Гісторык Аляксандр Фрыдман — пра прапанову Цапкалы: ці магчымая сёння здзелка з рэжымам?

У сваёй калонцы для «Deutsche Welle» гісторык Аляксандр Фрыдман разважае пра гандаль палітвязнямі і пра тое, чым гэта падобна да досведу ГДР.

Аляксандр Фрыдман

Аляксандр Фрыдман


Па стане на канец ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі 1255 чалавек (паводле спісаў «Вясны»; 1547 — паводле ініцыятывы dissident.by). Махавік рэпрэсій працягвае працаваць, колькасць палітвязняў павялічваецца, а іх шанцы датэрмінова выйсці на волю ўяўляюцца прывіднымі: і дэмакратычны рух Беларусі, і краіны Захаду не валодаюць дзейснымі механізмамі ціску на рэжым Лукашэнкі, а саўдзел афіцыйнага Мінска ў вайне Расіі супраць Украіны і жорсткія санкцыі ЗША, Вялікабрытаніі і ЕС практычна выключаюць магчымасць канструктыўнага дыялогу паміж бакамі.
У такой бязвыхаднай сітуацыі бурныя дыскусіі выклікала ідэя апазіцыйнага палітыка Валерыя Цапкалы, які прапанаваў выкупіць у Лукашэнкі палітычных зняволеных, перш за ўсё жанчын.
Ці можа Лукашэнка ў прынцыпе пагадзіцца на такую здзелку? Абсалютна! Хоць кіраўніцтва Беларусі ніколі не прызнавала наяўнасць палітвязняў у краіне, Лукашэнка і ў ранейшыя часы ва ўзаемаадносінах з Захадам ахвотна згаджаўся на прынцып «вызваленне палітвязняў у абмен на санкцыйныя паслабленні».

Што дасць рэжыму «продаж» палітвязняў?

У цяперашняй сітуацыі, калі эканамічнае становішча пагаршаецца, санкцыі супраць Беларусі носяць беспрэцэдэнтна жорсткі характар, а сам рэжым мае вострую патрэбу ў дадатковых крыніцах фінансавання, палітычныя зняволеныя з'яўляюцца выгадным актывам, які, да таго ж, заўсёды можна папоўніць шляхам рэпрэсій.
Пэўную гнуткасць, вынаходлівасць і гатоўнасць да нетрывіяльных рашэнняў беларускія ўлады прадэманстравалі ў выпадку Польшчы, Літвы і Латвіі. Ашалелая прапагандысцкая кампанія супраць гэтых краін, якіх абвінавачваюць нават у падрыхтоўцы ваеннага ўварвання ў Беларусь, не перашкодзіла Лукашэнку ўвесці часовы бязвізавы рэжым для грамадзян Польшчы, Літвы і Латвіі, мэта якога — забяспечыць прыток дадатковых сродкаў у беларускую эканоміку.
«Продаж» шараговых удзельнікаў пратэстаў 2020 года і палітычных актывістаў таксама можа прынесці дадатковыя сродкі і пры гэтым адначасова не нанясе сур'ёзную палітычную шкоду рэжыму. А вось на «продаж» знакавых фігур 2020 года кшталту Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў, Віктара Бабарыкі ці Марыі Калеснікавай афіцыйны Мінск наўрад ці пойдзе: з імі — асабліва з Ціханоўскім — у Лукашэнкі асаблівыя рахункі.

Ці гатовы Захад заплаціць?

