Вольгі Шпарагі і Вікі Біран, 23.06.2022, Берлін. Фота: Крысціна Бандурына

Дыскусія Вольгі Шпарагі і Вікі Біран, 23.06.2022, Берлін. Фота: Крысціна Бандурына

— Нядаўна «Бі-бі-сі» зрабіла фільм пра сексуальны гвалт у ААН. І для мяне гэта быў вялікі шок! Ну ААН жа! І сексуальны гвалт там — проста да самай вярхушкі. Яго прыкрываюць: не даюць расследаваць кейсы, супрацоўнікаў запужваюць і звальняюць. І ў мяне ў галаве не ўкладвалася, а пасля я пахадзіла-падумала — і зразумела, што, напэўна, канцэпцыя правоў чалавека ўжо даўно не працуе. І я пакуль не зразумела, у якім выглядзе гэты крызіс будзе праяўляцца далей, але мне цікава: якім ты бачыш свет пасля?

— Увогуле гэтую праблему крызісу правоў чалавека яшчэ да ўзнікнення Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека апісвала Ханна Арэнт. Яна апісвала гэта як парадокс правоў чалавека, звязаны з тым, што правы аказваюцца неабароненымі якраз тады, калі яны павінны быць абароненымі. Калі людзі перастаюць разглядацца як грамадзяне сваіх дзяржаў, калі дзяржава іх больш не абараняе — яны становяцца людзьмі як такімі і іх правы павінны абараняцца як правы людзей. Пытанне ў тым, хто іх павінен абараняць.

Сама па сабе ідэя, што ў нас ёсць гэтыя правы незалежна ад таго, які ў нас пашпарт і да якой супольнасці мы належым, захоўвае сваё значэнне. Нягледзячы на тое, што былі створаныя Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, ААН, ёсць пагадненні паміж краінамі, усё адно галоўная абаронца правоў чалавека — гэта нацыянальная дзяржава, а потым ужо наднацыянальныя структуры.

Атрымліваецца, што ад таго, як уладкаваная кожная з гэтых дзяржаў, залежыць абароненасць нашых правоў. Калі гэта недэмакратычная дзяржава, правы парушаюцца, калі дэмакратычная — шанцаў болей. А калі ўзнікае канфлікт паміж дзвюма дзяржавамі і адна з іх, недэмакратычная, аўтарытарная, абвяшчае вайну, то лагічна, што павінны ўзнікаць новыя альянсы — дэмакратычныя краіны павінны аб'яднацца, каб падтрымаць, абараніць дэмакратычную, якая пакутуе і просіць дапамогі.

Я звязваю будучыню з гэтымі новымі альянсамі. Зараз паўстае пытанне, ці дастаткова толькі NATO? І гэта пытанне, якое феміністкі таксама актыўна абмяркоўваюць: гэтыя альянсы звязаныя не столькі з нашымі ідэнтычнасцямі, колькі існуюць паўзверх іх, яны звязаныя з нашымі адрозненнямі і з тым, што ў нас ёсць адрозненні, але мы прызнаём нашу ўразлівасць, прызнаём праблемы, гвалт — і таму павінны аб'яднацца. Незалежна ад таго, у якой нацыянальнай дзяржаве ці супольнасці мы знаходзімся.

Дыскусія Вольгі Шпарагі і Вікі Біран, 23.06.2022, Берлін. Фота: Крысціна Бандурына

Дыскусія Вольгі Шпарагі і Вікі Біран, 23.06.2022, Берлін. Фота: Крысціна Бандурына

Карацей, гэтыя альянсы нам патрэбныя — і Беларусі таксама. Мне падаецца, што дэмакратычнае грамадства мусіць зараз думаць пра тое, дзе мы сябе бачым: у Еўрапейскім Саюзе, або мы павінны ўтварыць альянс з балтыйскімі краінамі, Украінай, Польшчай і краінамі Вышаградскай групы. Увогуле трэба стварыць новыя структуры, каб зноў не ўзнікла такая канфліктная сітуацыя, не прывяла да вайны, у тым ліку, калі вайна працякае ці працякала ў падобных фарматах — калі гаворка ідзе пра згвалтаванні жанчын, да прыкладу. У нас няма ахоўных механізмаў для таго, каб абараніць гэтых жанчын. Мы маем цэлы шэраг выклікаў, таму мусіць быць створаная новая сістэма бяспекі, але яна не павінна замыкацца ў рамках нацыянальных дзяржаў, гэта відавочна сёння і было відавочна ад самага пачатку. Сёння гэтых структур не хапае, і яны таксама іерархічна ўладкаваныя (калі мы гаворым пра харасмент на ўзроўні ААН — таго альянсу, які створаны, каб адказваць на выклікі і супрацьстаяць гвалту, і дзе таксама ёсць гвалт).

