Праваабаронцы: У ліпені па «пратэсных» крымінальных артыкулах асудзілі не менш за 76 чалавек

Праваабарончы цэнтр «В*сна» на працягу ліпеня фіксаваў працяг тэндэнцыі па крымінальным пераследзе грамадзян паводле палітычных матываў. Праваабаронцам вядома як мінімум пра 76 грамадзян, асуджаных у ліпені паводле палітычных матываў. Суадносіны вядомых праваабаронцам жанчын і мужчын, асуджаных за ліпень у крымінальным парадку, складае 21% і 79% адпаведна.

1ed57d32_9949995bc3d65c50e17b0638278694ff.jpg

З агульнай колькасці асуджаных у ліпені грамадзян, звесткі пра якіх атрымалася сабраць, паводле дыфамацыйных артыкулаў, на выключэнні якіх з Крымінальнага кодэкса доўгі час настойвае праваабарончая супольнасць, асуджана 47% грамадзян. Паводле артыкулаў аб падрыхтоўцы групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўным удзеле ў іх, і масавых беспарадках асуджана 32% грамадзян. У дачыненні да двух грамадзян крымінальны пераслед за дыфамацыю быў спынены ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў прыцягнення да адказнасці.

Праваабаронцы зафіксавалі, што ў ліпені судовая сістэма ў пераважнай большасці выпадкаў працягвала ўжываць да фігурантаў «пратэсных» крымінальных спраў пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем і абмежаваннем волі. Сумарна за ліпень суды вынеслі:

162 гады і 3 месяцы зняволення ў дачыненні да 50 чалавек;

15 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія») у дачыненні да пяці чалавек;

50 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») у дачыненні да 21 чалавека;

920 базавых велічыняў штрафу на суму 29 440 рублёў у якасці дадатковага пакарання для 10 чалавек разам з пазбаўленнем і абмежаваннем волі.

Паводле прысудаў, вядомых праваабаронцам, па «пратэсных« крымінальных справах у ліпені суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 65,79% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ («хімія») суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 6,58% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») ужывалася ў 27,63% выпадкаў асуджэння грамадзян.

Такім чынам, пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі» і «хатняй хіміі» суды ўжывалі ў 100% выпадках асуджэння фігурантаў «пратэсных» спраў у ліпені.

Па стане на канец ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 1255 чалавек (паводле спісаў «Вясны»; 1547 — паводле ініцыятывы dissident.by).