Хто ж павінен заплаціць Лукашэнку за палітычных зняволеных? Цапкала намякае на сродкі, якія ЕС, Вялікабрытанія і ЗША вылучаюць на падтрымку беларускага дэмакратычнага руху і, у першую чаргу, Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні. Але ці гатовы Захад заплаціць за беларускіх палітвязняў? Для афіцыйнага Мінска характэрныя жорсткасць, цынізм і прагматызм, а маральнымі прынцыпамі і абавязацельствамі ён не скаваны. Інакш ідзе справа на Захадзе. У Вашынгтоне, Лондане і Бруселі сапраўды рэгулярна асуджаюць расправу над іншадумцамі ў Беларусі і паўтараюць патрабаванне вызваліць палітвязняў.
Але пры гэтым варта падкрэсліць, што самыя сур'ёзныя санкцыі супраць Беларусі былі ўведзеныя не праз сітуацыю з правамі чалавека, а пасля пасадкі самалёта «Ryanair» з Раманам Пратасевічам на борце, інспіраванага рэжымам Лукашэнкі міграцыйнага крызісу на межах ЕC і ў кантэксце саўдзелу ў расійскай вайне супраць Украіны. Іншымі словамі: у тых выпадках, калі Лукашэнка выходзіў на міжнародную арэну і адкрыта пагражаў інтарэсам Еўропы і ЗША.
У гэтай сувязі цяжка ўявіць, што краіны Захаду з гуманітарных меркаванняў пойдуць на саступкі Лукашэнку і прафінансуюць магчымую здзелку з афіцыйным Мінскам. У канцы 2021 года ЕС на такую ўгоду не пайшоў: калі мігранты з Ірака і іншых краін спрабавалі штурмам узяць польска-беларускую мяжу, у Еўрасаюзе чуваць было галасы прыхільнікаў гуманітарнага рашэння, якія прапаноўвалі дамовіцца з Лукашэнкам і забраць людзей з мяжы. У выніку здзелка не адбылася, гуманітарныя аспекты былі вынесеныя за дужкі, а авантура беларускага рэжыму ў цэлым правалілася.

ФРГ і ГДР: у выйгрышы былі абодва бакі

Што тычыцца прапановы Валерыя Цапкалы, арыгінальным і адначасова супярэчлівым з'яўляецца заклік выкупіць жанчын, а вось сама ідэя навізной не адрозніваецца: у пасляваеннай гісторыі Еўропы хапае спрэчных прыкладаў «гандлю» людзьмі. Так камуністычная Румынія актыўна гандлявала сваімі грамадзянамі нямецкага і яўрэйскага паходжання, за эміграцыю якіх ФРГ, ЗША і Ізраіль плацілі Бухарэсту. Асаблівую ролю гандаль палітычнымі зняволенымі набыў у адносінах паміж ФРГ і ГДР.
Так Бон з 1963 па 1989 гады выкупіў ва ўсходняга Берліна 33 775 чалавек, заплаціўшы пры гэтым амаль 3,5 мільярды заходнегерманскіх марак. Пачатковы кошт у 40 000 марак за свабоду аднаго чалавека дасягнуў у канцы 1970-х амаль 96 000. Гандаль «палітычнымі» стаў для ГДР вельмі прыбытковым бізнесам, а каардынавалі яго органы дзяржбяспекі Штазі. Трэба адзначыць, што ФРГ імкнулася выключыць перадачу наяўных грошай, якія маглі б асесці ў кішэнях партыйных і дзяржаўных функцыянераў ГДР. На пачатку ў ГДР пастаўлялі рэчы і нават прадукты харчавання, а пазней — прамысловыя тавары, нафту, брыльянты і іншыя каштоўнасці. Спісы грамадзян, якія падлягалі вызваленню, агаворвалі абодва бакі.

Маральная супярэчлівасць здзелак

Гэты выпадак варта разглядаць у кантэксце адносін дзвюх нямецкіх дзяржаў у эпоху «халоднай вайны»: калі Бон атрымліваў палітычныя козыры і мог падкрэсліць сваю маральнаю перавагу і вернасць гуманітарным прынцыпам, то ўсходні Берлін здабываў дадатковыя сродкі для сваёй эканомікі. У выйгрышы засталіся ў выніку абодва бакі.
А што ж палітвязні? Продаж прынёс усходняму Берліну немалы даход і стаў для ўладаў ГДР дадатковым матывіровачным фактарам для працягу рэпрэсій. Кожны год у краіне з'яўляліся тысячы новых палітычных зняволеных. І тым не менш: у выніку здзелак паміж ФРГ і ГДР амаль 34 000 чалавек апынуліся на волі.
Прыклад ГДР дэманструе маральную супярэчлівасць здзелак з дыктатарскімі рэжымамі. Такія здзелкі, з аднаго боку, фінансуюць рэжым, стабілізуюць яго і нават падганяюць яго да працягу рэпрэсій, а з іншага боку, прыносяць свабоду канкрэтным людзям. Аналагічная дылема актуальная і для Беларусі ў 2022 годзе.