Пастара хочуць судзіць за хрышчэнне як за масавае мерапрыемства
Дзмітрыя Падлобку, пастара царквы хрысціян поўнага Евангелля «Жывая вера» з Гомеля, выклікалі ў міліцыю. Праваахоўнікі незадаволеныя праведзеным хрышчэннем, якое трактуюць як «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства». Прычым здзейсненае паўторна!
Пастара гомельскай пратэстанцкай царквы Дзмітрыя Падлобку, відаць, будуць судзіць за "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства". Нагодай для гэтага стала хрышчэнне, якое правёў пастар.
На пастара царквы "Жывая вера", якога выклікалі ў міліцыю, хочуць скласці пратакол паводле “народнага артыкула” 24.23 КаАП. Аднак падставай стала правядзенне рэлігійнай цырымоніі. Пра гэта ў тэлеграм-канале напісаў пастар мінскай пратэстанцкай царквы "Новае Жыццё" Вячаслаў Ганчарэнка і заклікаў вернікаў маліцца за гомельскага пастара, які “запрошаны ў міліцэйскі ўчастак для пратаколу і далейшага суда, за правядзення воднага хрышчэння без належнага на тое дазволу”.
Вячаслаў Ганчарэнка дадаў, што “артыкул, па якім абвінавачваюць, 24.23 КаАП — і гэта паўторнае прыцягненне. Памолімся, каб на пастар знаходзіўся Дух Божы і ён мог сведчыць усім аб Хрысце, аб праўдзе, аб ўстрыманні і аб будучым судзе. Каб ніхто не прычыніў пастару ніякай шкоды, а Гасподзь праславіўся”.
Нагадаем, як пісаў НЧ, нядаўна, 22 ліпеня, сілавікі прыйшлі дадому да дваіх вернікаў царквы Хрысціян веры евангельскай Яўгена Барысіка і Максіма Стасілевіча.
У Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі — у тым ліку супраць вернікаў і святароў.
Яшчэ ў 2020 годзе пад пераслед трапілі каталікі: пачынаючы ад кейса Тадэвуша Кандрусевіча, якога не пускалі ў краіну і хацелі пазбавіць грамадзянства, праз затрыманні і суды рэгулярна праходзяць каталіцкія святары. Напрыклад, нядаўна на 15 сутак быў затрыманы ксёндз Андрэй Вашчук. Хроніку пераследу Каталіцкага касцёлу можна пачытаць тут.
Пад пераслед трапляюць і праваслаўныя святары. Яшчэ ў 2020 годзе стала вядомая справа гомельскага святара Уладзіміра Драбышэўскага, якога некалькі разоў арыштоўвалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю. Нядаўна пазбавілі пасады іерэя Андрэя Наздрына — за антываенную пазіцыю і дапамогу пратэстоўцам. «Новы Час» таксама пісаў пра пераслед Праваслаўнай царквы.
Доўгую гісторыю змагання з рэжымам мае і пратэстанцкая царква «Новае жыццё»: пасля таго, як у 2020 годзе пастар царквы асудзіў гвалт сілавікоў, «Новае жыццё» выселілі з будынка, які царква займала не адзін дзясятак гадоў і фактычна стварыла ўласнымі сіламі на месцы былога кароўніка. Але вернікі прыходзілі да будынка памаліцца нават узімку. Некалькі разоў іх разганялі сілавікі.