Фігуранта «справы Ціханоўскага» чатыры месяцы трымаюць у ШІЗА
Палітвязня Уладзіміра Кнігу — былога сілавіка, ягога затрымалі за тое, што бараніў у 2020-м Сяргея Ціханоўскага, чатыры месяцы ўтрымліваюць у ШІЗА.
![kniha_uladzimir.jpg kniha_uladzimir.jpg](/img/v1/images/kniha_uladzimir.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пра гэта распавёў палітвязень Сяргей Ціханоўскі, якога нядаўна выпусцілі з ШІЗА пасля двух месяцаў знаходжання там:
«Не ведаю, на колькі мяне выпусцілі. Можа быць, толькі каб набыць туалетныя прыналежнасці і прывесці сябе ў парадак. Акрамя мяне ў жудасных умовах у розных установах утрымліваюцца і іншыя беларусы. Тут, у Жодзіне, ужо больш за чатыры месяцы сядзіць у ШІЗА Уладзімір Кніга. Ён былы амапавец з Гродна, які заступіўся за мяне падчас затрымання ў 2020-м. Ён герой!».
Праваабаронцы нагадалі, што некалькі месяцаў таму Уладзіміру ўзмацнілі рэжым і перавялі ў жодзінскую турму, дзе таксама ўтрымліваюць і Ціханоўскага.
Уладзімір Кніга — былы сілавік, валанцёр каманды Святланы Ціханоўскай. За кратамі знаходзіцца ўжо 28 месяцаў. Яго затрымалі 4 чэрвеня 2020-га.
Нагадаем, 29 траўня 2020-га ў Гродне падчас правядзення пікета па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы кіраўнік ініцыятыўнай групы, блогер папулярнага YouTube канала «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 15 грамадзян, якія прымалі ўдзел у пікеце.
Затрыманне адбылося пасля таго, як некалькі жанчын спрабавалі стварыць канфліктную сітуацыю. Інцыдэнт скончыўся ўмяшальніцтвам міліцыі, дэманстрацыйным падзеннем супрацоўніка міліцыі на зямлю і затрыманнем Ціханоўскага і іншых удзельнікаў пікета АМАПам. Была распачата крымінальная справа па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
На Уладзіміра Кнігу была таксама заведзена справа па арт. 364 КК («Гвалт у дачыненні да міліцыі»).
2 чэрвеня 2021 года пасля доўгага судовага працэсу ў гродзенскім судзе Уладзіміру Кнізе прысудзілі чатыры гады калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.
Падтрымайце палітвязняў: Следчая турма № 8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А (Уладзімір Іванавіч Кніга, Сяргей Леанідавіч Ціханоўскі).