«Цалкам можа так атрымацца, што не пашкадуюць і сваіх»

Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі» ў звыклай іранічнай манеры аналізуе глыбіню беларускага эканамічнага крызісу і разважае, як улады плануюць не тое што з яго выйсці, а хаця б сцішыць.

8690185dd5f0ed8d7d1eaf890c6e170f.jpg


Прайшло літаральна нейкіх паўгода, а беларускі ўрад ужо зноў чакае абяцаны Расіяй крэдыт у 1,5 мільярды долараў на імпартазамяшчэнне. Але цяпер ён ужо чакае не так, як раней. Раней жа чакалі незразумела калі, а цяпер ужо з канкрэтнымі тэрмінамі выканання. Беларускі віцэ-прэм'ер Снапкоў учора сказаў, што ўрад збіраецца падпісаць крэдытнае пагадненне ўжо прама ў верасні.

Было б, вядома, трошкі больш пераканаўча, калі б пра падпісанне ў верасні сказаў які-небудзь расійскі віцэ-прэм'ер. Лепш, зразумела, каб пра грошы казаў той бок, у якога яны ёсць, а не той, якому гэтыя грошы патрэбныя. Таму што беларускі ўрад за апошнія паўгода выдаваў сабе гэты расійскі крэдыт ужо не адзін раз.

Але цалкам можа быць, што цяпер расійскія ўлады і праўда паклапоцяцца пра малодшага саюзніка. Усё ж такі ў саюзніка ВУП у ліпені ўпаў на рэкордныя 10 працэнтаў. І можа быць, перамога над ураджаем трошкі падтрымае ВУП у жніўні, але ніякі ўраджай не дапаможа беларускай прамысловасці. Нягледзячы на ўсе поспехі ў пераарыентацыі экспартных патокаў, прамысловасць упала на 12 працэнтаў.

Дапамагчы прамысловасці маглі б грошы. І пажадана, вядома, добрыя і чужыя. Што-небудзь з катэгорыі імпартазамяшчэння. Але сёй-той днямі загаварыў пра жыватворчую сілу дэвальвацыі для айчыннай жывёлагадоўлі. Так што цалкам можа так атрымацца, што не пашкадуюць і сваіх. Чаго іх шкадаваць? Трэба будзе, Нацбанк яшчэ сабе намалюе. Вось літаральна ўчора ўрад павялічыў ліміт размяшчэння аблігацый Банка развіцця з 2,6 да 5 мільярдаў рублёў.

Тым больш што для дэвальвацыі беларускага рубля цяпер ёсць не толькі ўнутраныя, але і сур'ёзныя знешнія стымулы. Поспехі ў пераарыентацыі экспартных патокаў прывялі да таго, што расійскі рынак стаў апошняй надзеяй для беларускай прамысловасці. А расійскі рубель, між тым, у апошні час крыху здаў. І, каб не губляць расійскі рынак, беларускаму рублю трэба даганяць і пераганяць валюту саюзніка. А што ў грамадзян ад гэтага будуць некаторыя нязручнасці, дык кожны ж павінен чым-небудзь ахвяраваць дзеля макраэканамічнай стабільнасці і прыгожага ВУП.