Пра развіццё беларускай дэмакратычнай супольнасці

— Каго ты бачыш з боку беларускай дэмакратычнай грамадскасці здольнымі хаця б пачаць гэты шлях — дыскусію пра тое, як і куды мы будзем рухацца далей?

— Гэтая дыскусія ўжо вядзецца. І я, напрыклад, сама падтрымліваю актывістку Вольгу Павук у Вільні, якая з групай калег і каляжанак запусціла ініцыятыву «Еўрапейскі выбар». Рэвалюцыя ў нас была без геапалітычнага выбару, але зараз важна пра яго заявіць. Я па-ранейшаму раблю стаўку на новых людзей, на людзей, якія звязаныя з НДА, з беларускімі рэгіёнамі, з жанчынамі. У мяне ёсць недавер да прадстаўнікоў нашых партый, і рэвалюцыя наша была звязаная з новымі лідарамі, з лідарамі маленькіх суполак па ўсёй Беларусі. Я вельмі спадзяюся, што яны будуць.

У коле сяброў, чэрвень 2021 года, Берлін. Фота з архіва Вольгі Шпарагі

У коле сяброў, чэрвень 2021 года, Берлін. Фота з архіва Вольгі Шпарагі

— Ты была ў Фем-групе Каардынацыйнай Рады. Ці ты дагэтуль там? Які гэта для цябе досвед і што ён для цябе значыць?

— Я пайшла ў Каардынацыйную Раду, бо ўбачыла, як жанчыны актыўна ўдзельнічаюць у пратэстах і рэвалюцыі ўжо з чэрвеня 2020 года, а ў Каардынацыйнай Радзе ўбачыла зноў большасць мужчын і вырашыла, што трэба неяк дапамагчы, паспрыяць стварэнню прадстаўніцтва жанчын. І з таго моманту я старалася з тымі жанчынамі, якія ўваходзяць у нашу Фем-групу, і з іншымі жанчынамі быць на сувязі і ўздымаць пытанні пра палітычны ўдзел.

Зразумела, што зараз у Беларусі не тая фаза і для людзей там важна захоўваць пачуццё ўласнай годнасці, дапамагаць адно адным, але, тым не менш, мне падаецца, што мы, наколькі можам, павінны ўсё-ткі ўяўляць будучыню Беларусі, дэмакратычнай Беларусі. Патрэбны палітычны плюралізм, жаночы ўдзел таксама важны, бо жанчыны — палова грамадства. Патрэбнае агучванне, выражэнне таго досведу, які мужчыны не выразяць, — не толькі жанчын, але і досведу дзяцей, людзей старэйшага ўзросту, прадстаўнікоў розных сацыяльных груп, якія вызначаюцца як уразлівыя. Жанчыны займаюцца дапамогай — і тыя, хто выехалі, і тыя, хто ў Беларусі. Трэба, каб жанчыны, якія гэтым займаюцца, думалі ў палітычных катэгорыях, каб яны сябе ўяўлялі ў будучыні як удзельніц палітычнага працэсу. І мне падаецца, што з гэтым ёсць праблема, у нас трошкі анархісцкае грамадства — проста няма досведу ўдзелу ў палітыцы, але гэта вельмі важна, бо інакш мы не выйдзем з гэтай лукашэнкаўскай каляіны.
 Прэзентацыя кнігі ў Брэмене, 17.07.2021, Razam Bremen

 Прэзентацыя кнігі ў Брэмене, 17.07.2021, Razam Bremen

— Ты была таксама ў Офісе па адукацыі, так? Чаму вы перасталі працаваць з Ціханоўскай?

— Мы ў пэўны час працавалі разам са Святланай Ціханоўскай, а потым сталі асобнай структурай, бо прывыклі працаваць камандаю, гарызантальна і лічылі, што Офіс павінен пашырацца, а ён не пашырыўся, і з гэтай нагоды ёсць такія пажаданні да Святланы Ціханоўскай — каб яна стварыла ўрад.

