Хронікі рэпрэсій у Беларусі за 1 жніўня

Расказваем пра галоўнае, што адбылося ў палітычным жыцці краіны сёння, 1 жніўня.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


У судзе Мінскага раёна працягваецца разгляд справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады». На лаве падсудных палітолаг і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, палітык і юрыст Юрась Зянковіч, актывіст Дзяніс Краўчук і юрыстка Вольга Галубовіч. На сённяшнім пасяджэнні Рыгор Кастусёў не прызнаў віну ні па адным пункце абвінавачання: ён растлумачыў, што ўдзельнічаў у сустрэчах толькі анлайн і ў якасці слухача. Фядута, Галубовіч і Краўчук сваю віну прызналі.
Зняволенага Мікалая Аўтуховіча, які больш за тры тыдні трымае сухую галадоўку, не прыводзяць на судовыя пасяджэнні па яго справе. Прапагандысцкія рэсурсы публікуюць ролікі нібыта пра спыненне Аўтуховічам галадоўкі, але самога вязня ў іх не паказваюць. Дачка зняволенага сцвярджае, што ён схуднеў на 20 кг і амаль не можа хадзіць.
За «незаконнае пікетаванне» будуць судзіць былую журналістку T*T.by Таццяну Мацвееву. Судовае пасяджэнне прызначанае на 9 жніўня. 29 ліпеня журналістку затрымалі на віцебскім вакзале проста ля цягніка, дома ў Мацвеевай прайшоў ператрус. Яе вызвалілі 31 ліпеня.
Да 4 гадоў калоніі пагражае былому следчаму Максіму Куроўскаму за крытыку сілавікоў і вайны Расіі ва Украіне. Яго затрымалі некалькі дзён таму ў Пружанах, паведамляе «НН». Куроўскаму прад'явілі абвінавачанне ў «абразе Лукашэнкі».
Для трох «рэйкавых партызан» з Бабруйска, якіх КДБ уключыла ў «спіс тэрарыстаў», абвінавачанне запытала ад 15 да 17 гадоў зняволення. Такія тэрміны пагражаюць Ігару Казлову, Канстанціну Ермаловічу і Віталю Мінкевічу. Яшчэ дзвюм фігуранткам справы — Наталлі Кед і Наталлі Полькінай — могуць прысудзіць па 2 гады абмежавання волі. Прысуд абвесцяць заўтра раніцай.
Бацькі падлетка, у якога страляў супрацоўнік ГУБАЗіКа публічна выбачыліся перад сілавіком. У інтэрв'ю, якое выйшла ў дзяржаўнай газеце «Мінская праўда», бацька хлопца называе дзяцей «сапраўды неадэкватнымі» і гаворыць, што былы кіраўнік ГУБАЗіКа «ўсё правільна зрабіў».
2 гады калоніі прысудзілі гомельскаму айцішніку Андрэю Уткіну. Палітвязня абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за тое, што ён перадаў «экстрэмісцкаму» ТГ-каналу фотаздымак расійскай вайсковай тэхнікі.
Праваабарончыя арганізацыі «Lawtrend» і OEEC апублікавалі агляд, у якім гаворыцца, што са жніўня 2020 года беларускі рэжым ліквідаваў каля 880 недзяржаўных арганізацый. Толькі за ліпень 2022 года былі ліквідаваныя 72 арганізацыі. Сёння стала вядома пра ліквідацыю «Полацкага яўрэйскага культурнага цэнтра».