Ці будзе мець наступствы даклад ICAO?

Палітолаг Андрэй Казакевіч тлумачыць «Салідарнасці», ці патрапіць справа аб прымусовай пасадцы самалёта «Ryanair» у Беларусі ў міжнародны суд.

773x435_cmsv2_523c151a_4a9f_5965_ad47_44c4f4bc51f9_6295424.webp


Напярэдадні быў апублікаваны даклад ICAO пра вымушаную пасадку самалёта ў траўні 2021 года, з якога вынікае, што паведамленне пра бомбу на борце перадалі экіпажу «Ryanair» па ўказанні вышэйшага кіраўніцтва Беларусі.
— Мне здаецца, што нейкіх сур'ёзных наступстваў, улічваючы маштаб таго, што адбываецца апошнім часам, не будзе, — кажа Андрэй Казакевіч. — Беларускія ўлады будуць, хутчэй за ўсё, адмаўляць сваё дачыненне, гаварыць, што не прымалі такое рашэнне.
Публікацыя гэтага дакладу магла б паўплываць на спыненне вайсковых пералётаў на тэрыторыі Беларусі і праблемы з развіццём грамадзянскай авіяцыі. Але цяпер у Беларусі ўжо ёсць вялікія абмежаванні, звязаныя з вайной: я думаю, што ўсё гэта будзе ў пакеце.
У беларускіх уладаў ёсць разуменне, што ў гэтым дачыненні усё роўна нічога не змяніць, таму яны, хутчэй за ўсё, будуць проста ігнараваць любыя абмежаванні. Па першых рэакцыях мы бачым: Расія салідарная з Беларуссю і будзе прытрымлівацца гэтай пазіцыі і далей.
У мірны час гэта мог бы быць сур'ёзны кейс. Сёння ў Беларусі ўжо ёсць вялікія абмежаванні, звязаныя з вайной. Таму яны, гледзячы па ўсім, проста застануцца ў сіле.
Падстаў, каб прызнаць Беларусь краінай-тэрарыстам, не будзе, паколькі гэта быў лакальны інцыдэнт, які не прывёў да чалавечых ахвяр. Значна больш падстаў прызнаць Беларусь краінай-тэрарыстам, таму што яна прадастаўляе сваю тэрыторыю і паветраную прастору для нанясення удараў па Украіне, дзе гінуць людзі, разбураюцца будынкі, наносіцца шкода.
Казакевіч адзначае, што не варта чакаць сур'ёзных наступстваў у дачыненні да беларускіх уладаў і ад ААН, паколькі сёння там няма асаблівых механізмаў, здольных уплываць на Беларусь. Што тычыцца перадачы справы ў міжнародны суд, то тут ёсць шмат тонкасцей.
Трэба, каб быў пацярпелы бок. Хто будзе падаваць у суд? Пацярпелы чалавек, які зараз знаходзіцца ў Беларусі, наўрад ці будзе карыстацца гэтай сітуацыяй.
Таму трэба разумець, хто і куды будзе звяртацца. Нават калі з'явяцца адпаведныя юстыцыі, такі разгляд зойме гады.