З 1 верасня ў школах і ВНУ з'явіцца новы факультатыў. На ім распавядуць пра генацыд беларускага народа

Генпракуратура і Міністэрства адукацыі абмеркавалі вывучэнне матэрыялаў «па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа» у ВНУ і школах. Ужо з 1 верасня ў школах і ўніверсітэтах з'явіцца факультатыў, у межах якога навучэнцам распавядуць пра генацыд беларускага народа.

prakuratura_2.jpg


У навучальныя дапаможнікі ўключаць вынікі і матэрыялы расследавання Генеральнай пракуратуры.
«Гэта трэба рабіць не толькі ў наш Год гістарычнай памяці. Гэта паўсядзённая задача. У першую чаргу сістэмы органаў адукацыі. Перш за ўсё, дзеці павінны з дзіцячага сада разумець ролю і значэнне найважнейшых гістарычных падзей нашай дзяржавы, каб іх правільна ацэньваць і захоўваць тую гістарычную памяць, пра якую мы гаворым», — заявіў намеснік Генеральнага пракурора Беларусі Максім Варонін.
«Тое, што Генеральная пракуратура больш за год праводзіць глыбокае даследаванне, якое дае факты, прычынна-выніковыя сувязі, дае праўду, каб мы ва ўстановах адукацыі гэтую праўду давялі да дзяцей, дапамаглі дзецям разабрацца ў тым, што адбывалася, у тым, як іх прадзеды, сваякі, суседзі абаранялі сваю радзіму», — лічыць намеснік міністра адукацыі Беларусі Сяргей Руды.
З'яўленне новага факультатыва анансавалі толькі ў школах у межах вывучэння гісторыі Беларусі. Пытанні аб Вялікай Айчыннай вайне ўвядуць у кожны білет на іспытах, а каб да іх падрыхтавацца, школьнікам давядзецца хадзіць на спецыяльны факультатыў.