Расійскі суд падоўжыў арышт беларускай актывістцы Яне Пінчук
Суд Санкт-Пецярбурга падоўжыў на тры месяцы ўтрыманне ў СІЗА Яны Пінчук, якую хочуць экстрадаваць у Беларусь.
Васілевостраўскі раённы суд Санкт-Пецярбурга ў пятніцу, 29 ліпеня, падоўжыў на тры месяцы арышт 25-гадовай грамадзянкі Беларусі Яны Пінчук. На такім рашэнні настойвала пракуратура: каб «узгадніць час і месца перадачы» дзяўчыны ў Беларусь, паведамляе dw.com.
Раней расійскі суд пакінуў у сіле пастанову аб экстрадыцыі Пінчук. У Беларусі яе абвінавачваюць у адміністраванні Telegram-канала «Віцебск 97%», які беларускі суд прызнаў «экстрэмісцкім». Дзяўчыну затрымалі ў Расіі восенню 2021 года, з лістапада яна знаходзіцца ў СІЗА і некалькі разоў скардзілася на ўмовы ўтрымання. Віну Яна не прызнала.
Адвакаты спрабавалі абскардзіць пастанову Генеральнай пракуратуры РФ аб экстрадыцыі дзяўчыны, а Камітэт па правах чалавека ААН забараніў яе выдаваць беларускім уладам, але расійскі суд пакінуў яго ў сіле. У Беларусі Яне Пінчук пагражае да 20 гадоў зняволення.