Эканаміст: Верагоднасць дэвальвацыі існуе

Эканаміст Дзмітрый Крук разважае, ці магчыма ў хуткім часе абясцэньванне расійскага рубля і беларускага —  услед за ім.

_finansy___ekanomika___hroszy__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg

Урад Расіі нядаўна ўзгадніў агульныя характарыстыкі новага бюджэтнага правіла — механізму назапашвання рэзерваў краіны за кошт валютных інтэрвенцый. Іншымі словамі — набыцця замежнай валюты на ўнутраным рынку.

Няўжо людзей рыхтуюць да абясцэньвання расійскага і беларускага рубля? І чаму менавіта цяпер Расіі спатрэбілася новае бюджэтнае правіла? Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук тлумачыць гэта ў каментарыі «Филину».

— Пэўная верагоднасць дэвальвацыі ёсць. Мяркуючы па тым, што адбываецца ў расійскіх СМІ, новае бюджэтнае правіла, хутчэй за ўсё, будзе прынятае ў той ці іншай форме. Яго структура азначае, што валюта, якая ідзе ад экспарту нафты, будзе больш актыўна выкупляцца з рынку.

Інтэнсіфікацыя размоў пра змену бюджэтнага правіла ў РФ звязана ў тым ліку з тым, што расійскі рубель значна ўмацаваўся да долара нават у параўнанні з даваенным перыядам. У той час, як долар сёння знаходзіцца на 20-гадовым піку ў адносінах да ключавых сусветных валют.

Адмежаванне расійскай эканомікі ад сусветнай прыводзіць да ненатуральнага ўмацавання расійскага рубля. І праз карэкціроўку бюджэтнага правіла гэтае празмернае ўмацаванне хочуць згладзіць.


І калі прыняцце новых параметраў правіла адбудзецца, то здарыцца абясцэненне расійскага рубля, а аўтаматам за ім — і беларускага.

Абясцэненне не адбудзецца ў 2-3 разы, пад «рэзкім» маецца на ўвазе значэнне ў 10–15%, думаю, не больш. Іншымі словамі, усталюецца курс на ўзроўні 75-80 расійскіх рублёў за долар. Аднак пакуль параметры бюджэтнага правіла знаходзяцца на абмеркаванні.

— Калі правіла ўзгодняць і прымуць, то як хутка можна будзе адчуць наступствы гэтага рашэння?

— Думаю, што дастаткова хутка. Гэта будзе азначаць, што расійскі Цэнтрабанк проста пачне выкупляць велізарную частку валютнай выручкі і перанакіроўваць яе ў рэзервы. То-бок, гэта літаральна справа некалькіх дзён.

Хутчэй за ўсё, яны гэта зробяць абсалютна свядома: для таго, каб даць больш канкурэнтаздольнасці сваім экспарцёрам. Тое ўмацаванне расійскага рубля, якое здарылася ў апошні час, — гэта хутчэй праблема, чым дасягненне.

Паводле «Филин».