З'явіліся новыя дэталі затрымання Пратасевіча

Беларускія хакеры апублікавалі запісы тэлефонных размоў сілавікоў пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair».

roman_protasevich_detained_5_east2west_news.jpg


Апублікаваныя запісы тэлефонных перамоў супрацоўнікаў МУС на наступную раніцу (24 траўня 2021 года) пасля прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair» у Мінску і затрымання Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега, паведамляе reform.by.
Запіс складаецца з трох размоў.
Першая размова адбылася ў 6:47 раніцы 24 мая. У ёй удзельнічаюць старшы інспектар па асаблівых даручэннях штаба МУС Сяргей Мікалаевіч Дудчык і прадстаўнік аператыўна-дзяжурнай службы ГУБАЗіКа Віталь Леанідавіч Халецкі. Дудчык спрабуе высветліць, у каго можна атрымаць інфармацыю пра затрыманне Пратасевіча. Дзяжурны прапануе ўдакладняць у намесніка начальніка ГУБАЗіКа Міхаіла Бедункевіча, альбо звязацца з супрацоўнікам, які «непасрэдна займаўся ім» — гэта намеснік начальніка аддзела Артур Сяргеевіч Гайко.
У 6:51 адбылася другая размова. Дудчык тэлефануе Гайко і спрабуе высветліць месцазнаходжанне Пратасевіча, яго працэсуальны статус і артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія яму прад'яўляюць. Гэтая інфармацыя патрэбная міністру перад пасяджэннем Савета Бяспекі, якое павінна прайсці ў 7:30 раніцы 24 траўня. Гайко кажа, што другая група нібыта завезла Пратасевіча ў ІЧУ ГУУС, а сам Гайко застаецца ў аэрапорце. Гайко таксама называе артыкулы КК: ч.3 арт.130, ч.1 і 3 арт.293, ч.1 і 2 арт.342.
У 06:59 Гайко ператэлефаноўвае Дудчыку і ўдакладняе, што допыт Пратасевіча яшчэ працягваецца і ён не дастаўлены нікуды. Усе падрабязнасці неабходна атрымліваць непасрэдна ў кіраўніка ГУБАЗіКа Андрэя Паршына. Артыкулы КК па справе Пратасевіча можна паглядзець у АДБД.
Нагадаем, рэйс Ryanair «Афіны — Вільня» быў прымусова пасаджаны ў Мінску 23 траўня 2021 года пасля паведамлення пра нібыта закладзеную бомбу. Пасля пасадкі падчас кантролю былі затрыманыя блогер Раман Пратасевіч і ягоная сяброўка Соф'я Сапега. Сапега атрымала шэсць гадоў калоніі па абвінавачанні ў «адміністраванні тэлеграм-канала "Чорная кніга Беларусі"». Пратасевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам і супрацоўнічае з праўладным цэнтрам «Сістэмная праваабарона».
Нядаўна ICAO апублікаваў даклад аб прымусовай пасадцы ў Мінску самалёта «Ryanair». Пасля разгляду завершаных вынікаў праверкі фактаў Савет ICAO прызнаў, што пагроза выбуху бомбы ў дачыненні да рэйса FR4978 «Ryanair» была заведама ілжывай і пагражала яго бяспецы. Акрамя таго, «пагроза была даведзеная да ведама лётнага экіпажа па ўказанні вышэйшых службовых асоб урада Беларусі».