Напрыклад, для таго, каб вырашаць праблемы беларусаў і беларусак, якія ўцякаюць, у якіх цяжкае становішча ў розных краінах, трэба працаваць з урадамі гэтых краін, і гэта вялікая і сур'ёзная праца. Яе робяць дыяспары, але ім часта не хапае гэтай сімвалічнай улады. Ну і гэта праца, а праца павінна аплачвацца.

Ёсць цэлы шэраг кірункаў, якія Святлана Ціханоўская ўсё-ткі робіць, але мне падаецца, што яе Офіс мог бы быць узмоцнены за кошт таго, што было б больш каманд, якія ўзаемадзейнічалі б па розных пытаннях — і з людзьмі ў Беларусі, і з беларусамі і беларускамі па-за межамі.

— Як ты думаеш, чаму яны гэтага не зрабілі?

— Я думаю, гэта таму, што няма палітычнага досведу. І няма звычкі давяраць людзям, гарызантальна працаваць, ёсць жаданне больш кантраляваць. Але ўсё гэта зразумела — пасля столькіх гадоў дыктатуры.

Мне падаецца, што мы як актыўныя грамадзяне павінны максімальна пазітыўным спосабам думаць, як гэтую сітуацыю можна змяняць, і самім ініцыятыву браць у свае рукі. Мы вось бачым: ініцыятыву «Еўрапейскі выбар» стартавала Вольга Павук разам са сваімі аднадумцамі ў Вільні. І затым ужо праз месяц Святлана Ціханоўская на еўрапейскім узроўні абвясціла пра гэты кірунак працы Офіса — што яны таксама яго падзяляюць.

Насамрэч калі ёсць сілы і магчымасці, асабліва ў тых, хто з’ехаў, трэба праяўляць ініцыятыву, не глядзець на Ціханоўскую, а дзейнічаць самім і потым узаемадзейнічаць з Ціханоўскай, прапаноўваць ёй гэтыя ініцыятывы.

Беларусы і расійская вайна ва Украіне

— На сённяшні дзень падаецца, што Святлана Ціханоўская — адзіная, хто можа вырашыць — ці хаця б паспрабаваць — такія праблемы, як легалізацыя беларусаў і беларусак у краінах, дзе прымаюць уцекачоў. Асабліва балючае гэтае пытанне ва Украіне. Як ты думаеш, чаму кіраўніцтва Украіны дагэтуль не пайшло з ёю на кантакт?

— Магчыма, усё-ткі не хапае людзей і структур, якія б працавалі ва Украіне. Гэтым займаецца Валер Кавалеўскі, але ён займаецца ўсімі прадстаўніцтвамі ва ўсіх краінах. Напэўна, не можа адзін чалавек вырашаць праблемы беларусаў болей чым у дзесяці краінах.

Што датычна ўкраінскага боку... Павінен быць нейкі перамоўны працэс паміж камандай Ціханоўскай і ўладамі Украіны. Мы бачым супярэчлівыя пасылы. З аднаго боку, Зяленскі звяртаецца да беларускага народу і просіць не ўцягвацца ў вайну. То-бок ужо ёсць падставы для перамоў. Быў шэраг выказванняў пра тое, што ёсць разуменне, што беларусы і беларускі на ўзроўні грамадзянскай супольнасці шмат робяць. Беларусы ж ваююць на баку ўкраінскага войска. З іншага боку, хтосьці з актывістаў ці актывістак гаворыць, што праблема звязаная з недастатковай прадстаўленасцю ўнёску беларусаў і беларусак ва ўкраінскіх СМІ. На мой погляд, каманда, якая працуе ва Украіне, павінна ўсім гэтым займацца. Можна падазраваць, што проста гэтая каманда мусіць быць узмоцненая і больш мэтанакіравана гэтыя пытанні абмяркоўваць.

— Як вайна Расіі ва Украіне паўплывала асабіста на цябе?

— Я ўспрыняла гэта як трагедыю майго грамадства. Хаця маё грамадства беларускае, але мне вельмі блізкая Украіна, і ў мяне і ў маёй супольнасці было шмат праектаў з украінцамі і ўкраінкамі. Я адчула боль і адчай, усе гэтыя цяжкія пачуцці. І першыя дні мы хваляваліся, ці не будзе бліцкрыг, ці не атрымаецца ў Расіі ажыццявіць сваю ідэю за некалькі дзён перамагчы Украіну.

