Музыка Барыс Грабеншчыкоў падтрымаў палітзняволеную Таццяну Кузіну
Ён даслаў ёй сваё фота са словамі падтрымкі. На ім напісана: «Таццяна! Сіл Вам. Цемра не доўжыцца вечна; заўсёды ўзыходзіць сонца. Б. Г.».
![imgonline_com_ua_2to1_ylsinmzr5fq.jpg imgonline_com_ua_2to1_ylsinmzr5fq.jpg](/img/v1/images/imgonline_com_ua_2to1_ylsinmzr5fq.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Таццяна Кузіна — экспертка ў галіне дзяржаўнага кіравання, палітолаг, даследчыца, адна з заснавальніц праекта «SYMPA» (Школа маладых менеджараў у сферы публічнага адміністравання). Яна была затрымана 28 чэрвеня 2021 года ў аэрапорце «Мінск», калі выпраўлялася ў кароткатэрміновую паездку ў Грузію. Ёй выстаўлены абвінавачванні паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: «Змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» (ч. 3 арт. 361).
Аднак сутнасць абвінавачванняў, прычыны затрымання Таццяны і тым больш яе ўтрымання пад вартай на працягу такога доўгага тэрміну застаюцца невядомымі. Як і ў выпадку многіх іншых палітычных зняволеных, адвакат Таццяны знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні, а ў яе блізкіх і сяброў няма ніякіх магчымасцей даведацца нейкія падрабязнасці па справе. Няясна, калі гэта справа будзе перададзена ў суд ці калі можна (калі можна) чакаць нейкага іншага развіцця падзей.
Самы просты спосаб падтрымаць Таццяну Кузіну і іншых палітвязняў — напісаць ім ліст, адправіць паштоўку ці тэлеграму. Таксама можна зрабіць сімвалічны грашовы перавод або адправіць бандэроль. Гэта дапамагае нашым несправядліва зняволеным сябрам і калегам трымаць сувязь са знешнім светам і атрымліваць сігналы аб тым, што мы разам з імі.
Адрас для лістоў: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА-1, Кузіна Таццяна Сяргееўна.
![Барыс Грабеншчыкоў выставіў на аўкцыён сваю камізэльку, каб падтрымаць зняволеных музыкаў Irdorath Барыс Грабеншчыкоў выставіў на аўкцыён сваю камізэльку, каб падтрымаць зняволеных музыкаў Irdorath](/img/v1/images/photo_2022_06_17_16_00_32.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)