«Дарагому салдату з Белай Русі». Свята-Елісавецінскі манастыр актыўна падтрымлівае расійскія войскі
Мінскі манастыр на працягу многіх гадоў займаўся гуманітарнай дапамогай Данбасу: кіраўніком напрамку быў прызначаны пісьменнік Мікалай Гаўрылаў. Аднак гэтая дапамога дэкларавалася як дапамога «мірным жыхарам». Але са жніўня 2022 года манастыр перастаў хаваць свой удзел і ў дапамозе расійскім вайскоўцам.
«Дапамога братам» — так называецца кіраваная манашкай Аляксандрай валанцёрская група манастыра, якая займаецца зборам сродкаў пад патрэбы вайскоўцаў. Створаная ў жніўні 2022 года, яна была пабудавана як група, што супрацоўнічае з такой жа групай, але створанай на паўгода раней у манастыры Святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны ў вёсцы Нікольскае (Арлоўская вобласць), піша тэлеграм-канал Хрысціянская візія.
Валанцёрская група створана з ініцыятывы і блаславення духоўніка манастыра протаіерэя Андрэя Лемяшонка. Варта зазначыць, што і раней пратаірэй адкрыта выступаў супраць нормаў міжнародных дакументаў і ўхваляў дзеянні краіны-агрэсара, што супярэчыла нават афіцыйнай палітыцы беларускай дзяржавы.
Руская праваслаўная царква (Маскоўскі патрыярхат) у асобе яе патрыярха актыўна падтрымала расійскае ўварванне ва Украіну. Праз гэта з пад яе юрысдыкцыі пачалі выходзіць іншыя цэрквы. Напачатку вайны з Маскоўскім патрыярхатам разарвала адносіны Руская праваслаўная царква ў Амстэрдаме. «Святары адзінагалосна заявілі, што больш не могуць функцыянаваць у складзе Маскоўскага патрыярхата і забяспечваць духоўна бяспечнае асяроддзе для нашых вернікаў», – паведамлялася ў заяве духавенства.
Потым Сабор Украінскай праваслаўнай царквы выказаў нязгоду з пазіцыяй патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы наконт баявых дзеянняў ва Украіне і прыняў змены ў статут УПЦ, якія азначаюць яе поўную самастойнасць.
А нядаўна Латвійская царква звярнулася да Патрыярха Кірыла з просьбай аб аўтакефаліі. Прычым, гэта проста фармальнасць: зварот да Патрыярха неабходны для таго, каб выхад з РПЦ быў кананічным і не лічыўся расколам. Латвійцы настроены рашуча і плануюць аддзяліцца ад РПЦ у самы бліжэйшы час.