З іншага боку, я гатовая браць на сябе адказнасць за тое, што адбываецца. Я лічу сябе часткай беларускага грамадства і таму гатовая выбачацца перад украінцамі і ўкраінкамі таксама.

— Ты падзяляеш канцэпцыю «калектыўнай адказнасці» і «калектыўнай віны»?

— Я лічу, што ёсць калектыўная адказнасць, і я гаварыла б пра паняцце адказнасці, а не віны, бо адказнасць — гэта актыўная пазіцыя. Трэба адрозніваць — гэта Карл Ясперс прапанаваў нам — юрыдычную, палітычную, маральную і агульначалавечую адказнасць. І калі мы з'яўляемся часткай грамадства, то ў палітычным сэнсе я беларуска, я звязаная з людзьмі, якія знаходзяцца ў Беларусі, я разумею, што людзі не могуць выходзіць на пратэсты — і што тады рабіць? Усе гэтыя думкі азначаюць адказнасць, і мая адказнасць заключаецца ў тым, каб гэта неяк растлумачыць і рабіць, знаходзячыся па-за межамі Беларусі, усё, каб падтрымліваць украінцаў і ўкраінак.
У Deutsches Hygiene-Museum, Дрэздэн, 18.05.2022, enDemos. Фота: facebook.com/andemos.eu/

У Deutsches Hygiene-Museum, Дрэздэн, 18.05.2022, enDemos. Фота: facebook.com/andemos.eu/

— Як ты ставішся да меркаванняў кшталту «я не Лукашэнка, я не аддаю загадаў і таму не маю да гэтага ніякага дачынення, я тут ні пры чым»?

— У юрыдычным сэнсе сапраўды нясе адказнасць Лукашэнка, і ў маральна-этычным сэнсе таксама, з перспектывы індывідуалістычнай канцэпцыі, можна знайсці апраўданне — «я не ўдзельнічаю ў злачынствах». Але нават значная частка нашых сяброў у Беларусі ўсё-ткі стараюцца нешта рабіць, так? Хаця б быць сумленнымі з самімі сабой, падтрымліваць гэта на ўзроўні размоў паміж людзьмі, паміж сабой абмяркоўваць гэтую сітуацыю. Таму мне падаецца, што, калі гэта ўсведамляем і гаворым пра гэта, мы ўжо бяром на сябе адказнасць, адрозніваем сябе ад Лукашэнкі: ён прымае такія рашэнні, выступае ў якасці агрэсара, а я з гэтым не згодная і намагаюся нейкім чынам гэта выявіць, намагаюся не падтрымліваць яго, выказаць падтрымку ўкраінцам і ўкраінкам. Мне падаецца, што ў гэтым ужо праяўляецца размежаванне з Лукашэнкам.

Вайна ва Украіне і беларуская культурная прастора

— У сувязі з нядаўнім скандалам з фестывалем інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» былі такія меркаванні, што гэта дакладна не выражэнне падтрымкі ўкраінцам і ўкраінкам, а займанне пазіцыі агрэсара — то-бок, умоўна, становішся на бок расіян і ігнаруеш пачуцці ўкраінцаў. Як ты паставілася да гэтай сітуацыі?

— Калі гаварыць шырэй, а не толькі пра «Прадмову», то я ўвогуле не лічу, што да ўсяго расійскага грамадства трэба ставіцца негатыўна. Зусім нядаўна было таксама не зразумела, ці не падтрымлівае беларускае грамадства Лукашэнку — да 2020 года. Шукаць у любым грамадстве аднадумцаў і дапамагаць ім супраціўляцца аўтарытарнаму рэжыму — гэта важна.

Што тычыцца сітуацыі з «Прадмовай». Я спрабавала паслухаць розныя галасы, розныя аргументы і згаджаюся, што пачуць і ўлічыць голас украінскіх удзельнікаў і ўдзельніц было важна. Хаця, напрыклад, у аргументах арганізатараў «Прадмовы» гучала, што яны спрабавалі гэта ўлічыць: у нейкіх гарадах былі ўкраінцы і беларусы, у іншых — беларусы і расіяне. Я не думаю, што арганізатары зусім ігнаравалі гэтыя супярэчнасці, але на самой справе гэта таксама складанае пытанне — як зараз улічыць інтарэсы ўкраінак і ўкраінцаў, якія самым непасрэдным чынам зараз перажываюць трагедыю вайны, і расіянаў і расіянак, якія падвяргаюцца рэпрэсіям. Аднак усё-ткі мне падаецца, што трэба быць максімальна адчувальнымі ў першую чаргу да ўкраінцаў і ўкраінак. Калі я ўдзельнічаю ў мерапрыемствах, я таксама пытаю, ці хочуць украінцы і ўкраінкі мяне бачыць.

