Сьвятара грэка-каталіцкай царквы будуць судзіць за «экстрэмісцкія матэрыялы»
Сьвятара грэка-каталіцкай царквы Ігара Кандрацьева затрымалі 2 лістапада ў царкве перад пачаткам службы. Тады ж зьявілася інфармацыя пра затрыманьне рэдактара газэты «Царква» Ігара Бараноўскага, піша «Св*бода».
Паводле тэлеграм-каналу «Хрысьціянская візыя», берасьцейскага грэка-каталіцкага сьвятара Ігара
Кандрацьева чакае суд пад вартай.
Па папярэдніх даных выданьня, фармальнай прычынай затрыманьня Кандрацьева стаў распаўсюд ці публікацыя так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У дні пратэстаў 2020 году Ігар Кандрацьеў выходзіў на вуліцы, размаўляў зь дзяўчатамі і жанчынамі ў «ланцугах салідарнасьці», суцяшаў іх і маліўся разам зь імі.
Таксама ў жніўні на сустрэчы з кіраўніком выканкама Берасьця Аляксандрам Рагачуком айцец Ігар заклікаў выпусьціць затрыманых. Калі чыноўнік згадзіўся, пайшоў да мясцовага ІЧУ і быў там усю ноч, пакуль апошні затрыманы ня выйшаў на волю.
2 лістапада таксама зьявілася інфармацыя пра затрыманьне рэдактара газэты «Царква» Ігара Бараноўскага. Пра ягоны лёс на гэты момант нічога не паведамляецца.
«Царква» —
беларуская рэлігійная культурна-асьветніцкая газэта, якая асьвятляе жыцьцё
грэка-каталіцкіх супольнасьцяў у Беларусі і ў іншых краінах сьвету.
Раней Бараноўскага затрымлівалі 4 кастрычніка 2020 году, ён адседзеў паводле двух пратаколаў 30 дзён арышту ў Берасьці і Століне.