Барыс Грабеншчыкоў выставіў на аўкцыён сваю камізэльку, каб падтрымаць зняволеных музыкаў Irdorath

У падтрымку палітзняволеных музыкаў з гурта Irdorath лідар гурта «Акварыум» Барыс Грабеншчыкоў выстаўляе на дабрачынны аўкцыён сваю камізэльку. У ёй ён выступаў падчас канцэртнага тура 2005-2006 гадоў.

*

*


 “Калі людзей садзяць у турму за тое, што яны граюць музыку на вуліцы, гэта значыць, што ў свеце нешта вельмі не так. А гэта значыць: калі можаш хоць чымсьці дапамагчы — дапамажы,” — кажа спадар Барыс з нагоды ўдзелу ў дабрачынным аўкцыёне.
Усе сродкі ад продажу лота будуць скіраваныя на падтрымку палітзняволеных музыкаў з гурта Irdorath.
Нагадаем, музыкі Пятро і Юлія Марчанкі, Надзея і Уладзімір Калачы і Антон Шніп з гурта Irdorath былі затрыманыя ў жніўні мінулага года. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле і арганізацыі мерапрыемстваў, што груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК), за выкананне музыкі і спевы падчас маршаў пратэсту ў жніўні 2020-га. 
Пятро і Юлія Марчанкі і Антон Шніп асуджаныя на 1,5 года калоніі агульнага рэжыму, Надзея і Уладзімір Калачы — на 2 гады калоніі.
Зрабіць стаўку ва аўкцыёне і падтрымаць музыкаў можна тут.