— Наколькі, як табе падаецца, гэта быў удар па беларускай культуры?

— Ты маеш на ўвазе, што гэта ўтварыла новыя лініі расколу?.. І так, і не. Агулам усе гэтыя расколы ў культурнай прасторы — гэта нармальна. Пытанне ў тым, наколькі яны глыбокія, наколькі ёсць абмеркаванне. У мяне самой была патрэба абмеркаваць гэтую сітуацыю, бо было незразумела, як дзейнічаць. Магчыма, ёсць неабходнасць не ў адной дыскусіі, трэба больш неяк гэта абмяркоўваць, каб зразумець.

Расколы — гэта нармальна, але і нармальна іх пераадольваць, а для гэтага трэба сустракацца і абмяркоўваць. Гатовых рашэнняў няма, а мы ўсе ў розных сітуацыях, сітуацыі змяняюцца, і гэты досвед і далей будзе змяняцца. Вайна — гэта выклік, сітуацыя ў Беларусі — гэта складана, супярэчнасці паміж тымі, хто з’ехаў і застаўся, — таксама адна з тэм.

З’ехаць нельга застацца

— Я чула некалькі такіх вельмі дзіўных для мяне выказванняў пра тое, што, па-першае, усе мусяць з’ехаць з Беларусі і тут павінна застацца выпаленая зямля, а яшчэ пра тое, што Беларусь зараз па-за межамі, а не ўнутры.

— Я ўсё гэта не падтрымліваю. Лічу, што тыя, хто не мог застацца з розных прычын, з’ехалі і нейкі свой унёсак робяць па-за межамі ці проста захавалі сваё жыццё. Частка людзей атрымлівае адукацыю. Будзем спадзявацца, што гэта таксама прыдасца ў будучай Беларусі.

Адначасова немагчыма, каб усе актыўныя людзі з’ехалі з Беларусі. Гэта ні ў якім сэнсе немагчыма: і не могуць, і не хочуць людзі з'язджаць. І я з вялікай павагай стаўлюся да людзей, якія засталіся. Гэта тычыцца і дапамогі палітзняволеным, і дапамогі адно аднаму. Шмат маіх сяброў, мае бацькі застаюцца ў Беларусі. Новыя актыўныя людзі з'яўляюцца нават у гэтых цяжкіх умовах. Немагчыма ўсё гэта закатаць. Так што нам таксама трэба абмяркоўваць, што такое дом і як спалучыць траекторыі жыцця тых, хто па-за межамі Беларусі, і тых, хто ўнутры краіны, — каго гэтая праблема хвалюе.

Да 2020 года ў нас былі ў сферы сучаснага мастацтва вялікія дыскусіі наконт таго, ці вызнаваць беларускімі мастакамі тых, якія выехалі. І спатрэбілася шмат дыскусій і спрэчак, каб прызнаць іх. То-бок першапачаткова, у нулявыя гады, было такое адрынанне, нежаданне прызнаваць, напрыклад, Марыну Напрушкіну — беларускую мастачку, якая жыве і працуе ў Берліне. Але потым выпрацавалася гэтая згода, выпрацавалася прызнанне, што ў кожнага свая задача — і здорава, калі мы ўзаемадзейнічаем і адно аднаму дапамагаем. Гэта спрыяе агульнай справе.

— Для мяне гэта балючае пытанне, з якім я сутыкаюся даволі часта, — калі людзі выехалі за мяжу ў пэўны перыяд (дапусцім, у 2020 годзе) і не бачылі ўсяго таго шляху, які Беларусь праходзіла і праходзіць зараз. Мы з імі цяпер гаворым на розных мовах, пра розную Беларусь. Часам бывае, што за мяжой ужо сфармавалі карціну, быццам у нас усё стабільна, усё добра — дзякуючы эйфарыі, якая засталася пасля пратэстаў і адсутнасці дэпрэсіі ва ўмовах тэрору. Падчас такіх дыскусій ствараецца хутчэй аптымістычны вобраз Беларусі. Тады ўзнікае лагічнае пытанне: якой дапамогі вы просіце, калі ў вас там усё добра?

