Хронікі рэпрэсій. Святарам — суткі, а абітурыенту ліцэя МУС — 7,5 гадоў

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі за 4 лістапада.

img_2777_1_logo_2.jpg


Сілавікі зладзілі пагром у доме прэс-сакратара Беларускага палка ва Украіне Крысціны «Чабор». У доме разламаная мэбля, вывернутыя паліцы, раскіданыя рэчы, паведамляе Позірк.

* * *

Святару грэка-каталіцкай царквы Ігару Кандрацьеву прысудзілі 12 сутак арышту, рэдактару газеты «Царква» Ігару Бараноўскаму — 15 (за публікацыю на старонцы выдання ў сацсетках відэа медыя, якое беларускія ўлады лічаць экстрэмісцкім).

* * *

КДБ дадаў у спіс «тэрарыстаў» яшчэ 7 чалавек. Гэта Уладзіслаў Трызна, былы следчы Станіслаў Пугачоў, медыяменеджар Дзмітрый Навоша, Яніна Сазановіч, Валерыя Занемонская, Данііл Багдановіч, Вольга Высоцкая. Цяпер у гэтым спісе беларускіх чэкістаў 941 чалавек. З іх 196 — беларусы.

* * * на аднаго з арганізатараў беларускіх палкоў у Украі

СК узбудзіў крымінальную справу на аднаго з арганізатараў беларускіх палкоў ва Украіне. МУС паведамляе: «У Варшаве створаны вербавальны і фінансавы цэнтр так званага палка “Пагоня”, які займаецца адборам мужчын ва ўзросце ад 20 да 45 гадоў, якія маюць досвед вайсковай службы. Навучанне і зладжванне баевікоў праводзіцца замежнымі інструктарамі на тэрыторыях Чэхіі, Польшчы і Украіны. Аднымі з арганізатараў гэтага экстрэмісцкага фарміравання з'яўляюцца Вадзім Пракоп'еў і Валерый Сахашчык».

«У дачыненні да Пракоп'ева і іншых асоб» распачата крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім.

* * *

244 чалавекі адным махам дадало МУС у спіс «экстрэмістаў». Як паведамляюць праваабаронцы, сярод іх Мікалай Статкевіч, Сяргей Ціханоўскі, Ігар Лосік, экс-кіраўнік «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Віктар Фянчук, журналісты Аляксандр Івулін і Алег Груздзіловіч, (ён выйшаў на волю па памілаванні, але з нейкай прычыны напісана, што ён усё яшчэ адбывае пакаранне), былая кіраўніца прытулку для жанчын Вольга Гарбунова… Цяпер спіс тых, каго беларускія сілавікі лічаць «экстрэмістамі», складаецца з 1714 чалавек.

* * *

У Мінску ў закрытым рэжыме прайшло разбіральніцтва па крымінальнай справе за падпал у кастрычніку мінулага года аўтамабіля старшыні Дзяржкамітэта судовых экспертыз Аляксея Волкава. Вінаватымі прызналі двух хлопцаў — 19-гадовага Захара Таразевіча і 23-гадовага Антона Лысова. Вядома, што адразу супраць іх распачалі крымінальныя справы за «тэрарызм», аднак затым іх дзеянні перакваліфікавалі на «знішчэнне маёмасці». 2 лістапада Захара прысудзілі да 7 з паловай гадоў калоніі, а Антона — да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Таксама з іх знайшлі вялікія сумы за спалены аўтамабіль.

Антон Лысоў — 23-гадовы грамадзянін Расіі, жыхар Чабаксар, прыехаў у Мінск, але неўзабаве быў затрыманы. У Антона са сваякоў засталася адна бабуля, якой больш за 80 гадоў. Захар Таразевіч — 19-гадовы жыхар Мінскай вобласці (на момант затрымання яму толькі споўнілася 18). Хлопец ёсць у спісах абітурыентаў, дапушчаных да іспытаў у ліцэй МУС.

* * *

З сярэдзіны кастрычніка ў Беларусі зафіксавалі некалькі фактаў «здзеку над дзяржаўнымі сцягамі», распачатыя крымінальныя справы, паведамляе МУС.

Так, у Івацэвіцкім раёне 33-гадовы вясковец сарваў дзяржаўны сцяг з будынку мясцовай адміністрацыі. 26 кастрычніка аналагічна паступіла 26-гадовая мінчанка – як сцвярджаюць у МУС, «пасля наведвання забаўляльнай установы». На наступны дзень у Дрыбінскім раёне 22-гадовы мясцовы жыхар і яго 23-гадовы знаёмы выкралі сцяг з будынка Дома культуры «для фотасесіі», а ў мінулую нядзелю малады бабруйчанін сарваў сцяг з будынка крамы.

Па ўсіх фактах следчымі распачатыя крымінальныя справы за «здзек над дзяржаўнымі сімваламі».

Тым часам праваабаронцы пішуць, што ў судзе Круглянскага раёна 31 кастрычніка асудзілі двух мясцовых жыхароў 18 і 19 гадоў да года калоніі кожнага. Дзяніса Вераб'я і Івана Вераб'я прызналі вінаватымі ў здзеку над дзяржаўным сцягам: улетку яны сарвалі чырвона-зялёны сцяг з будынка сельскага клуба і пашкодзілі яго мацаванне.

* * *

У Брэсцкім абласным судзе 4 лістапада завяршыўся разгляд крымінальнай справы палітвязня Дзмітрыя Лагодзіча, якога абвінавацілі ў абразе прэзідэнта і распальванні іншай сацыяльнай варожасці. Дзмітрый Лагодзіч быў затрыманы 30 верасня 2021 года ў Брэсце па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і it-спецыяліста Андрэя Зельцэра.

Справу разглядаў суддзя Мікалай Сянько, дзяржабвінаваўца — пракурор Марыя Бялт. Лагодзіч атрымаў пазбаўленне волі ва ўмовах агульнага рэжыму тэмінам на 3 гады і 6 месяцаў.