Калі ў Лукашэнкі не застанецца шанцаў?

За дастатак для 1% насельніцтва краіны плацяць астатнія 99 працэнтаў беларусаў. Эканаміст Яраслаў Раманчук разважае пра тое, чаму гэта так і калі нарэшце ў Лукашэнкі не будзе шанцаў.

dom_urada_3_fota_dzmitryeu_dzmitry_logo_2.jpg

«У што ператвараецца дзяржаўны гандаль? У кармушку для VIP-распарадчыкаў і спажыўцоў чужога (1% насельніцтва) і ў высокія цэны, абмежаваны асартымент для 99% грамадзян.

Дзяржаўная ўласнасць у гандлі — гэта савецкі абсурд, наменклатурны нонсэнс і тэарэтычны ідыятызм. Гэта калі глядзець на яе з пункту гледжання спажыўца. Гэта ў капіталізме, сістэме свабоднага рынку і выбару, спажывец — галоўны суддзя ўсіх вытворцаў тавараў / паслуг. У мадэлі Савок/Дзяржплан дзяржаўныя аптовыя базы, аптовыя кампаніі, рознічныя крамы, гандлёвыя кропкі — гэта выгадныя кармушкі для наменклатурна-сілавых фаварытаў.

Вось гандлёвы цэнтр "Сталіца". Самы цэнтр Мінска. Месца, якое, калі б яго набыла прыватная кампанія, было б асуджанае на камерцыйны поспех. Але ў руках мінскіх чыноўнікаў гэты аб'ект стаў стратным, камерцыйна бессэнсоўным і нецікавым. Усё таму, што распарадчыкі чужога пляваць хацелі на спажыўца. Ім важныя толькі іх асабістыя, шкурныя інтарэсы.


Вось хто зарабіў на гэтым рознічным чыноўніцкім бізнесе:

1) Будаўнікі, якія будавалі падземны гандлёвы цэнтр. Каштарысы, схемы, акты прыёмкі, закупкі будматэрыялаў, аб'ём будаўнічых работ – усюды ёсць адкаты. 20–30% кошту аб'екта перавандравала з кішэняў падаткаплацельшчыкаў у кішэні наменклатурна-сілавых начальнікаў мінскага і нацыянальнага ўзроўняў.

2) Банкі, якія крэдытавалі розныя работы, закупку абсталявання і ўсе для ўладкавання гандлёвых месцаў.

3) Мінскія начальнікі, якія першапачаткова размяркоўвалі гандлёвыя месцы, прызначалі зніжкі і ўмовы арэнды.

4) Кіруючая і абслугоўваючыя кампаніі гандлёвага цэнтра. Тарыфы, стаўкі, кошты — усё было прадметам наменклатурна-камерцыйнага дагаварняка.

Пра спажыўцыў і звычайных арандатараў мінскія бюракраты не думалі. Яны паводзілі сябе па прынцыпе "куды ты падзенешся — усё роўна да нас прыйдзеш".

Прадказальна,  дзяржаўны гандлёвы цэнтр "Сталіца" стаў камерцыйным фіяска. Як гэта бывае ў савецкай таталітарнай сістэме, пакаралі невінаватых, звольнілі недатычных, паставілі на фінансавыя патокі лаяльных — і ўсе разам актыўна ўнушылі Лукашэнку думку аб тым, што на гэты раз усё будзе супер-пупер. Як можа быць інакш, калі па сценах гандлёвага цэнтра развешаныя цытаты першага?

Чыноўнікі вырашылі зрабіць стаўку на тое, што яны робяць лепш за ўсё —  лізаць і славіць да нябёсаў свайго начальніка. Галоўнае, каб дзяржаўныя рэсурсы плылі ракой. Яны і плывуць. Прыносяць прыбытак і дастатак для 1% насельніцтва Беларуси. Астатнія 99% за гэты наменклатурна-сілавы баль плацяць. Калі больш за 80% беларусаў будуць цвёрда ўпэўненыя, што дзяржаве не месца не толькі ў рознічным гандлі, а і ў эканоміцы ў цэлым — тады ў Лукашэнкі не будзе шанцаў».