— Гэта складанае пытанне. Я ў першую чаргу заклікала б тых, хто знаходзіцца па-за межамі Беларусі, максімальна даваць голас тым, хто прыязджае з Беларусі — каб яны выступалі, дзяліліся досведам. У першую чаргу галасы тых, хто прыязджае з Беларусі, — гэта галасы Беларусі зараз. Па-другое, што датычыцца гэтага аптымістычнага вобразу. Я, напрыклад, у Германіі сутыкалася з тым, што ад мяне яшчэ ў канцы 2020 – пачатку 2021 года патрабавалі прызнання таго, што мы прайгралі і беларускае грамадства расціснутае, то-бок наадварот — гэта была карціна стабільнасці: мы больш нічога не можам, Пуцін усё вырашае, а мы зноў вярнуліся да нейкага незразумелага статусу-кво.

Так што мне было вельмі важна гаварыць, што быў пад'ём, нарадзілася новае разуменне грамадства. Але зараз перыяд вельмі цяжкіх рэпрэсій, таму патрэбная дапамога грамадзянскай супольнасці, і на Захадзе могуць вельмі шмат зрабіць. Робіцца недастаткова.

Можна і трэба гаварыць пра беларускае грамадства як суб'ект (і тады мы павінны гаварыць пра пратэсты), аднак гаварыць не толькі пра гэта, але і пра тое, што, на жаль, гэтыя пратэсты выклікалі контррэвалюцыю, рэакцыю рэжыму Лукашэнкі. Мяркую, калі мы не будзем гаварыць пра рэвалюцыю, то тады і незразумела, каму дапамагаць — суб'ект нейкі новы з’явіўся, стала яшчэ больш актыўных людзей.

Мне падаецца важным гаварыць і пра адзін, і пра другі аспект. Размова толькі пра рэпрэсіі — гэта калі няма суб'екта, такое «вы ні на што не здольныя». На самой справе ёсць тут, у Германіі, жаданне такога погляду, у тым ліку і з перспектывы інтарэсаў Расіі, — што Пуцін усё вырашае, а вы там дзеці і шанцаў асаблівых у вас няма. Пытанне ў тым, як знайсці баланс паміж тым, каб гаварыць, што быў пад'ём і была рэвалюцыя, і тым, што наступілі рэпрэсіі.

Мы ідзём сваім шляхам, і дапамога патрэбная не толькі таму, што яна патрэбная беларусам — яна патрэбная дэмакратычнай прасторы, бо дэмакратыя не існуе ў адной краіне, мы ўсе жывём ва ўзаемазвязаным свеце, і ў нашых агульных інтарэсах падтрымліваць беларускае грамадства.

Мітынг салідарнасці з Беларуссю, чэрвень 2021 года, Берлін. Фота: Razam Berlin

Мітынг салідарнасці з Беларуссю, чэрвень 2021 года, Берлін. Фота: Razam Berlin

Пра сітуацыю ахвяры і магчымасці для дзеяння

— Гэта нават не пытанне — хутчэй працяг дыскусіі. Я думаю, што тут, як і ва ўсёй беларускай сітуацыі, вельмі добра працуе метафара хатняга гвалту. І з гэтай пазіцыі, я думаю, становіцца відавочным: спачатку зараджаюцца нейкія стабільныя адносіны і ты спадзяешся на лепшае, а пасля пачынаецца гвалт, які нарастае-нарастае-нарастае — і натуральна, што не застаецца ніякіх надзей. Суб'ектнасць паступова знікае, чалавек становіцца ахвярай. Як правіла, ахвяра сама не можа выбрацца з гвалту, ёй патрэбная дапамога. Калі я ў Беларусі, я адчуваю (і гэта неперадаваемы стан), што яны натуральна будуюць канцлагер, асабліва з гэтай сцяной на мяжы — сцяной як фізічнай, так і ў метафарычным сэнсе, калі нас абсалютна не хочуць чуць. І мы самі не можам выбрацца. Нам патрэбная дапамога. Але я не ведаю, як яшчэ пра гэта гаварыць.

