60 сутак запар. Андрэя Галавырына з Наваполацку, які ў ЦІПе перанёс гіпертанічны крыз, асудзілі ў чацвёрты раз
Праваабаронцам стала вядома, што наваполацкага актывіста Андрэя Галавырына асудзілі чацвёрты раз запар. Гэтым раз на яго склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП за рэпост з «экстрэмісцкага» канала.

Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго
вінаватым і прызначыла чарговыя 15 сутак. Вядома, што папярэднія тры пратаколы
былі складзеныя проста за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы.
Нагадаем, Андрэя
затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП. Пасля гэтага над ім прайшлі
тры суды і кожны раз суддзя Балаболава арыштоўвала актывіста на 15 сутак.
Яшчэ падчас
першага арышту мужчына перанёс гіпертанічны крыз.
Перазатрымліваць і зноў садзіць на «суткі» нязгодных — адна з рэпрэсіўных практык рэжыма. Вядома шмат выпадкаў, калі па сканчэнні аднаго адміністрацыйнага тэрміну чалавека зноў судзяць па надуманых абвінавачваннях. Ці не першай пад гэта патрапіла ў 2020-м годзе «Міс Беларусі-2008» Вольга Хіжынкова. Яна правяла за кратамі 42 сутак. Пазней такую методыку рэжым паставіў на паток.