— Сучасны, больш дэталёвы погляд на сітуацыю ахвяры і на паняцце супраціву дапаўняе іх паняццем актыўнасці (agency), якое якраз можа даць нейкія каментары да гэтай сітуацыі. Па-першае, гэта адмова шэрагу даследчыц гаварыць пра ахвяру як пра суб'ект, які з'яўляецца ахвярай па вызначэнні, па прыродзе сваёй. А значыць, гэта не беларусы такія, а такая сітуацыя — пэўныя структуры, у якіх людзі апынуліся, змяшчаюць у гэты стан знявагі, падаўлення іх волі, і невядома, як справіцца з гэтай сітуацыяй.

З іншага боку, у сітуацыі ахвяры заўсёды ёсць межы. У гендарных даследчыц ёсць устаноўка ў такой сітуацыі шукаць кропкі, дзе магчымае актыўнае дзеянне. Не ва ўсіх сітуацыях яно магчымае, але недзе верагоднае. І тады гэтая прастора для дзеянняў мусіць быць прасторай для дапамогі і ўзаемадзеяння з партнёрамі. Напрыклад, калі ў Беларусі немагчымая палітыка, то магчымая падтрымка літаратурных праектаў, ці сучаснага мастацтва, ці проста выезд людзей на адпачынак. Нельга разглядаць беларусаў і беларусак так, што яны па сваёй прыродзе такія, як рэжым Лукашэнкі, — і пратэсты паказалі, што мы імкнемся быць іншымі. Тады давайце дапамагаць людзям нейкімі спосабамі выходзіць з сітуацыі ахвяры.

І трэцяе пра agency. Саба Махмуд напісала цудоўную кніжку наконт гэтага. Яна аналізавала паводзіны жанчын у арабскіх краінах. Там ёсць такая культура, калі жанчыны чытаюць Свяшчэннае Пісанне і тлумачаць яго тэксты ў сваіх інтарэсах. Яна гаварыла, што агулам жанчыны застаюцца ў сістэме, яны не ламаюць патрыярхальны лад, але спрабуюць змяніць стаўленне да сябе, разуменне сябе, разуменне адносін, якія складваюцца паміж людзьмі, выяўляюць новыя прасторы свабоды. Я думаю, што ў Беларусі таксама пра гэта ідзе гаворка — тое, што людзі спрабуюць у сяброўскіх колах адно аднаго падтрымліваць, калі немагчымыя публічныя прасторы, неяк па-іншаму выбудоўваць камунікацыю.

Саба Махмуд гаворыць, што фармуецца новы этычны суб'ект. Трэба спрабаваць быць гэтым этычным суб'ектам, які мысліць, які спрабуе калі не адкрыта супраціўляцца, то ўсё-ткі знаходзіць межы сітуацыі ахвяры і разумець, якія ёсць магчымасці для адказу на яе.

«У рэвалюцыі жаночы твар» у кнігарнях Берліна. Фота з архіва Вольгі Шпарагі

«У рэвалюцыі жаночы твар» у кнігарнях Берліна. Фота з архіва Вольгі Шпарагі

Калі разглядаць беларускую сітуацыю як сітуацыю, якая падтрымлівае Лукашэнку за кошт пэўнага інстытуцыянальнага ўпарадкавання, вынікае, што не трэба супрацоўнічаць з гэтымі інстытутамі — тое, чаго мы патрабавалі на акадэмічным узроўні: не супрацоўнічаць з універсітэтамі, але супрацоўнічаць з асобнымі вучонымі. Гэта, мне падаецца, іншы ўзровень — крытыка структур. Але ў гэтай сітуацыі трэба бачыць людзей з іх патрэбамі ў дапамозе, з патрэбамі развівацца. Так што тут насамрэч магчымасцяў дапамогі можа быць вялізная колькасць. Але, вяртаючыся да таго, з чаго мы пачыналі: пра гэта трэба гаварыць, трэба, каб былі чутныя гэтыя галасы, каб транслявалася, якога роду дапамога патрэбная людзям.

Нам трэба паміж пад'ёмам і дэпрэсіяй шукаць розныя іншыя практыкі, якія дапамогуць нам выжыць і падтрымліваць адно аднаго. У рэшце рэшт, як сказаў Адам Міхнік, быць сумленнымі з самімі сабой і ў маленькім коле сяброў. У сітуацыі такога падаўлення гэта вельмі шмат.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: